Гурт J:морс ладзіць дабрачынны аўкцыён, на якім прадае унікальны дыск «Фотаздымкі 2003-2014».
Альбом «Фотаздымкі 2003-2014» гурта J:морс.
На альбом «Фотаздымкі 2003-2014» увайшлі рэдкія і нявыдадзеныя песні гурта. Кампазіцыя «Фотаздымкі», якая дала назву альбому, была запісана для альбома «Босиком по мостовой», але так і не ўвайшла ў яго. Таксама дыск падпісаны ўдзельнікамі гурта.
Акрамя песні «Фотаздымкі» на альбоме прысутнічаюць яшчэ дзве беларускамоўныя песні: «Піва», якая не выдавалася на альбомах J:Морс, а таксама невядомая версія кампазыцыі «Адліга».
Гурт выпусціў толькі адзін асобнік дыска, набыць які можна выключна праз інтэрнэт-аукцыён.
Усе грошы, атрыманыя за дыск, будуць пералічаны на лекі і дэльфінатэрапію для 5-гадовага Стаса Кірылава, які нарадзіўся са множнымі паталогіямі.
Пераможца аўкцыёна атрымае дыск асабіста ад лідара гурта J:морс Уладзіміра Пугача. Пакупнік «Фотаздымкаў» таксама будзе мець права выкласці альбом у сеціва.
Таргі на аўкцыёне будуць праходзіць да 12 чэрвеня. На момант выхаду артыкула максімальная стаўка склала 3 мільёны 525 тысячаў рублёў.