Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org сказаў былы палітвязень, прадпрымальнік і ветэран вайны ў Афганістане Мікалай Аўтуховіч, каментуючы пачатак забастовак прадпрымальнікаў у Беларусі ў сувязі ўказам Лукашэнкі №222.

— Як вы думаеце, ці прынясуць вынік пратэсты прадпрымальнікаў ва ўсёй краіне?

— Пастаўленых мэтаў нашы прадпрымальнікі не даб'юцца, улады іх не чуюць. Але плюсы ёсць — людзі пачынаюць абурацца. А то мы ўжо так дэградавалі, што нават баімся слова сказаць.

— Як бы вы параілі людзям змагацца за свае правы?

— У гэтых справах цяжка даваць парады. Кожны чалавек павінен проста заставацца чалавекам. Нават калі я зараз і скажу нейкія рэчы, бо не ўсе пачуюць, не ўсе зразумеюць… Яны ж змагаюцца толькі за сваё. Калі будзе праблема ў чужога, у суседа — яны не будуць змагацца. Вы думаеце, я не ведаю цяпер сітуацыі тут, у Ваўкавыску? Ведаю, я ж хаджу на рынкі. Тыя, хто гандлюе рэчамі — яны абураюцца, але я ведаю, што яны не будуць страйкаваць. А тыя, хто побач, іх суседзі, якія гандлююць запчасткамі і хіміяй — яны наўрад ці іх падтрымаюць. Хоць зразумела, што калі сыдзе рэчавы рынак, людзі стануць менш хадзіць за тымі ж мыйнымі і запчасткі, бо ёсць месцы, дзе можна бліжэй купіць. Яны не разумеюць, што гэта ўсё ўзаемазвязана. А нават тыя, хто разумее — яны ўсё роўна будуць маўчаць і не выйдуць.

Каму робяць балюча — тыя пішчаць, а астатнія проста за гэтым назіраюць, хіба што толькі спачуваюць. Да людзей даходзіць толькі тады, калі іх наганяе бяда, разумееце?

— Відавочна, што пры гэтай уладзе ІП заўсёды будуць на мяжы поўнага знішчэння. Можа, пара нарэшце пераходзіць у адкрытую апазіцыю?

— Мы ўжо даўно перайшлі гэтую мяжу. Мы ўжо даўно павінны былі абурацца, бо ў нас адбываецца шмат такога, чаго б за мяжой, ва ўсякай краіне Еўропы, народ проста б не пацярпеў. У нас народ трывае ўсё. Заўтра нам скажуць плаціць за паветра — будзем плаціць за паветра. Сёння нам нельга пляскаць, а заўтра нам ужо нельга будзе ўсміхацца. Людзі маўчаць, маўчаць, маўчаць… Але кожная маленькая канфліктная сітуацыя можа даць такую іскру, што пойдуць на вуліцы ўсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0