Стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза з'яўляецца толькі пачаткам інтэграцыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенкай і кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, якія ўдзельнічалі ў першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 

«Я сказаў (што насцярожыла вельмі Захад), што наперадзе нас чакае і палітычная, і ваенная інтэграцыя ў межах гэтага саюза, таму што эканоміка — аснова ўсяму, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка дзяржавы. — Калі ёсць эканоміка, калі яна яднае, аб'ядноўвае людзей, калі гэта аснова, то абавязкова мы прыйдзем да абароны гэтай эканомікі і інтарэсаў, першым чынам эканамічных. Думаю, што мы хутка прыйдзем да таго, што АДКБ стане складальнікам гэтага саюза. Гэта будзе наша ваенная арганізацыя». 

Лукашэнка звярнуў увагу на меркаванні аб тым, што знікла неабходнасць у далейшай пабудове Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Ён лічыць, што калі ў ЕАЭС будзе дасягнуты той узровень інтэграцыі, які існуе ў Саюзнай дзяржаве, стане пытанне пра далейшае існаванне СД. «Але пакуль мы да гэтага не падышлі», — заявіў ён. 

«Нас часта крытыкуюць, асабліва ў Расіі: вось, Лукашэнка чымсьці незадаволены, вытаргоўваў і гэтак далей. Ды нічога я не вытаргоўваў! Задаволены — незадаволены… Вядома, незадаволены, таму што мы дэкларавалі ўтварэнне саюза без усякіх выключэнняў і абмежаванняў. Як адна дзяржава ў эканамічным плане хоць бы. Але калі падышлі да гэтых пытанняў, аказалася, што некаторыя праблемы сталі непад'ёмнымі. Ну, і што там граху таіць, першым чынам для Расійскай Федэрацыі», — сказаў Лукашэнка. 

Ён нагадаў, што многія дамоўленасці з трохбаковага ўзроўню былі вынесены на двухбаковы. «Таму па некаторых пазіцыях мы нават адступілі ад Мытнага саюза. І мы, усе тры прэзідэнты, гэта адкрыта прызнавалі», — адзначыў беларускі кіраўнік. 

«Мы вымушаны былі адтэрмінаваць вырашэнне шматлікіх пытанняў аж да 2025 года. Я такую пазіцыю крытыкаваў. Вось у чым маю адзіную незадаволенасць. Бо мы дамовіліся, што не будзе гэтых выключэнняў і абмежаванняў, і раптам яны з'яўляюцца, і істотныя. Гэта страта прывабнасці, але мы цвёрда вырашылі, што да 2025 года (гэта не значыць у 2025-м, а як мага раней) мы вырашым гэтыя праблемы», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?