Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, спецаперацыю правялі пры ўдзеле байцоў САХРа.
Наркалабараторыю трымаў 24-гадовы бабруйчанін на здымнай кватэры. У адным з пакояў знаходзіліся завадское хімічнае лабараторнае абсталяванне і спецпрылады для вырабу амфетаміну. Там захоўвалася больш за 25 кг розных рэактываў, рэагентаў і прыкурсараў. Затрыманы меркаваў ужо за тыдзень вырабіць з іх 3 кг наркотыку. Таксама ён захоўваў 20 грамаў ужо гатовага амфетаміну.
Устаноўлена, што хлопец рэгулярна здымаў кватэры на непрацяглы тэрмін у Мінску і Бабруйску пад наркалабараторыі. Пад выглядам прадпрымальніка закупаў усе рэчывы ў Расіі, а гатовы наркотык прадаваў сярод знаёмых і праз сайты. Грошы атрымліваў на электронныя кашалькі, а «тавар» пакідаў у схованках.
Заведзена крымінальная справа. Хлопцу пагражае да 13 гадоў калоніі.