Вольга Іпатава

У мінскім выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга апавяданняў аб падарожжах пісьменніцы Вольгі Іпатавай «Свабода да апошняга дыхання».

У 182‑старонкавае літаратурна‑мастацкае выданне, ілюстраванае 52 каляровымі фатаграфіямі, уключана 39 апавяданняў. Многія з іх створаныя ў выніку паездак В.Іпатавай па Беларусі ў 2005—2006 гадах, калі пісьменніца наведала дзесяткі славутых мясцін — магіл і помнікаў у гонар вядомых дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, якія прысвяцілі сваё жыццё і творчасць барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі. Сярод іх — Тамаш Ваўжэцкі і Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін‑Марцінкевіч і Цётка, Уладзіслаў Сыракомля і Паўлюк Багрым, Ігнат Буйніцкі і Язэп Драздовіч, Ларыса Геніюш і Алесь Адамовіч.

Некалькі апавяданняў прысвечаныя Вінцэнту Жук‑Грышкевічу, Міколу Ганько, Аляксею Грыцуку, Янку Сурвілу і Васілю Мельяновічу, пахаваным у ЗША, Германіі і Канадзе. Асобны раздзел склалі ўспаміны пра беларусаў Вільні — Зоську Верас, Ядвігіна Ш., Антона Шантыру, Антона, Івана і Лявона Луцкевічаў, Францішка Аляхновіча. Пра іх В.Іпатава неаднаразова расказвала ў перадачах Гродзенскай студыі тэлебачання, дзе яна працавала рэдактарам у 1970—1973 гадах.

Некаторыя апавяданні з кнігі раней публікаваліся ў газетах «Наша слова», «Новы час» і «Краязнаўчая газета».

У прадмове да выдання аўтар зазначае, што «па меры таго, як апошнія 12 гадоў усё звужалася ступень свабоды і грамадскай ініцыятывы ў беларускім грамадстве, па меры таго, як узнімала галаву ідэалогія сталінізму, якая знішчала мільёны людзей і памяць аб нашай сапраўднай гісторыі, у маёй душы ўзрастала жыданне і неабходнасць далучыцца да памяці вялікіх людзей Беларусі, пабываць на іх магілах, сабраць звесткі пра іх і, вобразна кажучы, пракласці маршруты для тых, у кім жывая душа і памяць». «Бо кожны, пра каго апавядаецца ў гэтай кнізе, варты ўспамінаў. Таму што ён жыў са свабоднай душой і жыў Свабодай — да апошняга дыхання», — дадае В.Іпатава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?