Прэм'ер-міністр Балгарыі Пламен Арэшарскі распарадзіўся прыпыніць працы па праекце «Паўднёвы паток». Пра гэта паведамляе ІТАР-ТАСС. Адпаведную заяву Арэшарскі зрабіў пасля сустрэчы з амерыканскімі сенатарамі.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, падставай для прыпынення паслужылі прэтэнзіі з боку Еўракамісіі. «Пасля дадатковых кансультацый з Бруселем будзе вызначаны ход далейшай працы», - сказаў Арэшарскі.
17 красавіка 2014 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю рэкамендацыйнага характару, у якой заклікаў еўрапейскія краіны адмовіцца ад будаўніцтва газаправода.
Акрамя Балгарыі ў праекце «Паўднёвы паток» удзельнічаюць Аўстрыя, Венгрыя, Грэцыя, Сербія, Славенія і Харватыя.
Першыя пастаўкі газу па газаправодзе запланаваны на канец 2015 года. Праектная магутнасць «Паўднёвага патоку» павінна скласці 63 мільярды кубаметраў.