На сённяшні дзень канцэрн «Белдзяржхарчпрам» падпісаў 22 пагадненні аб імпарце піва з пастаўшчыкамі і ніводнага — кандытарскіх вырабаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

1 чэрвеня пастановай Савета міністраў № 469 «Аб ліцэнзаванні імпарту асобных відаў макаронных вырабаў, а таксама кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза» ўведзена абавязковае ліцэнзаванне гэтай прадукцыі Мінгандлем пасля падпісання пагадненняў аб мінімальных цэнах з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам».

Акрамя таго, 1 мая Беларусь увяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Імпарт піва ажыццяўляецца зараз па разавых ліцэнзіях, выдаваць якія упаўнаважана Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам». Падставай для выдачы ліцэнзіі з'яўляецца падпісанне імпарцёрам дакумента з беларускім бокам аб мінімальных цэнах на піва, па якіх ячменны напой будзе прадавацца ў Беларусі.

Адносна імпарту кандытарскіх вырабаў прэс-сакратар «Белдзяржхарчпрама» Алена Кравец удакладніла, што «заяўкі на атрыманне ліцэнзій і падпісанне пагадненняў па імпарце кандытарскіх вырабаў паступаюць, але іх ўзгадненне і афармленне патрабуе даволі доўгага часу».

«Па імпарце піва падпісана 22 пагадненні, Мінгандлю павінна было выдаць не меншую колькасць ліцэнзій», — распавяла Кравец.

Украінскі бок лічыць ліцэнзаванне на дадзеную прадукцыю «дыскрымінацыйнымі і недружалюбнымі дзеяннямі з боку Беларусі». У прыватнасці, асацыяцыя ўкраінскіх кандытараў «Укркандпрам» заклікала ўрад Украіны прыняць адэкватныя меры ў адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?