Больш за 10 гадоў Беларусь узгадняе з Расеяй сумесны балянс асноўных энэргарэсурсаў. За гэты час наша краіна фактычна ня зьменшыла сваёй залежнасьці ад усходняй суседкі.

Сумесны балянс асноўных энэргарэсурсаў на 2008 г. быў распрацаваны на ўзроўні працоўных групаў Міністэрства эканомікі Беларусі і Мінпрамэнэрга Расеі. Як адзначае газэта «Белорусы и рынок», Расея паабяцала паставіць у наступным годзе ў Беларусь столькі газу, нафты, вугалю і электраэнэргіі, колькі папросіць Менск. Ня вырашаным пакуль застаецца пытаньне цаны энэргарэсурсаў. Канчаткова балянс будзе зацьверджаны на прэм’ер‑міністраў у сьнежні бягучага году.

Варта адзначыць, што ў пэўных момантах расейскі бок пайшоў на невялікія саступкі беларускаму. Так, паводле папярэдняй дамоўленасьці аб’ёмы паставак расейскага газу вырастуць на 400 млн. куб.м. (на 1,9%) і складуць 21 млрд.куб.м. Не зьмяніўся зь мінулага году і аб’ём паставак нафты. Беларускі ўрад здолеў дамагчыся свайго ў прынцыповым пытаньні наконт шляхоў паступленьня сыравіны: у наступным годзе аб’ём нафты, што паставяць трубаправодным шляхам, павялічыцца да 18 млн т. Пастаўкі нафты па чыгунцы патрабуюць большых выдаткаў, дзеля чаго ў сёлета ў жніўні беларускі ўрад быў вымушаны ўвесьці падвышаную дзяржаўную субсыдыю для пастаўшчыкоў нафты ў 130% ад памеру расейскага мыта.

Неістотна зьменшыліся аб’ёмы паставак каменнага вугалю. У 2008 г. Расея паставіць у нашу краіну 140 тыс.т вугалю, што на 20 тыс. т менш, чым летась. Гэта адзіны выпадак, калі на практыцы, няхай і ў такіх нязначных памерах, беларускі бок пайшоў на скарачэньне імпарту паліва на карысьць мясцовых рэсурсаў.

Залежнасьць ад расейскай электраэнэргіі ў наступным годзе толькі павялічыцца. Усяго плянуецца набыць 7 млрд. кВт/г, зь якіх на Расею прыпадае 5 млрд. кВт/г. Рэшту паставіць Украіна, якая ўлетку бягучага году прыпыніла пастаўкі, паабяцаўшы іх аднавіць пры ўмове падвышэньня кошту электраэнэргіі.

Тым часам нельга сказаць, што беларускі ўрад не шукае іншых крыніцаў паставак энэргарэсурсаў. Канцэпцыя энэргетычнай бясьпекі прадугледжвае наладжваньне паставак нафты з альтэрнатыўных крыніцаў праз тры гады ў аб’ёме 20% ад патрэбы. Зь вясны вядзецца пра гатовасьць беларускага боку пачынаючы з наступнага году завозіць празь Літву нафту з Вэнэсуэлы ды Ірану ў аб’ёме да 7 млн тонаў нафты штогод. Аднак гэтыя пляны пакуль застаюцца толькі дэклярацыямі. Пакуль расейскія нафтаздабываючыя кампаніі маюць інтарэс да Беларусі, айчынныя профільныя чыноўнікі не хвалююцца з нагоды аднабаковага выхаду Расеі з дамовы аб правядзеньні ўзгодненай палітыкі ў галіне транзыту нафты і нафтапрадуктаў па магістральных трубаправодах СНД.

Сямён Печанко, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0