Чатырохдзённы саміт, прысвечаны сэксуальнаму гвалту ў ходзе ваенных канфліктаў, адкрыўся ў Лондане. Арганізатарамі гэтага беспрэцэдэнтнага па маштабах форуму выступілі кіраўнік брытанскага МЗС Уільям Хейг і актрыса Анджаліна Джолі, якая з'яўляецца паслом добрай волі ААН.

Канферэнцыя стала завяршэннем кампаніі, што доўжылася два гады, мэтай якой было прыцягнуць увагу да гэтай праблемы.

Хейг заклікаў прадстаўнікоў 140 краін, якія прымаюць удзел у форуме, увесці меры супраць сексуальнага гвалту ўжо на этапе армейскай падрыхтоўкі. Ён назваў згвалтаванне адным з «жудасных масавых злачынстваў» сучаснасці.

Лонданскі саміт — найбуйнейшая ў свеце канферэнцыя на тэму сэксуальнага гвалту ў зонах канфлікту.

У працы форуму ўдзельнічаюць прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, ваенных ведамстваў, праваахоўных органаў і няўрадавых арганізацый з усяго свету.

Арганізатары саміту спадзяюцца, што сусветная супольнасць ўсведамляе, што сэксуальны гвалт не павінен рабіцца непазбежнай часткай узброеных канфліктаў.

З таго часу, як Уільям Хейг і Анджаліна Джолі запусцілі сваю кампанію два гады таму, прадстаўнікі 141 краіны падпісалі дэкларацыю аб абавязацельстве пакончыць з сэксуальным гвалтам у ходзе канфліктаў.

Аднак галоўная мэта цяпер — зрабіць канкрэтныя крокі для вырашэння гэтай праблемы. Сярод іх — паляпшэнне сістэмы дакументацыі сэксуальнага гвалту і аказанне больш эфектыўнай дапамогі пацярпелым ад яго.

Як паведаміў Уільям Хейг, у працы саміту бяруць удзел прадстаўнікі Босніі, Дэмакратычнай рэспублікі Конга і Самалі — краін, якія сутыкнуліся з сэксуальным гвалтам у «вялізным маштабе».

Раней ён заяўляў, што прыйшоў час назаўсёды прыбраць сэксуальны гвалт з «сусветнага арсеналу жорсткасці».

Паводле яго слоў, гэтая тэма часта ігнаруецца ў канцы войнаў. Напрыклад, у ходзе канфлікту ў Босніі ў 1990-х гадах каля 50 тысяч жанчын падвергліся гвалту, аднак практычна ніхто з іх не змог дамагчыся справядлівай кары.

«На гэтым тыдні мы пастараемся распрацаваць міжнародны пратакол, які акрэслівае стандарты для дакументавання і расследавання гэтых злачынстваў, каб людзі ведалі, што ў шматлікіх выпадках справядлівасць пераможа і што такія злачынствы не могуць здзяйсняцца беспакарана», — кажа Хейг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?