Сёньня Пуцін выразна даў зразумець, што не зьбіраецца выпускаць лейцы пасьля сканчэньня свайго другога тэрміну. Само па сабе гэта ня дзіва. Цікавыя дэталі.

Reuters

Фактычна ён ператварае думскія выбары ў рэфэрэндум аб даверы сваёй пэрсоне. Так і сказаў, прамаўляючы перад краснаярскай працоўнай клясай: "Вось калі людзі прагаласуюць за "Адзіную Расею", сьпіс якой я ўзначальваю, гэта азначае, што яны мне давяраюць".

Са слоў расейскага прэзыдэнта, гэта дасць яму "маральнае права" запытаць потым з усіх, хто будзе працаваць у Думе і ва ўрадзе. Захоўваючы інтрыгу, ён ня стаў тлумачыць, у якім менавіта амплюа будзе "запытваць". Зрэшты, гэта ўжо справа тэхнікі.

Адметна, што беларускія дзяржаўныя мэдыі зьедліва камэнтуюць намеры Пуціна падоўжыць знаходжаньне ва ўладзе. Хаця, здавалася б, наадварот, вось вам прыклад перайманьня беларускага досьведу, аргумэнт на карысьць Аляксандра Лукашэнкі!

Аднак тут, мусіць, пераважвае непрыемнае прадчуваньне, што і надалей трэ' будзе мець справу з тым самым "немцам у Крамлі", які нават пры сустрэчах тэт-а-тэт зь беларускім калегам, здаецца, ва ўпор яго ня бачыць...

І для беларускай грамады нічога добрага у такой пэрспэктыве няма. Цывілізаваная ратацыя расейскай ўлады была б добрым маральным, піяраўскім чыньнікам. Але ж ня той трэнд у палітычным жыцьці ўсходняй суседкі...

І наадварот: паколькі расейскі адкат да аўтарытарызму, фактычна да завуаляванай манархіі выклікае крытыку з боку Захаду, то ў Крамля болей спакусы ўцягнуць у свае вайскова-стратэгічныя гульні Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?