Нядаўна ў Мінску адбыўся ІV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум.

З таго, што дайшло з гэтага форуму да слыху грамадскасці, можна зрабіць несуцяшальную выснову: Еўропа коціцца ў тартарары…

Асабліва хвалююцца з гэтай нагоды іерархі РПЦ і Аляксандр Лукашэнка.

Ды і як не хвалявацца, калі, як лічыць мітрапаліт Іларыён, пануючай ідэалогіяй у Еўропе робяцца атэізм і «такая форма плюралізму, якая прадугледжвае, што рэлігіі няма месца ў грамадскай прасторы, што яна можа існаваць на прыватным узроўні асобных індывідуумаў».

У Аляксандра Рыгоравіча свае хваляванні: «У шмат якіх краінах Захаду культ спажывальніцтва і пагоня за ўцехамі робяцца рэальнымі пагрозамі духоўнага выраджэння людзей і заняпадніцкай трансфармацыі дзяржаў».

Моцна! Асабліва на тле раскошы, да якой імкнецца вышэйшае чынавенства, і ў параўнанні з адсутнасцю любой, нават заняпадніцкай, трансфармацыі беларускай дзяржавы…

Між тым, мала хто ведае, што смуродная хваля спажывальніцтва накрыла Еўропу з нашага дабраславеннага Усходу. Я нават ведаю адно з тых месцаў, адкуль яна ўзнялася.

Гэтае месца, як яно і мае быць, месціцца бліжэй да Бога, на гары, дзе з 1960-х гадоў стаіць нетыповы па тых часах, а па сённяшніх — зусім звычайны мінскі дом. Ажно ад філармоніі можна пабачыць, што гэта «Дом православной книги».

 «Што, у гэтым доме жывуць адны праваслаўныя?» — спытаўся ў мяне сталы чалавек, прыезджы па выглядзе, што грэўся побач на веснавым сонейку. «Ды не, гэта рэклама крамы, што гандлюе рэлігійнай літаратурай, адно што займае ледзь не ўсе 11 паверхаў». — «А «Бобруйск-Мебель» на даху — таксама рэклама?» — працягваў цікавіцца прыезджы. «Так, крамы, што ў доме побач. Яго адсюль не бачна…»

Такое вось спалучэнне духоўнасці і культу спажывальніцтва.

Культу, які і распачаўся ад сярэдзіны 1960-х, атрымаўшы прыкрую па-савецку назву «вещизм». Гэта калі людзі літаральна начавалі ў вялікіх пад’ездах будучага апірышча духоўнасці, каб зранку запісацца ў чаргу на канапу ці крэсла. Што праўда, тады апірышча не было. Было гняздо распусты, то бок кафэ. Вось адкуль, як я разумею, рынулася ў Еўропу хвалюючая Аляксандра Рыгоравіча «маральная дэградацыя грамадства, адмова ад хрысціянскіх прынцыпаў маралі, разбурэнне сямейных асноў» Мацаваць тыя прынцыпы і асновы ўзялася тады адна з жыхарак, жонка генерала: пачала збіраць подпісы, каб замест кафэ запрацаваў… ваенкамат.

Я думаю сёння, узгадваючы тыя часы бязмежнага «спажывальніцтва» і ваяўнічага атэізму: адкуль у іерархаў РПЦ такі клопат пра плюралізм еўрапейцаў, а ў кіраўніка дзяржавы — пра іх духоўнасць і «заняпалую трансфармацыю» еўрапейскіх дзяржаў?

Ці не хаваецца за гэтым клопатам чарговая спроба зацвердзіць у грамадскай свядомасці царкву ў якасці галоўнага дзяржаўнага ідэолага? Сказана ж аднойчы: «Мы ніколі не адасаблялі сябе ад царквы, дзяржава ж і царква вырашаюць адну і тую ж задачу».

Хто «мы»? Каго «сябе»? Якую «задачу»? Мо барацьбы са спажывальніцтвам і пагоняй за ўцехамі?

Рэдкі палітык устрымаецца ад спакусы застацца ў гісторыі ў абдымку з Богам, выкарыстаць такі моцны сацыяльны інстытут, як царква. Добра яшчэ, калі для вырашэння надзённых людскіх праблем. Часцей — для заваявання і ўтрымання ўлады. Але ў дэмакратычных краінах такія памкненні абмяжоўваюцца законамі, адкрытым грамадскім ганьбаваннем ды і самой царквой, якая цураецца прамой падтрымкі палітыкаў, але не ўхіляецца ад маральнай ацэнкі іх рашэнняў, дзеянняў і паводзін. І не дазваляе выкарыстоўваць сябе ў палітычных мэтах, калі яны не руйнуюць грамадскую мараль. Хаця б таму, што не за ўсе яшчэ гістарычныя парушэнні выбачылася…

У нас выбачацца не заведзена. У нас заведзена асвячаць.

А каб працэс асвячэння праходзіў без перашкод, «цар», умоўна кажучы, вельмі хоча быць «бацюшкам», а «бацюшка» не знаходзіць у сабе моцы выцурацца прэтэнзіяў на «царскі» ўдзел у дзяржаўных справах і палітыцы. Нас намагаюцца запэўніць, што такім чынам дасягаецца адзінства нацыі і грамадства — на веры ў Бога і ў «цара-бацюшку», нібыта добра-такі падарванай гістарычнымі анамаліямі. Але анамаліі скончыліся, і знойдзена, нарэшце, формула для яднання. Усе ведаюць гэтую няхітрую формулу, што аднойчы саскочыла з языка: праваслаўны атэізм…

Але не «цар» і не «бацюшка» вырашаюць, якое месца ў жыцці чалавека займае рэлігія, а сам чалавек, што добраахвотна аддае сябе ва ўлонне веры.

Ідэалогій шмат, а вера, якую абірае чалавек, адна.

Сказана ж: «Кесарава — кесару, а божае — Богу». І кропка.

Нагадаю толькі, што па адказ на хвалюючае іх пытанне да Ісуса прыйшлі фарысеі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?