На думку вядомага амэрыканскага палітоляга, у будучыні Расея ня зможа цалкам ігнараваць пытаньне тэрытарыяльных рознагалосьсяў з Кітаем.

Зьбігнеў Бжэзінскі, былы дарадца па нацыянальнай бясьпекі прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра, мяркуе, што ў выніку пагадненьня пра экспарт газу ў Кітай Пэкін выйграў больш, чым Масква:

«Адносіны Расеі з Эўразьвязам ужо знаходзяцца ў тупіку і, мабыць, будуць пагаршацца, — кажа Бжэзінскі. — Так што асноўная цікавасьць тут — з боку Расеі. Кітай таксама зацікаўлены ў падтрымцы Расеі, якая забясьпечвае пэўную ступень стабільнасьці. Але што, калі ў наступныя гады ў сфэры энэргетыкі зьявяцца новыя магчымасьці — да прыкладу, з боку Ірана? Або новыя магчымасьці набыцьця энэргатавараў у Саудаўскай Арабіі? У Кітая ўжо ёсьць пагадненьне з Туркмэністанам, якое той відавочна хоча захаваць, і яно можа быць пашырана. У мяне складваецца ўражаньне — нягледзячы на тое, што гэта пагадненьне зьяўляецца ўзаемна выгадным, са стратэгічнага пункту гледжаньня яно больш выгоднае для Кітая, чым для Расеі. Кітай пакідае за сабой варыянты, якія не зьяўляюцца адкрытымі ў той жа ступені для Расеі. Я ня ведаю, якая была цана гэтага пагадненьня, але з размоў з прадстаўнікамі краін Цэнтральнай Азіі ў мяне склалася ўражаньне, што расейцам прыйшлося пайсьці на сур’ёзныя саступкі».

Бжэзінскі лічыць адносіны Кітая і Расеі асымэтрычнымі па шэрагу прычын:

«Прэзыдэнт Абама нядаўна спрабаваў зьвесьці Расею ў разрад рэгіянальных дзяржаў. Аднак я мушу прызнаць, што ва ўсім, што тычыцца ядзернай зброі, Расея зьяўляецца глябальнай дзяржавай, якая практычна нам роўная. Кітай у гэтым пляне не зьяўляецца роўным ні нам, ні Расеі. Кітайцы наогул прытрымліваюцца пазыцыі мінімальнага ядзернага стрымліваньня — нават мінімальны ўдар будзе дастатковым для таго, каб прывесьці да пажаданых для іх палітычных наступстваў.

Пры гэтым Кітай — дзяржава, якая расьце эканамічна, а Расея такой не зьяўляецца. Расея — краіна на спадзе, у лепшым выпадку — рэгіянальная эканамічная дзяржава, і гэтая праблема становіцца для расейцаў усё больш сур’ёзнай. І ня выключана, што ўкраінская «прыгода» прывядзе ў выніку да самых цяжкіх геапалітычных тэрытарыяльных наступстваў за ўсю гісторыю расейскай імпэрыі. У цэлым разьвіцьцё ішло ў станоўчы бок — зь некаторымі адкатамі назад, але гэтыя адкаты ніколі не былі вырашальнымі. Крымская вайна ў 1850-х гадах была такім адыходам, вайна з японцамі была адкатам з наступствамі для Далёкага Ўсходу. Пройгрыш у 1940-х мог бы стаць адкатам — але Расея перамагла. Аднак магчымасьць страціць Украіну можа стаць сур’ёзнай тэрытарыяльнай паразай для Расеі. Гэта будзе азначаць страту больш за 40 мільёнаў чалавек. У прынцыпе ўкраінцы не трымалі зла супраць Расеі — але анэксія Крыма стварае пачуцьцё інтэнсіўнай варожасьці ў дачыненьні да Расеі».

Бжэзінскі лічыць, што суперніцтва за сфэру ўплыву ў Цэнтральнай Азіі зьяўляецца стратэгічным як для Кітая, так і для Расеі:

«Расея рухаецца ў нэгатыўным кірунку, паказчыкі разьвіцьця — негатыўныя. Насельніцтва скарачаецца. Таленты пакідаюць краіну. Кожны пасьпяховы прадстаўнік сярэдняй клясы спрабуе перавесьці грошы ў іншае месца. Няма сумневу, што гэта адбываецца і ў Кітаі, і што мільярдэры паспрабуюць вывезьці вялікую частку свайго капіталу, але ўвогуле і цэлым там няма нічога падобнага на тое, што адбываецца ў Расеі».

Бжэзінскі таксама мяркуе, што галасаваньне ў ААН па крызісу ва Ўкраіне было паказчыкам складанасьці адносін Расеі і Кітаю:

«Кітай устрымаўся — ён не падтрымаў Расею, не паспрабаваў заблякаваць рэзалюцыю, а гэта азначае, што Расея не займае галоўную пазыцыю ў прыярытэтах Кітая — ён больш лічыцца з ЗША».

У будучыні, падсумаваў палітоляг, калі Расея вырашыць варагаваць з ЗША, Кітай ёй будзе неабходны — але тады ёй давядзецца адмовіцца ад уплыву на Далёкім Усходзе і стаць па сутнасьці васалам Кітая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?