Павал Севярынец крытыкуе камэнтар Рэдакцыі «Нашай Нівы» да Антыкамуністычнага форуму «З галавою ў мінулым» . Яму адказвае Андрэй Дынько.

“Наша Ніва” абараняе камунізм.

Ніколі б не падумаў, што ад няўдалага пэрформансу аднаго з удзельнікаў Антыкамуністычнага форуму ў гадавіну бальшавіцкага перавароту першую беларускую газэту так разьвязе.

Калі пасярод сходу я выйшаў з залі на Ўправе й убачыў стаптаную дарожку “Таварыша”, адразу падумаў: а вось гэта нехта зрабіў дарма. Падабраўшы газэты й падлогі, патлумачыў відавочцам сваё стаўленьне і да “Таварыша” (ён мне насамрэч не падабаецца) , і да імпрэзы (тое, што газэта мне не падабаецца – не падстава, каб таптаць незалежную прэсу). Чалавек хацеў пацэліць у камуністаў, а трапіў у журналістаў. Крыўдна, вядома.

Але вось, праз тыдзень у маёй любімай газэце: “Ці камунізм гэта антыгуманная ідэалёгія?”

Шок і дрыжыкі, як той казаў.

“Паднялі хай, што боты выцерлі аб камуністычную газэту? — перапытаў Эрнэст Сабіла, — ды аб мяне камуністы 13 гадоў боты ў лягеры выціралі!”

Аб Беларусь таварышы камуністы (нагадаю тым, хто забыў або лічыць пытаньне неактуальным) выціралі боты 70 гадоў. Дарэчы, (слухайце Касьцяна, чытайце Рубінава, глядзіце Зюганава), выціраюць і дагэтуль.

“Падобныя форумы (антыкамуністычныя – ПС) ня маюць навуковай маральнай і палітычнай вартасьці сёньня” – піша Рэдакцыя. Дзіўнавата чытаць гэты ў рэдакцыйнай перадавіцы. Навошта ж тады паліць з усіх ствалоў па “прывідах” мінулага?

“Ідэя пакаяньня камуністаў анахранічная” – сьцьвярджае “Наша Ніва”. Позна каяцца хіба што па сьмерці. Ці памёр камунізм? Не.

Вуліцы Карла Маркса й помнікі Леніна на месцы. Майкі Чэ Гевары на жыватах. Гімны БССР ды СССР увушшу. Зрэшты, дастаткова зірнуць нат на форум nn.by, каб пераканацца: усё вельмі надзённа.

Сам Сяргей Калякін у сьвежым нумары “Таварыша” піша: “Идеалы Октября еще предстоит претворить в жизнь”. Памятлівага беларуса такі лёзунг прабірае да касьцей.

Чым камунізм па вялікім рахунку, розьніецца ад нацызму? Тым, што нацысты зьнішчалі чужых, а камуністы – сваіх? Тым, што дагэтуль ня высьветлена, хто зьнішчыў больш?

Параіў бы калегам-нашаніўцам выхоўваць нецярпімасьць да зла на рэчах менш спрэчных, чым той жа “Таварыш”.

Як хрысьціяне мы мусім умець аддзяляць грэх ад грэшніка. Веру ў тое, што нават самы фанатычны камуніст, шчыра пакаяўшыся перад Богам, атрымае дараваньне. Але сам камунізм – прычым не адно як практыка, але і як бязбожная, агрэсіўная, клясавая, разбуральная ідэалёгія – зло, якое ня мае апраўданьня. Сёньняшняя “дзяржаўная ідэалёгія” у параўнаньні з камунізмам – суцэльная, прабачце, дэклярацыя правоў чалавека.

Пра што спрачаемся, беларусы?

Чытайма прапановы Антыкамуністычнага форуму!

«Праграма дзеяньняў па выкараненьні наступстваў панаваньня камуністычнага рэжыму ў Беларусі

1. Дамагацца ад дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прызнаньня дзеяньняў камуністычнага рэжыму ў 1919–1956 гг. генацыдам беларускай нацыі і публічнага асуджэньня камуністычнай ідэалёгіі як тэарэтычнага падмурку гэтых злачынстваў.

2. Патрабаваць заканадаўчай забароны прапаганды камунізму ў Беларусі, нароўні з фашызмам і нацыянал-сацыялізмам.

3. Зьвярнуцца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем забароны дзейнасьці палітычных партыяў і арганізацыяў, якія стаяць на грунце злачыннай камуністычнай ідэалёгіі.

4. Патрабаваць рэгулярнага адзначэньня на дзяржаўным узроўні Нацыянальнага дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка і ўвядзеньня яго ў афіцыйны дзяржаўны каляндар сьвяточных і памятных дзён.

5. Патрабаваць ад Міністэрства адукацыі перагляду вучэбных праграмаў гуманітарных дысцыплінаў, якія выкладаюцца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі, з тым, каб яны ўтрымлівалі безумоўнае асуджэньне злачынстваў камуністычнага рэжыму і недапушчэньня прапаганды камунізму.

6. Стала інфармаваць беларускае грамадзтва пра камуністычныя рэпрэсіі праз стварэньне і распаўсюд адпаведнай друкаванай і відэа- прадукцыі.

7. Стварыць базы дадзеных па камуністычных рэпрэсіях супраць беларускага народу – асобаў ахвяраў, асобаў катаў, месцаў і датаў расстрэлаў і катаваньняў. Распачаць працу па напісаньні “Чорнай кнігі камунізму ў Беларусі”.

8. Арганізоўваць зборы подпісаў і ініцыяваць мясцовыя рэфэрэндумы па пытаньнях перайменаваньня вуліцаў і ўстановаў, названых імёнамі арганізатараў і выканаўцаў масавых рэпрэсіяў, а таксама зьвязаных з прапагандай камуністычнай ідэялёгіі, і дэмантажу помнікаў тэарэтыкам і практыкам камунізму.

9. Дамагацца ўсталяваньня помнікаў і памятных знакаў на месцах расстрэлаў і катаваньняў, усталяваньня помнікаў і мэмарыяльных дошак, а таксама пераназваньня вуліцаў у гонар знаных барацьбітоў супраць камуністычнага рэжыму ў Беларусі.

10. Стварыць фонд падтрымкі ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі дзеля дапамогі тым зь іх, каму такая дапамога патрэбная.

11. Далучыцца да працы Міжнароднага трыбуналу над камунізмам».

Ці ёсьць яшчэ пытаньні, таварышы?

Павал Севярынец

* * *

КАМЭНТАР АНДРЭЯ ДЫНЬКА

Разумеем і паважаем маральныя імпэратывы, якімі кіруецца тут Павал Севярынец (і арганізатары Антыкамуністычнага форуму). Аднак застаемся пры сваіх перакананьнях, сфармуляваных у камэнтары Рэдакцыі “З галавою ў мінулым”. Думаем, што і Павал зьменіць свае бачаньні.

У такой форме, у якой ён прайшоў, гэта ня быў Антытаталітарны форум, ані Антыкамуністычны форум, гэта быў антыПКБоўскі форум. І цяжка ўявіць нешта больш бессэнсоўнае з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў.

Партыя камуністаў Малдовы, прыйшоўшы да ўлады, не пераназвала праспэкт Штэфана Вялікага ў праспэкт Леніна, не зрабіла 7 лістапада сьвяточным днём ані стала зачыняць малдаўскія школы. Яна падтрымлівае прыватную ўласнасьць і паважае веру ў Бога. Бо мае іншае разуменьне марксізму і нацыянальных інтарэсаў Малдовы. Ня ўсё камуністычнае ёсьць таталітарным і ня ўсё таталітарнае ёсьць камуністычным. Ставіць у адзін шэраг Касьцяна і Калякіна ёсьць дагматызмам.

Нашы з Вамі, Павал, ацэнкі марксізму і камунізму разыходзяцца — гэта вялікая і складаная тэма для асобнае гаворкі, у якой цяжка нам з Вамі было б дасягнуць згоды, а гісторыкам — навуковае праўды. Таксама і значэньне марксізму і камунізму для Беларусі — зусім ня тое, што для Польшчы ці Расеі. І вызначыць яго —цяжкі навуковы выклік.

Аднак ёсьць тое, што лучыць газэту, якая ўпершыню зьмясьціла гутарку з Эрнэстам Сабілам яшчэ ў 1996 годзе, з Вамі, Павал, — ацэнка сталінізму; гэта таксама аб’ядноўвае нас з ідэолягамі ПКБ (пакіньце ўбаку ўзбочныя элемэнты ў гэтай партыі; у кожным палітычным асяродку нямала ўзбочных адзінак). Нагадаю Вам, што, дзякуючы сакратарцы Партыі камуністаў Алене Скрыган, у Капыльскім раёне паўстаў адзін зь нешматлікіх у Беларусі помнікаў ахвярам сталінізму. І што адзін сакратар былое кампартыі ўзначальвае арганізацыю ТБМ, а другі закладаў асновы дыпляматыі РБ.

Сталін абапіраўся на палітычныя практыкі і духоўныя традыцыі Івана Жахлівага і Пятра Першага. Сталінізм узьнік у выніку пералюбу таталітарнай утопіі і расейскага абсалютызму.

ПКБ ня ёсьць носьбітам ані першага, ані другога.

У Беларусі няма палітычнае сілы, якая была б носьбітам таталітарнага мэсіянізму. Ёсьць успаможаныя Расеяй “імпэрцы”, але ў цэлым беларусы асэнсавалі сябе як асобную нацыю сярэдняга памеру і таму без глябальных амбіцый. Затое пануе абсалютызм, сьпісаны чыста з узораў Расейскай імпэрыі. Больш за тое, гэты абсалютызм у сілу шэрагу суб’ектыўных, а, магчыма, і аб’ектыўных прычынаў імкнецца сьцерці беларускую культуру, што стварае абсалютную пагрозу існаваньню беларускай нацыі.

Спрэчкі вакол сутнасьці ПКБ маюць маргінальнае значэньне ўжо таму, што гэтая партыя не была, ня ёсьць і, відаць, ня будзе вызначальнай у палітычнай супольнасьці (і ўжо таму змаганьне з ПКБ палітычна бессэнсоўнае), ня будзе да тае пары, пакуль не перародзіцца ў сучасную левую сілу, а гэта можа здарыцца зусім ня хутка або зусім ня здарыцца — як ня выключаная трансфармацыя яе ў партыю алігархічных колаў, якая адлюстроўвае інтарэсы буйнога капіталу, што здарылася з камуністамі ў многіх эўрапейскіх краінах. Зрэшты, усё гэта можа адбыцца толькі ў выпадку пераходу Беларусі з самадзяржаўнага на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Што зусім не гарантавана. Акурат таму спрэчка вакол стаўленьня незалежнага грамадзтва да ПКБ — прынцыповая.

Груба кажучы, ці павінны аб’яднацца ўсе сілы, што адстоўваюць неабсалютысцкі шлях разьвіцьця краіны? Наш адказ — так. Ці ёсьць такое аб’яднаньне магчымасьцю прадухіліць зьнікненьне беларускай культуры і, сьледам, дзяржаўнасьці? Наш адказ — так, прычым адзінай магчымасьцю. Ці ёсьць ідэалягічныя супярэчнасьці між рознымі сіламі, што выступаюць супраць абсалютызму, прынцыповымі? Наш адказ — не.

Саюз розных антыабсалютысцкіх сілаў узьнік не па волі нейкіх там вонкавых сілаў, на што намякае ў сваім камэнтары на нашым сайце сп. Рымашэўскі, а ў выніку роўнай пагрозы, якую нясе для іх самадзяржаўе.

Кожны, каму дарагая беларуская мова, мусова выбіраць — што сама ён лічыць найбольшай пагрозай жыцьцю нашай мовы, найбольш непрымальным для сябе.

У крытыцы ПКБ (але тое самае стасуецца ня толькі крытыкі Калякіна спадаром Рымашэўскім — гэта зьнішчальныя атакі Пазьняка на Мілінкевіча, “Беларускага партызана” — на нацыяналістаў...), выпячваюцца другарадныя пункты іхнай палітычнай праграмы, другарадныя палітычныя ўчынкі і другарадныя якасьці іх як палітыкаў.

У канцы XVII стагодзьдзя расейскі патрыях Якім настолькі ненавідзеў лаціньнікаў, настолькі баяўся канкурэнцыі выхадцаў зь Беларусі і Ўкраіны, якія глядзелі на сьвет шырэй і атрымалі выдатную адукацыю ў акадэміях Рэчы Паспалітай, што падтрымаў цара Пятра І супраць царэўны Сафіі, да якой схіляліся Сімяон Полацкі і іншыя імігранты. Чым гэта скончылася, вядома: скасаваньнем пасады патрыярха і поўным падпарадкаваньнем царквы дзяржаўным бюракратам, а для Расеі — кансэрвацыяй абсалютызму і тысячамі згубленых жыцьцяў.

Няздольнасьць выбудоўваць кампрамісы (хвароба расейскай палітычнай культуры), няўменьне перавесьці апазыцыю абсалютызму з сфэры чыста маральнай у прагматычную (як гэта традыцыйна было ў Расеі) прывядзе да захаваньня самадзяржаўя. Беларуская палітычная традыцыя была інакшаю і дае надзею на іншы паварот сёньняшняй сытуацыі.

Шукаць ворагаў у мінулым намнога прасьцей, чым хаўрусьнікаў — у сучаснасьці. Ды не збудуеш будучыні, пакінуўшы галаву ў мінулым.

Больш разгорнутае эсэ Андрэя Дынька пра камунізм, сталінізм, традыцыі расейскага самадзяржаўя і сёньняшнія беларускія пераламленьні яго чытайце ў адным з наступных нумароў газэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0