Генеральная пракуратура Украіны (ГПУ) ідэнтыфікавала аўтамат, з якога былі расстраляныя 10 удзельнікаў Еўрамайдану.

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік генпракурора Аляксей Баганец, паведамляе РБК-Украіна.

ГПУ абвінавачвае МУС у перашкодзе расследаванню масавых забойстваў на Майдане.

«Намі ідэнтыфікаваны мінімум 1 аўтамат, з якога забілі 10 мітынгоўцаў. Гэта АКМ. Не хачу вас расчароўваць, але на дадзены момант мы не знайшлі дастаткова доказаў таго, што 76 асобаў, а з іх 46 на вуліцы Інстытуцкай, былі забітыя са снайперскіх вінтовак. Акрамя слоў, рэчыўных доказаў, вынікаў судова-медыцынскіх экспертыз мы не атрымалі. Адзінае, у чым мы ўпэўненыя, дык у тым, што людзей расстрэльвалі з аўтаматаў Калашнікава», — заявіў Баганец.

Па словах намесніка генпракурора, мітынгоўцы рухаліся ўверх па вул. Інстытуцкай з мэтай падпаліць барыкаду, а не з мэтай нанясення шкоды супрацоўнікам міліцыі.

Таксама Генеральная пракуратура Украіны выявіла 11 асоб, якія абвінавачваюцца ў выкраданні актывістаў Юрыя Вярбіцкага і Ігара Луцэнкі.

Пра гэта ў ходзе брыфінгу заявіў в.а. генеральнага пракурора Алег Махніцкі.

«Выяўлена 11 асоб, трое з іх арыштаваныя, астатнім суд выбраў меру стрымання ў выглядзе асабістага абавязацельства. Гэта ў асноўным супрацоўнікі міліцыі і цітушкі», — заявіў Махніцкі.

Раней в.а. міністра ўнутраных спраў па кантролі за МУС Арсен Авакаў заяўляў, што выканаўцы выкрадання актывістаў Ігара Луцэнкі і Юрыя Вярбіцкага (якіх выкралі з Аляксандраўскай бальніцы ў Кіеве раніцай 21 студзеня) затрыманыя: «Галоўным следчым упраўленнем МУС сёння праведзены затрыманні непасрэдных выканаўцаў, у справе аб выкраданні Ігара Луцэнкі і забойстве Юрыя Вярбіцкага».

«Галоўныя выканаўцы затрыманыя, ключавы чалавек тут - раней судзімы, 76 года (нараджэння). Майстар спорту. Рэцыдывіст, фактычна. І рабіў гэта, безумоўна, не самастойна, а ў сувязі са структурамі, звязанымі з палітычным кіраўніцтвам і праваахоўным кіраўніцтвам краіны», — адзначыў Авакаў.

Нагадаем, колькасць ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі сярод мірных пратэстуючых у перыяд Майдана складае 106 чалавек.

ГПУ абвінавачвае МУС у перашкодзе расследаванню масавых забойстваў на Майдане

В.а. генеральнага пракурора Алег Махніцкі заяўляе, што службовыя асобы Міністэрства ўнутраных спраў ажыццяўляюць схаванае супрацьдзеянне расследаванню масавых забойстваў на Майдане, якія адбыліся ў лютым 2014 года.

«На жаль, істотна пагоршылася праца па расследаванню гэтай справы… Ёсць дадзеныя, якія дазваляюць дапусціць неафіцыйнае і схаванае супрацьдзеянне расследаванню, якое, магчыма, ажыццяўляецца службовымі асобамі МУС. Няякасна і несвоечасова выконваюцца запыты следства ГПУ», — заявіў Махніцкі.

Ён адзначыў, што да гэтага часу не праведзены поўны комплекс мерапрыемстваў па выяўленні круга супрацоўнікаў спецпадраздзялення МУС «Беркут», якія могуць быць датычныя да забойстваў актывістаў на Майдане ў Кіеве.

«Не ўстаноўлены абставіны вывазу або знішчэння агнястрэльнай зброі, якія былі замацаваныя за супрацоўнікамі спецроты», — адзначыў Махніцкі.

Раней дэпутат Генадзь Маскаль, які ўзначальвае часовую следчую камісію Вярхоўнай Рады з нагоды масавых забойстваў на Майдане, заявіў, што план з ужываннем снайпераў для захопу ў лютым будынкаў, занятых «майданаўцамі», распрацоўвалі ў антытэрарыстычныс цэнтры СБУ пры папярэдняй уладзе. Акрамя таго, ён назваў імёны кіраўнікоў снайпераў, накіраваных на Майдан.

Па словах Маскаля, ніводзін з сілавікоў не гаворыць праўду аб удзеле работнікаў праваахоўных органаў у падзеях на Майдане: «Акрамя начальніка медыцынскай службы МУС, хітравалі ўсё. Але ўся гэтая хлусня, яна вылезе».

Ён сказаў, што ў яго ёсць некалькі версій гібелі міліцыянтаў і майданаўцаў падчас супрацьстаянняў на Майдане Незалежнасці: «Гэта маглі быць штатныя супрацоўнікі аператыўных службаў, апранутыя пад майданаўцаў, маглі быць і некаторыя майданаўцы, якія не ўваходзілі ні ў адну з арганізацый, якія былі на Майдане. Калі «альфаўцы» кажуць, што не бачылі ўзброеных людзей на Майдане, яны падманваюць. Хто ж тады страляў? Выходзіць, што або стралялі іх, і яны іх «не бачылі», або страляў нехта іншы, і яны не маглі іх не бачыць, таму што задача снайпера — знаходзіць у натоўпе людзей са зброяй, якія ўяўляюць пагрозу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?