Адзін з кіраўнікоў тэрарыстычнага руху на Данбасе, расіянін Ігар Безлер па мянушцы «Бес» загадаў прыкаваць наручнікамі захопленых ваеннапалонных на дахах будынкаў у Горлаўцы для абароны ад магчымых авіяўдараў з боку ўкраінскіх сіл АТА.
Пра гэта паведамляе сайт Gorlovka.ua са спасылкай на Васіля Будзіка, які знаходзіцца ў палоне ўжо 44 дні і якому далі магчымасць звязацца з рэдакцыяй выдання.
«На дахах захопленых будынкаў Горлаўскага горупраўлення міліцыі і аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (АБАЗ) будуць дзяжурыць ваеннапалонныя — яны стануць «жывым шчытом» і контрмерай ў выпадку магчымых далейшых авіяўдараў. Такое распараджэнне выдаў сёння «камандуючы Горлаўскім гарнізонам Народнага апалчэння Данбаса» Ігар Безлер (Бес)», — сказаў Будзік.
Паводле яго слоў, «жывым шчытом» стануць пяцёра ваеннаслужачых з Кіраваградскай вобласці, двое салдат 25-й асобнай Днепрапятроўскай паветрана-дэсантнай брыгады і вадзіцель, які іх перавозіў.
«Ігар Безлер заявіў, што ён не мае дачынення да збітага пад Луганскам самалёта Іл-76, і не разумее, з якой прычыны быў нанесены авіяўдар па будынку УУС», — перадаў словы «Беса» ваеннапалонны.
Рэч у тым, што раніцай 14 чэрвеня — каля 4.30 — быў здзейснены авіяўдар па захопленаму будынку Горлаўскага гарупраўлення міліцыі, у выніку чаго ўзнікла ўзгаранне на 3 і 4 паверхах. У аддзеле аховы здароўя Горлаўкі распавялі, што ў выніку авіяўдару пацярпела сямёра чалавек: шасцёра зараз у рэанімацыі, адзін загінуў. Прэс-служба Данецкай аблдзяржадміністрацыі паведамляе аб двух загінуўшых у выніку авіяўдару.
Нагадаем таксама, што раней Безлер распаўсюдзіў відэа інсцэніроўкі расстрэлу двух украінскіх палонных афіцэраў пасля таго, як сарваліся планы па абмене палонных на жанчыну-агента ФСБ, якая была затрыманая СБУ і цяпер знаходзіцца ў Следчым ізалятары СБУ ў Кіеве.
5 чэрвеня ў Інтэрнэце з'явілася відэа, на якім «Бес» патрабуе ад Аляксандра Турчынава (на той час в.а. прэзідэнта Украіны) вызваліць затрыманага агента ФСБ, інакш ён («Бес») кожную гадзіну будзе забіваць палонных ўкраінскіх вайскоўцаў.
Зараз, па словах Будзіка, Кіеў прыпыніў перамовы наконт гэтага абмену.