Амаль 300 артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прымуць удзел у штогадовым фестывалі «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», які пройдзе ў Нясвіжы 20-22 чэрвеня. Аб гэтым сёння ў час відэабрыфінгу паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка.

Высокае мастацтва публіцы прадэманструюць оперныя выканаўцы, артысты балета, сімфанічны аркестр і хор. Музычнае свята пройдзе на некалькіх пляцоўках: ва ўнутраным двары і тэатральнай зале замка, гарадской Ратушы, а таксама касцёле Божага Цела.

Для выступленняў ва ўнутраным двары дадаткова абсталююць дзве сцэны — для артыстаў і аркестрантаў, а таксама месцы для гледачоў. Чакаецца, што паглядзець спектаклі змогуць 1,5 тыс. чалавек.

У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі некалькі прэм'ер. Аматары оперы змогуць атрымаць асалоду ад шэдэўра Антоніа Сальеры «Спачатку музыка, потым словы», а паклоннікі харэаграфічнага мастацтва ўбачаць прэм'еру гэтага тэатральнага сезона — вечар балета «Са стагоддзя ХIХ у стагоддзе ХХI».

Адкрые праграму фестывалю канцэрт струннага квінтэта «Серэнада» — «Мелодыі кахання», які пройдзе ў тэатральнай зале замка. Салістка оперы Таццяна Траццяк у суправаджэнні віртуозных музыкантаў выканае вядомыя рамансы і папулярныя музычныя кампазіцыі розных гадоў. У касцёле Божага Цела артысты хору і салісты опернай трупы тэатра прадставяць канцэрт з твораў Станіслава Манюшкі «З Ойчам адвечным». 

Упершыню ў Нясвіжы (унутраны двор) пакажуць «Кармэн» Жоржа Бізэ — знакавы для тэатра спектакль. Менавіта з гэтай пастаноўкі ў 1933 годзе і пачалася гісторыя Вялікага. Тады партыю непакорнай цыганкі выканала вялікая Ларыса Александроўская.

Завершыцца музычны марафон гала-канцэртам зорак Вялікага тэатра. У праграме - папулярныя арыі, харавыя сцэны, куплеты і дуэты з залатога фонду сусветнай оперы, а таксама самыя яркія фрагменты, па-дэ-дэ, адажыа і варыяцыі са славутых балетаў.

Фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» пройдзе пяты раз. Праект стартаваў у 2010 годзе па ініцыятыве тэатра і пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?