Нядаўна мне давялося вырабляць дакумэнты для ўладкаваньня на працу ў адну ўстанову. Блянкаў было колькі штук, праблемы – дзьве. «Ці падтрымлівае сам (сама) ці блізкія сваякі (бацька, маці, браты, сёстры і дзеці да 16 гадоў, а таксама муж (жонка) неслужбовыя сувязі з асобамі, што пастаянна пражываюць за мяжой; ці быў за мяжой, калі, дзе і зь якой мэтай».

Адзіны блянк, надрукаваны па-беларуску, строга засьцераглі запаўняць на гэтай мове. Далей у адмысловым блянку прапаноўвалася напісаць «в произвольной форме» аўтабіяграфію «з асьвятленьнем наступных пытаньняў».

Пытаньні 6 і 7 (6. Ці падтрымлівае сам (сама) ці блізкія сваякі (бацька, маці, браты, сёстры і дзеці да 16 гадоў, а таксама муж (жонка) неслужбовыя сувязі з асобамі, што пастаянна пражываюць за мяжой; 7. Ці быў за мяжой, калі, дзе і зь якой мэтай) паставілі мяне перад выбарам: адразу сысьці з гэтай вар’ятні ці напісаць нешта адэкватнае. Фактычна прапануецца «стукаць» на найбліжэйшых родзічаў і апісваць прыватныя бакі свайго жыцьця, якія ня маюць дачыненьня да прафэсійнай дзейнасьці? Я напісаў, што кожны адказвае сам за сябе, і прычым тут мае родзічы. Я напісаў, дзе пахаваны бацька (п.4), хоць як можа ўплываць на маю працу не задавальняючае кагосьці месца ягонага пахаваньня? На пытаньне 7 напісаў, што ўжо 15 гадоў як езьдзім вольна і што на днях быў у Цярэспалі (першая станцыя на тэрыторыі Польшчы). «Зь якой мэтай?» – турыст. Мог бы яшчэ дадаць: як чвэрць жыхароў трохсоттысячнага Берасьця на працягу году з рознымі мэтамі езьдзяць, іншыя па два разы на дзень. Дый напісаць, што яшчэ ў Расею езьдзіў гадоў дзесяць таму.

«Ответственные товарищи» выкіпелі цераз край. «Не патрэбны нам такі работнік, раз ён так піша», – сказаў самы адказны.

Канстытуцыя краіны фармулюе гэтую сытуацыю так: «Ніхто не павінен быць змушаны да паказаньняў і тлумачэньняў супраць самога сябе, сваіх сямейнікаў і блізкіх родзічаў» (арт.27). Нават крымінальнае заканадаўства пакідае за сьведкам права ня сьведчыць супраць самога сябе, сваіх сямейнікаў і блізкіх родзічаў (арт.60 п.31 КПК РБ). Дык чаму амаль форс-мажорная норма заканадаўства ГЭТАЙ улады перасягаецца патрабаваньнямі зусім шараговага фармуляру аб найме на працу гэтай сама ўлады? Можа, у нас пад прыкрыцьцём гэтых дакумэнтаў уводзіцца явачным парадкам надзвычайнае становішча, нягледзечы на мантры пра стабільнасьць і што вайны няма?

Яшчэ больш шарму дадае тое, што ішлося пра пасаду наймізэрную дый заробак мікраскапічны. Сапраўдны тэатар абсурду.

Ці будзе пасьля такога досьведу паклёпам на дзяржаву сказаць, што такой сыстэме патрэбныя амаральныя асобы, здольныя даносіць нават на найбліжэйшых родзічаў (п.6), канцлягерныя прыдуркі без асабістага жыцьця (п.п.4 і 7)? Што, ім не патрэбныя прафэсіяналы (бо сумяшчэньне амаральнасьці і добрых прафэсійных якасьцяў – гэта даволі рэдкая камбінацыя)?

Калі гаварыць пра сябе асабіста, то ў мяне ёсьць дзьве грунтоўныя падставы, каб абавязкова наладзіць кантакт з замежнікам не з Усходу. Па-першае, мне цікава, чаму яны жывуць заможна і спакойна. Па-другое, у мяне прафэсія такая, якая ёсьць.

І вось гэты замежнік можа спытаць у мяне: чаму ў гэтай краіне, якая называецца Беларусь, нават філёлягі ня ведаюць зусім альбо ня ведаюць як сьлед беларускай мовы, на якой гавораць дома 37% і якую называюць роднай блізу 80% насельніцтва? Чаму тэлебачаньне пры такой статыстыцы амаль спрэс гаворыць на іншай мове? Чаму беспрацоўны, атрымліваючы сацыялку, на якую фізычна выжыць нельга, мусіць аплачваць шматразовы цягам месяца праезд у Цэнтар занятасьці ды назад? Дзе ён возьме грошы?

Ці змогуць адказаць улады на гэтыя і яшчэ шмат якія іншыя пытаньні злавеснага замежніка, пра «пастаянную неслужбовую сувязь» зь якім мы абавязаны паведамляць ім?

Але хутчэй за ўсё, па сутнасьці не адкажуць. Ёсьць у іх улюбёны манэўр зводзіць усе адказы да банальнага пакету зь дзьвюх узаемазьвязаных опцыяў: а нам усё роўна ніхто нічога ня зробіць; у нас спакой і стабільнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?