Паводле ацэнкі Нацыянальнага банка Беларусі, велічыня знешняга доўгу банкаўскага сектара краіны дасягнула патэнцыяльна небяспечнага ўзроўню. 

«Памер валавога знешняга доўгу банкаўскага сектара Рэспублікі Беларусь адносна сукупных пасіваў банкаў і золатавалютных рэзерваў Нацыянальнага банка дасягнуў патэнцыяльна небяспечнага ўзроўню», — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Нацбанка, член праўлення Дзмітрый Лапко на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка ў канцы красавіка. Тэкст яго выступлення публікуе «Банковский вестник», які выдаецца Нацбанкам.

Да іншых фактараў, якія негатыўны ўплываюць на ўстойлівасць банкаўскага сектара, Лапко аднёс сітуацыю ў Расіі. «Змена агульнаэканамічнай сітуацыі ў Расійскай Федэрацыі можа абмежаваць магчымасці па рэфінансаванні знешняй запазычанасці беларускімі банкамі шляхам выкарыстання як мацярынскага капіталу, гэтак і сіндыкаваных крэдытаў», — сказаў член праўлення Нацбанка. 

На яго думку, перавышэнне кароткатэрміновых знешніх абавязацельстваў над даступнымі банкам ліквіднымі актывамі ў замежнай валюце «ў выпадку рэалізацыі негатыўнага сцэнарыя можа прывесці да дэфіцыту ліквіднасці ў замежнай валюце для банкаў». 

Паводле звестак Нацбанка, валютны крэдытны партфель банкаў, велічыня якога складае 15,5 млрд. долараў ЗША, характарызуецца высокай ступенню канцэнтрацыі — трэцяя частка валютных крэдытаў усяго банкаўскага сектара прыпадае на 20 найбуйнейшых пазычальнікаў. 

Пры гэтым у Нацбанку канстатуюць, што апошнім часам адбываецца значнае пагаршэнне ключавых фінансавых паказчыкаў крэдытаатрымальнікаў, у тым ліку найбуйнейшых. 

«З улікам росту складскіх запасаў даўжнікоў з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі спатрэбіцца дадатковае фінансаванне для папаўнення абаротных сродкаў, а значыць, у кароткатэрміновай перспектыве попыт на крэдыты перавысіць аб'ём пагашэння раней прынятых абавязацельстваў з боку пазычальнікаў», — зазначыў Лапко. 

Паводле звестак Нацбанка, на 1 студзеня 2014 года знешні доўг беларускіх банкаў склаў 8,2 млрд. долараў ЗША (21% валавога знешняга доўгу), павялічыўшыся за 2013 год на 2 млрд. долараў ЗША, або на 32,3%. Найбуйнейшымі крэдыторамі банкаўскага сектара Беларусі з'яўляюцца Расія і Германія, долі якіх у структуры запазычанняў склалі 48,9% і 17,8% адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?