Першы сапраўдны спалох у дзяцінстве я зведаў у калідоры Опернага тэатра, па якім, нібыта па нейкім коле, мы, вучні музычнай школы, гойсалі ў перапынках паміж рэпетыцыямі хора.

Рыхтавалася Дэкада беларускага мастацтва ў Маскве, яе заключны канцэрт. І каго толькі не сустракалі мы ў тым калідоры! Вось паважна плыве па ім Ларыса Пампееўна Александроўская — перахоплівае дыханне ад яе прыгажосці; вось маленькі, увесь у хвалях адэкалону, рудаваты, у чорным фраку з залатым медалём народнага артыста, заўжды з чырвоным тварам, знакаміты тэнар Балоцін — ягонае імя Ісідар чамусьці падаецца нам недарэчным. Як, зрэшты, і «Пампееўна» Александроўскай. А вось Мікалай Ворвулеў — закінуў галаву дагары і нечым прапалосквае свой барытон… Усяго паўвека пражыве, памрэ ўжо ў Кіеве «Ой, бацька мой, Нёман»… Ды што там! Сам Мікалай Ахлопкаў, бялявы, з троху лупатымі вачыма, узвышаецца над усімі, бы Гулівер, пляскае ў далоні — «Стоп! Стоп! Яшчэ раз…» — ставіць канцэрт і не ведае, што ён адкладзецца разам з дэкадай на два гады. Бо які ж гэта канцэрт, калі кола гісторыі, пакінуўшы за сабой рэкі крыві, набліжаецца да 5 сакавіка 1953 года, да ўсенароднай жалобы…

А тады, мо недзе ў студзені, калі мы з Сашкам Ахраменкам гойсалі адзін за адным, я раптам уткнуўся ў чыйсьці шорсткі жывот. Падняў вочы. На мяне глядзеў… Сталін. «Ты чаго, хлопчык? Спужаўся?»…

Прайшло больш за 60 гадоў. Але коціцца і коціцца па краінах былога СССР д’яблава кола сталіншчыны. То, як прывід, з’явіцца і пакоціцца з Санкт­-Пецярбурга «сталінобус» з выявай сатлелага генералісімуса… То нейкія «групы таварышаў» пачнуць збіраць грошы на новы помнік у Мінску.

Апошнім разам кола пушчана з Крамля, ад імя нібыта «ветэранаў» — вярнуць Сталінград. Маўляў, да чалавека са злавесным імем Сталін гэта не мае аніякага дачынення.

Сапраўды — што чалавек?! «Нэт чэлавека — нэт проблемы»…

Дык вось жа чалавека няма, а праблема ёсць.

Чалавека, дакладней ягоную мумію, я меў сумнеўнае шанцаванне бачыць у 1958-­м, праз пяць гадоў пасля жахлівай сустрэчы ў Оперным.

Сышоўшы ў халоднае падзямелле і павольна прайшоўшы наўкол саркафага, я быў проста ўзрушаны неадпаведнасцю аблічча яшчэ нядаўняга ўладара паўсвету з пасмяротнай рэальнасцю. Больш за ўсё мяне ўразілі нізкі лоб і рэдкія сівыя валасы, з­пад якіх адсвечвала сінюшная скура абяскроўленай галавы. Не выключана, зрэшты, што віной таму агіднаму ўражанню было яркае нерухомае святло ў саркафагу, вакол каторага павінен быў па задуме творцаў відовішча заставацца густы, такі ж нерухомы, змрок…

Калі б згаданым «ветэранам» пашанцавала пабываць у тым падземным увасабленні пекла, наўрад ці яны здолелі ўявіць сабе асобу іх куміра, якой яна была насамрэч. Патрэбна сапраўды д’ябальская фантазія, каб надзяліць ідала хоць троху прывабнымі чалавечымі рысамі. Але «ветэранам» гэта не трэба. «Ветэранам» патрэбны менавіта ідал, а не карантышка на крывых нагах, якім ён запомніўся паплечнікам па палітычна­крымінальным бандытызме. «Чалавечышча» патрэбны, пад уладай каторага было «не ўсё так дрэнна».

«Чалавечышча», што праўда, «харчаваўся» чалавечынай на шостай частцы сушы.

Але гэта «ветэранаў» не бянтэжыць.

«Чалавечышча», што праўда, быў сааўтарам самай крывавай бойні ХХ стагоддзя, што забрала дзясяткі мільёнаў жыццяў.

Тых дзясяткаў мільёнаў, без нямога крыку каторых будзе подласцю любы рэферэндум па вяртанні Сталінграда.

Але і гэта «ветэранаў» не бянтэжыць.

Праблема, аднак, не ў асобе Сталіна, і нават не ў «ветэранах», якія мо толькі на постсавецкай прасторы маюць схільнасць да несупыннага размножвання.

Праблема ў мільёнах сталінчыкаў, што затаіліся ў свядомасці прыхільнікаў «жалезнага парадку» і «цвёрдай рукі».

Праблема ў мільёнах сталінчыкаў, што хаваюцца ў павуцінні імперскасці ў чаканні новых ахвяр.

Ды ці хаваюцца? Ужо, мусіць, рыхтуюцца да «маршу ватовак» у падтрымку так званай «Наваросіі», да якога заклікае Валеры Трэцьякоў. Відаць, стаміўся ад інтэлектуальных практыванняў вакол украінскай драмы… Яно так, у ватоўках прасцей. У чым жа яшчэ вяртацца ў сталіншчыну?!

А мы ўсё верым у тое, што адбыліся вялікія змены, што звароту да сталінскай мінуўшчыны няма. І тыя ці іншыя праявы ўсёй гэтай сталініЯДы лічым містыфікацыяй, клаўнадай і фарсам.

Але Крым — не фарс.

Данбас — не фарс.

Вяртанне Сталінграда — не фарс.

Не можна лічыць фарсам тое, што адбываецца пад смяротную завіруху.

…«Ты чаго, хлопчык? Спужаўся?» — Сталін ласкава паклаў мне на стрыжаную галаву цёплую далонь. Супакоены, я ізноў падняў вочы. У вусах — усё тая ж спагадлівая ўсмешка. Але погляд жоўты, рысіны… «Правілна, малчык. Баісь…»

Увайшоў у ролю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?