«Лагожаск» — элітны катэджны пасёлак, які будуе кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа.

Спачатку мільянер уклаў грошы ў стварэнне гарналыжнага комплексу «Лагойск», той адкрыўся 10 гадоў таму. А пасля Чыж вырашыў пабудаваць жылыя дамы каля яго.

Спачатку планавалася забудаваць «Лагожаск» тыповымі катэджамі і прадаваць іх, аднак попыт на такія дамы быў слабы. Такія збудаванні дагэтуль прадаюцца па $420 тысяч (без унутранага аздаблення).

Бізнэс-мадэль давялося змяніць. «Трайпл» выставіў на продаж проста зямлю. Гаспадары могуць самі замовіць праект, адзінае пажаданне — захаванне аднолькавага архітэктурнага стылю.

Зараз за пустыя надзелы просяць каля $120 тысяч.

У «Лагожаску» ёсць яшчэ і таўнхаўсы — двухпавярховыя катэджы-кватэры з ізаляваным уваходам і агульнымі бакавымі сценамі. За іх «Трайпл» просіць ад $200 тысяч (без унутранага аздаблення).

Пакуль што ўдалося прадаць каля паловы надзелаў, астатнія дагэтуль чакаюць пакупнікоў.

Сярод імёнаў гаспадароў «Лагожаска» — гэта пераважна беларускія бізнэсмены і топ-менеджары — вылучаюцца імёны двух уласнікаў.

Вясной 2012 года «Трайпл» прадаў закансерваванае будаўніцтва грамадзяніну Кірылу Варфаламеевічу Вахрамееву.

Гэта мірское імя мітрапаліта Філарэта. Яшчэ праз некалькі месяцаў лагойскія чыноўнікі выдзелілі святару ўчастак пад домам — у пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну.

Што праўда, спадкаемцаў у Філарэта няма: бацькі і старэйшая сястра даўно памерлі, а мець жонку і дзяцей «чорнаму духавенству» забаронена.

Афіцыйна надзел яму далі «для абслугоўвання жылога дома». Але, здаецца, будуецца іншы аб’ект — глядзіце фота.

Фактычна, гэта прыватны малітоўны дом, бо як храм збудаванне не рэгістравалася.

Будаўнічыя працы ў катэджы-царкве працягваюцца дагэтуль.

У канцы 2013 года Філарэт сышоў на спачын, яму ўжо 79 гадоў. Неўзабаве ў Мінск з Расіі прыехаў новы мітрапаліт, Павел (Георгій Панамароў).

А ўжо ў лютым 2014 года новага гаспадара знайшоў яшчэ адзін дом у «Лагожаску», якраз на ўзгорку праз дарогу ад збудавання Філарэта.

Праект дома, які быў падораны БПЦ:

Праект дома, які быў падораны БПЦ:

1 паверх. 1. Тамбур (4 м2). 2. Гардэроб (4 м2). 3. Гардэроб для верхняга адзення (15м2). 4. Гараж (41 м2). 5. Гасцёўня (35 м2). 6. Сталовая (28 м2). 7. Кабінет (23 м2). 8. Топачка (8 м2). 9. Прылазнік (3 м2). 10. Саўна (5 м2). 11. Дапаможнае памяшканне (2 м2). 12. Туалет (4 м2). 13. Калідор (6 м2). 14. Тэраса (39 м2).

2 паверх. 1. Хол (34 м2). 2. Спальня (22 м2). 3. Спальня (20 м2). 4. Гардэробная (12 м2). 5. Ванная (12 м2). 6. Тамбур (4 м2). 7. Ванная (12 м2). 8. Гардэробная (14 м2). 9. Спальня (12 м2). 10. Гульнявы пакой (15 м2). 11. Спальня (12 м2). 12. Балкон (3 м2). 13. Лоджыя (6 м2). 14. Балкон (2 м2). 15. Балкон (5 м2).

Паводле дакументаў, старшыня Мінскай абласной натарыяльнай акругі Наташа (так у афіцыйнай паперы) Папіна аформіла зямлю і катэдж на ёй як падарунак Беларускай праваслаўнай царкве. Хто зрабіў такі шчодры прэзент — 17 сотак элітнай зямлі і двухпавярховы дом плошчай больш за 300 м2, якія прадаюцца за $400 тысяч? У дакументах Нацыяльнага кадастравага агенцтва такой інфармацыі няма. Найхутчэй, гэта непасрэдна «Трайпл», якому належаць і ўсе астатнія нераспраданыя ўчасткі. Каардынатар праекта «Лагожаск» Павел Пратасоўскі не стаў каментаваць сітуацыю, патлумачыўшы, што кампанія не называе імёны сваіх кліентаў.

У адрозненне ад Філарэта, новы гаспадар не стаў усталёўваць на даху праваслаўныя «цыбулінкі». Выглядае на тое, што ён збіраецца выкарыстоўваць элітны дом па прызначэнні — жыць у ім. Працы па аздабленні ў катэджы ўжо сканчаюцца.

* * *

Юрый Чыж

Нарадзіўся ў 1963 у вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна ў шматдзетнай баптысцкай сям’і. Закончыў БНТУ. Уласнік рознагаліновай бізнэс-імперыі «Трайпл», мае інтарэсы ў нафтавым сектары, нерухомасці, гандлі, вытворчасці будматэрыялаў, грамадскім харчаванні, турызме, спорце, сельскай гаспадарцы. Трапіў пад санкцыі Еўрасаюза як «кашалёк Лукашэнкі».

* * *

Філарэт (Кірыл Вахрамееў)

Нарадзіўся ў 1935 у Маскве, выхадзец з купецкага яраслаўскага роду. Навучаўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Мітрапаліт Берлінскі і Сярэднееўрапейскі (1973—1978), мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх Беларусі (1978—2013). Герой Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?