24 чэрвеня на Рынкавай плошчы насупраць Уваскрасенскай царквы быў усталяваны помнік князю Віцебскаму (1320 – 1345 гады), Вялікаму князю Літоўскаму (1345 – 1377 гады) Альгерду.
Конны помнік князю створаны мінскім скульптарам Сяргеем Бандарэнкам і адліты на полацкім прадпрыемстве «Тэхналіт». У Віцебск яго прывезлі 24 чэрвеня каля 9:00, пасля чаго пачаўся працэс мантажу, што цягнуўся амаль да 21:00.

Пусты пастамент, які віцебскія чыноўнікі сарамліва называлі «Помнікам віцебскім замкам», давялося пашырыць пад новую скульптуру — для гэтага наперадзе ўсталявалі дадатковы гранітны блок.
Князь Альгерд у Віцебск прыехаў асобна ад свайго каня: дзве часткі скульптуры везлі ў розных машынах. На месцы ўсталёўкі іх спачатку выгрузілі, а потым князя ўссадзілі верхам і замацавалі. Асобнымі часткамі былі таксама меч і лейцы — іх прымацоўвалі апошнімі.

Найбольш расцягнутай аказалася працэдура падрыхтоўкі пастамента. Спачатку на яго ўзнялі металічную раму, якая будзе падтрымліваць помнік пад час бетаніравання. Потым кранам узнялі скульптуру і пачалі наварваць да капытоў каня тоўстыя металічныя стрыжні — унутры скульптуры знаходзіцца сілавы каркас, да якога і далучаны тоўстыя сталёвыя пруты, якія праходзяць праз тры нагі. Гэтыя стрыжні апусцілі ў нішы пастамента, якія залілі бетонам.



Сяргей Серабро, Народныя навіны Віцебска
Пра гісторыю стварэння і сімволіку вобразу расказвае скульптар Сяргей Бандарэнка.
«Наша Ніва»: Гісторыя з гэтым помнікам доўгая. Яшчэ год таму з’яўлялася інфармацыя, што ў Віцебску будзе ўсталяваны помнік Альгерду аўтарства скульптара Валерыя Магучага. Пасля той праект завярнулі. Вы, наколькі разумею, дапрацоўвалі помнік, першы варыянт якога не быў зацверджаны?
Сяргей Бандарэнка: Не, я рабіў помнік ад пачатку, па ўласным эскізе. Хоць такога ўжо прынцыповага там няма адрознення ад першага варыянта.
«НН»: Калі параўнаць «ранейшага» і «цяперашняга» Альгерда, ваш выглядае больш дынамічным: конь у руху, жэст рукі наперад…
СБ: Так, конь ідзе алюрам, гэта такая даданая рысь.
«НН»: На чым вы грунтаваліся, ствараючы вобраз?
СБ: На жаль, іканаграфічнага матэрыялу тых часоў няма. Ёсць гравюры XVII стагоддзя.
«НН»: Маеце на ўвазе Гваньіні?
СБ: Так. Там Альгерд — у італьянскіх даспехах XVI стагоддзя. Я адштурхоўваўся ад Гваньіні, але ў канчатковым выніку грунтаваўся на сваіх уяўленнях пра тое, якім князь мог бы быць. І лічу, што ўрэшце вобраз склаўся.
«НН»: А чаму абралі такі сюжэт — паляванне з сокалам?
СБ: Якое ж гэта паляванне? Хто ездзіць паляваць у баявых даспехах? Тут іншая сімволіка: сокал — знак княжай улады. Дынаміка жэста адлюстроўвае такі дзяржаўніцкі пасыл. З жэстам, дарэчы, былі праблемы: спачатку ён быў крыху іншы, але камусьці не спадабалася, пабачылі асацыяцыі якіясьці… Таму я жэст змякчыў, руку падвярнуў трохі. І ўвогуле, так мала было часу — я зрабіў бы помнік нашмат лепшы.
«НН»: У інтэрнэце ваш помнік крытыкуюць за неадпаведнасць гістарычным рэаліям: князь без галаўнога ўбора — маўляў, не хадзілі так князі.
СБ: Існуе мноства помнікаў князям у шлемах. Я хацеў надаць вобразу новае гучанне: паказаць прамежкавы стан, паказаць, што князь едзе не на вайну.
«НН»: Яшчэ ў інтэрнэце пішуць, што гэты помнік нагадвае скульптуру Усяслава Чарадзея, які стаіць у Полацку.
СБ: Усяслава рабіў не я, хоць падчас конкурсу праект набраў 60% галасоў. Але былы полацкі мэр Тачыла быў супраць таго, каб помнік рабіў я.
«НН»: Дзе адлівалі помнік Альгерду?
СБ: На полацкім заводзе «Тэхналіт». Гэта першая такая буйная праца для іх. І ім моцна пашанцавала, што іх скульптар — яшчэ і ліцейшчык (смяецца). Я ажыццяўляў аўтарскае кіраўніцтва адліўкай, бо недахоп досведу адчуваецца настолькі, што спачатку я нават быў у неўразуменні. Але яны вельмі адказна паставіліся, стараліся.
«НН»: Колькі скульптура будзе важыць?
СБ: Тры — тры з паловай тоны недзе. Залежыць ад таўшчыні сценкі. Чым танчэйшая — тым лепш, тым дакладней можна прапрацаваць дэталі. Я ж, можна сказаць, родапачынальнік дакладнага ліцця ў Беларусі. Вось каля мінскага цырка мае фігуры — гімнастка на кані і клоўны. Рукі клоўнаў прапрацаваныя ў тэхніцы дакладнага ліцця.
«НН»: А што вы яшчэ рабілі для Мінска?
СБ: Кампазіцыю «Трыумф» каля Мінск-Арэны і алею алімпійскіх памятных знакаў.
«НН»: А якой вышыні будзе помнік Альгерду?
СБ: Дайце ўзгадаць… Сама скульптура — 3,6 метра, і пастамент — 2,8 метра.
«НН»: З двухпавярховы дом. Хоць гэта і не першы — пасля Усяслава Полацкага, — але, безумоўна, найбольшы конны помнік у краіне.
СБ: Яго можна было яшчэ большым рабіць — там такая адкрытая прастора. Каб яму яшчэ метр вышыні дадаць, ён ідэальна б у яе сеў. Але тут была праблема: даводзілася ставіць помнік на ўжо гатовы пастамент. Дый пастамент прыйшлося падаўжаць: у папярэднім варыянце помніка фігура была больш кампактная.
«НН»: Колькі каштуе стварэнне такога помніка?
СБ: Я не ведаю, колькі каштуе ўвесь цыкл працаў, адзінае магу сказаць — разоў у 10 менш, чым у Расіі.
«НН»: Чаму такая розніца?
СБ: Бо ў нас праца скульптара каштуе ў разы меней. Але пра канкрэтныя сумы я не хацеў бы гаварыць, давайце знойдзем для нашай размовы больш цікавыя, творчыя тэмы.
«НН»: Колькі часу вы працавалі з помнікам?
СБ: Агулам месяцаў сем. Гэта рэкордныя тэрміны для такога праекта. Я быў выкліканы як «антыкрызісны скульптар», можна сказаць, даводзілася працаваць па 18 гадзін у суткі. Мы былі абмежаваныя датай адкрыцця, прывязанай да Дня горада. На жаль, у нас часта так бывае.
«НН»: Ці праўда, што ўсе помнікі гістарычным асобам зацвярджае асабіста кіраўнік дзяржавы?
СБ: Так, паводле заканадаўства, гэта робіць прэзідэнт. І, наколькі мне вядома, Лукашэнка мой праект ухваліў. Гэта норма існуе яшчэ з савецкіх часоў: раней Савет міністраў зацвярджаў такога ўзроўню помнікі.
«НН»: Наступны конны помнік, які можа паўстаць у Беларусі, — гэта Міндоўг у Наваградку.
СБ: Так, конкурс на яго стварэнне яшчэ паспеў правесці Павел Латушка — у апошнія дні свайго знаходжання на пасадзе міністра культуры. Конкурс выйгралі разам я і Павел Лук.
«НН»: Калі Міндоўга давядзецца рабіць вам — якая сімволіка будзе ў яго вобразе?
СБ: Я хацеў бы выявіць Міндоўга на ўздыбленым кані. На галаве ў яго будзе карона, у руцэ — шалом. Праз гэта я хачу паказаць супярэчлівасць яго асобы, яго кіданні — нібыта ў яго дзве галавы.
«НН»: Быў такі ці то анекдот, ці то праўда пра помнік Леніну з дзвюма кепкамі.
СБ: Гэта праўда. Наколькі я ведаю, помнік не змяшчаўся ў майстэрні скульптара, рабіўся дзвюма часткамі асобна, вось скульптар і памыліўся.
«НН»: А вам яшчэ давялося рабіць Ленінаў для гарадоў і мястэчак?
СБ: Канечне, я заспеў той час. Я нават выйграў конкурс на помнік Леніну ў Карме, але пасля здарыўся Чарнобыль, горад пайшоў на адсяленне… Леніна мастакі называлі «кармілец», бо, падхалтурыўшы на стварэнні яго вобразу, можна было зарабіць і займацца сапраўдным мастацтвам. Іншая справа, што многія так і не навучыліся нічога рабіць, апроч Леніна. І яны, калі рухнуў СССР, засталіся ні з чым.
Гутарыў Сяргей Мікулевіч
Каментары