У Міністэрстве абароны Беларусі не сталі каментаваць інфармацыю пра перакідванне ў Беларусь расійскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-160, якая з'явілася сёння ў інтэрнэце са спасылкай на расійскія і ўкраінскія крыніцы. Размова ішла пра іх удзел у ваенным парадзе 3 ліпеня, а затым часовае размяшчэнне на адным з беларускіх ваенных аэрадромаў.
«Мы не даём каментарыяў адносна домыслаў, — заявіў БелаПАН начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Сяргей Кузьмянкоў. — Афіцыйнай інфармацыі па гэтым паведамленні мы не валодаем».
У канцы мая «Белорусская военная газета» — афіцыйны друкаваны орган Мінабароны, паведамляла, якая авіяцыя будзе браць удзел у ваенным парадзе 3 ліпеня. Сярод пералічаных тыпаў самалётаў Ту-160 не значыліся. Паводле інфармацыі «БВГ», у небе над Мінскам гледачы ўбачаць баявыя верталёты Мі-8 і Мі-24, знішчальнікі МіГ-29, штурмавікі Су-25, ваенна-транспартныя самалёты Іл-76 і Ан-26, а таксама пілатажную групу «Белая Русь» на самалётах Л-39.
Варта таксама зазначыць, што расійскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі неаднаразова пераляталі на беларускія аэрадромы і знаходзіліся ў паветранай прасторы краіны падчас розных вучэнняў.