Мінгарвыканкам дазволіў прадпрымальнікам правесці 19 лістапада 2007 года мітынг у сталічным парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Заяўку на яго правядзенне 1 лістапада падалі актывісты рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва».

Як паведаміў БелаПАН старшыня савета РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, мэта мітынгу — стварэнне ўмоў для актыўнага і шырокага дыялогу паміж дзяржаўнымі органамі ўлады і прадпрымальніцкімі структурамі Беларусі ў мэтах паляпшэння эканамічных умоў для развіцця прадпрымальніцкага патэнцыялу ў краіне.

А.Шумчанка нагадаў, што асноўныя праблемы прадпрымальнікаў сёння звязаны з дзеяннем указа прэзідэнта № 760. Згодна з гэтым дакументам з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) не могуць прыцягваць наёмных работнікаў, за выключэннем членаў сям’і і блізкіх сваякоў. Пры гэтым застаецца ў сіле абмежаванне колькасці работнікаў у ІП да трох чалавек.

«Мітынг 19 лістапада — гэта фактычна апошні шанс сёлета для прадпрымальнікаў публічна заявіць аб сваіх праблемах. Гэтыя праблемы павінны быць бачны праз лёс кожнага чалавека, які прыйдзе на мітынг. Ад таго, наколькі наш голас будзе па‑сапраўднаму моцным і гучным, будзе залежаць, ці пачуюць нас органы дзяржаўнай улады і ці пойдуць яны, нарэшце, на нейкія ўступкі прадпрымальніцкаму руху», — заявіў лідэр РГА «Перспектыва».

Паводле яго слоў, прадпрымальнікі маюць намер дабівацца перамоўнага працэсу з вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

«Калі ўлада не ўсведамляе неабходнасць гэтага, наперадзе нас чакае канфрантацыя і рост напружанасці ў прадпрымальніцкай супольнасці. Пры такім развіцці падзей прайграе ўся краіна», — дадаў А.Шумчанка.

Ён патлумачыў, што размова ў гэтым выпадку ідзе аб развіцці ценявога сектара эканомікі, а таксама росце сацыяльнай напружанасці ў сувязі са скарачэннем і звальненнем людзей, якія працуюць у ІП.

Нагадаем, актывісты РГА «Перспектыва» праводзілі мітынг на плошчы Бангалор у Мінску 10 верасня. Тады на акцыю ў падтрымку патрабаванняў прадпрымальнікаў прыйшло каля тысячы чалавек.

БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Пэрспэктыва буры
Лукашэнка саступіў ціску гандляроў, але толькі часткова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0