Першая вытворчасць у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку з'явіцца ў 2015 годзе. Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік перад цырымоніяй закладкі першага каменя парку, што адбудзецца сёння каля вёскі Быкачына Смалявіцкага раёна.
«Сёння пачнецца будаўніцтва ўнутранай інфраструктуры на тэрыторыі парку, — сказаў Анатоль Тозік. — Важна пачаць рэальнае будаўніцтва. Спадзяюся, у гэтым годзе яно стартуе». Віцэ-прэм'ер выказаў упэўненасць у тым, што праблем з рэзідэнтамі не будзе: у партфелі вельмі шмат прапаноў. «Сумесна з кітайскімі партнёрамі мы ствараем умовы для прыходу сюды кампаній з суперсучаснымі тэхналогіямі з розных краін», — сказаў ён.
Анатоль Тозік падкрэсліў, што аб жаданні стаць рэзідэнтамі парку заяўляюць не толькі кітайскія кампаніі, але і тайваньскія, паўднёвакарэйскія, японскія, еўрапейскія. «Парк ствараецца пад тэхналогіі заўтрашняга дня», — дадаў віцэ-прэм'ер.
Намеснік кіраўніка беларускага ўрада выказаў надзею, што ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку будзе фарміравацца новая эканоміка Беларусі.
Умовы для рэзідэнтаў парку вельмі выгадныя: першыя 10 гадоў падаткі не спаганяюцца наогул, наступныя 10 гадоў — 50 працэнтаў. Ён падкрэсліў, што парк размяшчаецца ў супервыгадным месцы з пункту гледжання лагістыкі: у непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта, чыгуначных пуцей, транснацыянальнай аўтамабільнай магістралі Берлін - Масква.