Пракуратура Заводскага раёна Мінска 19 чэрвеня санкцыянавала змяшчэнне пад варту 32-гадовага жыхара сталіцы, які абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару, учыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 167 КК.
Як паведаміў БелаПАН намеснік пракурора Заводскага раёна Вікторыя Кунцэвіч,
злачынства было ўчынена 27 снежня 2010 года. Ахвярай стала 24-гадовая замужняя мінчанка. Злачынца напаў на яе ў двары. Ён не толькі пагражаў ёй нажом, але і сур'ёзна парэзаў кісці рук,
пасля чаго ўчыніў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, скарыстаўшыся бездапаможнасцю жанчыны. На следстве яна прызналася, што не магла супраціўляцца, бо рукі адымаліся. Тры з паловай гада таму раскрыць злачынства не ўдалося. У той жа час былі праведзены ўсе неабходныя следчыя дзеянні, зроблены ўсе неабходныя экспертызы.
Устанавіць асобу злачынцы ўдалося з дапамогай генома.
Як паведаміла Кунцэвіч, у 2013 годзе абвінавачаны, ураджэнец Мінскага раёна, быў упершыню асуджаны за рабаванне і хуліганства, таму яго геном і трапіў у базу даных. Зараз мужчына сваю віну прызнае, растлумачыць учынак не можа.
У абвінавачанага жонка і трое дзяцей.