Урачыстасьць у садзе: Драматургія беларускай эміграцыі ХХ ст. — Мінск, Медысонт, 2007. — 536 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 14)
У зборніку зьмешчаныя наступныя творы: Антось Галіна (Міхась Міцкевіч) «У сьвет», П. Зьніч (Пётра Крэчэўскі) «Здрада», Аўген Кавалеўскі «Ліхадзейка», некалькі рэчаў Янкі Юхнаўца, у тым ліку нарыс «Урачыстасьць у садзе», драма для чытаньня Лявона Юрэвіча «Сакрэт Антона Адамовіча».
Выдрукаваная таксама п'еса Кастуся Акулы «Тараканы ў саладусе», напісаная ў 1957 г. Багата хто з эміграцыйных дзеячаў пакрыўдзіўся на аўтара пасьля выхаду твору, а словазлучэньне «тараканы ў саладусе» стала назоўным.
Зьмешчаны ў зборніку і казачная драма нобэлеўскага ляўрэата 1912 г.. патрыярха нямецкай літаратуры Герхарда Гаўптмана «Затонуты звон» у перакладзе Натальлі Арсеньневай. Казка, між іншым, ставілася на сцэне менскага гарадзкога тэатра падчас нямецкай акупацыі, як, зрэшты, і «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» Арсеньневай, што таксама ўвайшлі ў гэтую кнігу.
Прадмову да «Ўрачыстасьці ў садзе» напісаў Ванкарэм Нікіфаровіч (Чыкага), а ў Дадатку прыводзяцца артыкул Л. Юрэвіча: «Беларускі тэатар і драматургія на эміграцыі», а таксама бібліяграфія артыкулаў пра тэатар і драматургію, якія друкаваліся ў газэтах «Беларус» і «Бацькаўшчына».
У афармленьні вокладкі выкарыстаныя рэпрадукцыі карцінаў Янкі Юхнаўца
14‑я кніга ў сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» выпушчаная сумесна зь БІНІМам.
Зборнік «Урачыстасьць у садзе» шукайце ў найбуйнейшых менскіх кнігарнях або незалежных "пунктах распаўсюду", напр., на knihi.net