Звыш за сотню жыхароў мусульманскай вёскі загінулі, ратуючыся ўцёкамі ад міжрэлігійнай разні. Лодка, на якой плылі у асноўным жанчыны і дзеці, перавярнулася, што не пакінула пасажырам шанцаў на выжыванне, паведамляе Agence France-Presse.

«Мы атрымалі паведамленне, што каля 100 жанчын і дзяцей, спрабуючы здзейсніць уцёкі з вёскі, патанулі ў Дампары, калі іх лодка перавярнулася», — распавёў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Ісуаку Адаму.

Сутыкненні паміж мусульманамі і хрысціянамі адбыліся ў паселішчы Дампар, штат Тараба, на ўсходзе краіны. Некаторыя жыхары вёскі паспрабавалі ўцячы і селі ў лодку, якая павінна была даставіць іх на супрацьлеглы бераг ракі. Аднак узброены мужчына, які, як мяркуецца, належаў да хрысціянскага руху «Тарок», стрэліў у паромшчыка. У выніку судна нахілілася і перавярнулася. У дадзены момант ратавальнікі займаюцца пошукам цел. Усяго ў выніку разні ў вёсцы загінулі 12 чалавек.

Узброены канфлікт паміж хрысціянамі і мусульманамі ў Нігерыі пачаўся пяць гадоў таму. Ісламісты з групоўкі «Бока Харам» змагаюцца за ўвядзенне шарыяту на ўсёй тэрыторыі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0