20-га чэрвеня ў Лідскай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае памяці Васіля Быкава з нагоды 90-годдзя з дня народзінаў вялікага пісьменніка.
Апроч лідскіх прыхільнікаў творчасьці Быкава, на мерапрыемства прыехалі настаўнікі і вучні з вёскі Ёдкі, што побач з Лідай.
Напачатку супрацоўніца бібліятэкі Тарэза Толкун распавяла пра жыцьцёвы і творчы шлях Васіля Быкава, пра яго значны ўнёсак у беларускую і сусветную літаратуру.
Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея, пазнаёміў прысутных з экспанатамі, якія маюць дачыненьне да Васіля Быкава, паказаў фотарэпартаж з адкрыцця музея Быкава, на якім быў напярэдадні.
Прадстаўнік выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка» Эдвард Дмухоўскі прэзентаваў кнігі «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах» і «Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў».
Ларыса Канчэўская, сябра Лідскай літаратурнай суполкі «Суквецьце», падзялілася ўспамінамі пра сваё знаёмства з Васілём Быкавым.
Лідскі бард Сяргей Чарняк музычна разнастаіў імпрэзу, праспяваўшы некалькі сваіх песень на вершы беларускіх паэтаў – сяброў Васіля Быкава.
Мяркуючы па тым, што ўшанаваць Быкава прыйшлі людзі розных пакаленьняў, можна быць упэўненымі, што памяць пра вялікага сына Беларускай зямлі на Лідчыне ня знікне.