- Расьцярушваюся на кроплі дажджу.
Распыляюся ў промнях шчырага асеньняга сонца.
Распускаюся ў лужынах зыбкім адлюстраваньнем.
Асядаю пылам на пажоўклых траве й лістоце.
Разьлятаюся ва ўсе бакі няпэўным парывістым ветрыкам.
Расплываюся верасьнёўскай халоднай смугою
Па паплавах
па‑над Вяльлёй…
Я у мазаіцы зыркіх застылых астраў —
І кожны пялёстак бы частка мяне.
Я ў памкненьнях апошніх пералётных птушак,
Каторым, чамусьці, карціць вярнуцца
Ў тутэйшыя гнёзды,
Хай нават у іх злыдзень‑сьнег не растаў…
Сьцякаю струменямі‑астаткамі халоднай начы
Па шкле,
яшчэ
цёплым
Тым цяплом, што паназьбірала за лета кватэра,
І якім будзе трымацца маё зьмерзлае цела
У золкія ранкі,
Мая прамерзлая душа
у роспачна‑самотныя хвіліны…
Застаюся шоргатам у адбітках сьлядоў
На прымятай траве.
Я ў рэху прамоўленых словаў,
Між старонкамі кніг нечытаных,
Я ў зацішшы намроеных вершаў,
Ў палянэзаў гарэзьлівых гуках,
Што разносяцца лёгка, імкліва
Ў недасяжны заўжды далягляд…
Праз сонечна‑яскравы асеньні дзень,
Можа, апошні гэткі:
і ціхі, і цёплы, й чароўны…
Ў чыіхсьці сьлязах і чыімсьці сьмеху.
У снах сарамлівых і звыклых праклёнах…
Я ў крохах і кроплях,
У нотах і паўзах,
У кроках і ўзмахах.
Адценьнях і пахах…
У нябачным, нячутным, нікчэмным…
Ува ўсіх гэтых нітачках‑дробязях…
Але дзіўна,
мне часам здаецца,
Што важней за ўсё … драбяза.
Драбяза — зь яе тчэцца жыцьцё.
- Кастрычнік 2006
0
0
0
0
0
0