23.06.2014 / 11:05

Алесь Бяляцкі: Я не збіраюся ісці ў прэзідэнты + поўнае відэа прэс-канферэнцыі

+ тэкставы анлайн

Турма не змяніла праваабаронцу: той самы лёгкі гумар, пазітыўнасць і непрыманне радыкалізму.

«Сядзець за дэмакратычную, незалежную Беларусь — гэта нармальна», — сказаў у пачатку прэс-канферэнцыі Алесь Бяляцкі. Ён выкрасліў сваё прозвішча з майкі, дзе напісаныя прозвішчы іншых палітвязняў.

«Мы не павінны баяцца ціску і рэпрэсій. Я ведаў за што сяджу, таму мне сядзелася лёгка. Удзячны дзясятку тысяч людзей, якія падтрымлівалі мяне. Я ўдзячны беларускім і міжнародным праваабарончым арганізацыям».

«Я спадзяюся, што маё вызваленне — гэта толькі пачатак. Я звяртаюся да беларускіх уладаў, каб на Бяляцкім не скончылася вызваленне палітвязняў. Беларусь павінна быць краінай без палітвязняў. І мы блізкія да гэтага, трэба вызваліць сем палітычных і абвесціць мараторый на затрыманні», — кажа Бяляцкі.

Падставай для вызвалення Бяляцкага стала амністыя. Паводле артыкулу «неадбытая частка тэрміну». «Я чытаў каментары МУС, што яны збіраліся вызваліць па маім крымінальным артыкуле 400 чалавек. Але я быў «злосным парушальнікам». На ўзроўні калоніі мне ніхто нічога патлумачыць не мог. Ясна, што вырашаюць не яны. Вызваленне было нечаканасцю для мяне, яшчэ зранку нічога пра гэта не казала. У нас у калоніі пад амністыю трапіла два чалавекі».

«Зразумела, што артыкул, па якім мяне судзілі, — гэта цалкам палітычны працэс. Яшчэ да арышту было зразумела, што дзейнасць «Вясны» вялікую цікавасць выклікала ў КДБ. Мяне паставілі перад канкрэтным выбарам: ці з'ехаць з краіны, ці заставацца тут і даказваць, што я не вінаваты па прад'яўленых абвінавачаннях.

Улады ставілі перад сабой мэту запалохаць грамадзянскую супольнасць. Ці дасягнулі? Не ў такой ступені, як хацелі. Я не адступаў ад сваіх словаў і дзейнасці. Вызаленне — не ёсць зменай маёй пазіцыі. Гэта ўлады вымушаныя ісці на саступкі, каб нармалізаваць адносіны. Быў і ёсць татальны кантроль над грамадствам. Я ў курсе, які быў ціск на іншых палітвязняў. Нейкіх кардынальных зменаў у грамадстве не бачна.

У мяне няма вялікага задавальнення ад таго, што я выйшаў. Бо прайшло тры гады, а нічога не змянілася ў краіне».

«У нас у калоніі ішлі беларускія і расійскія тэлеканалы, расійскія больш папулярныя. Шалёная расійская ваенная прапаганда, безумоўна, аказвае ўплыў на зняволеных у прыватнасці, і грамадзян краіны ў цэлым. У малых гарадах людзям лёгка задурваць такім чынам галовы».

«Будучыня ў нашых руках. Калі ідуць размовы пра рукі Захаду і ролю ЗША — гэта поўная лухта. Самі беларусы павінны мяняць сітуацыю. У лепшым выпадку нам могуць паспачуваць, але дэмакратыю ніхто не прынясе».

«Выбару, пісаць ці не пісаць прашэнне, у мяне не было. Нават думкі такой не было. Фармальна мне прапаноўвалі два разы напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі. Спачатку ў верасні 2011, а пасля ў студзені 2014 пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. У калоніях шмат што не гаворыцца на словах, але цябе падштурхоўваюць сваімі ўчынкамі, нейкімі дробнымі правакацыямі, абмежаваннямі».

«Усялякія размовы пра пацяпленне з Захадам можна толькі пачынаць пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Не можа быць сітуацыя, як у Азербайджане. У нас мусіць быць зона без палітвязняў. Мы не павінны скатвацца на сітуацыю бяспраўя і беззаконня».

«З'язджаць я не збіраюся, мне тут вельмі камфортна. Я, можа, старэю, але мне важная атмасфера беларускага грамадства. На Захадзе ты адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы».

«Я буду займацца па меры магчымасці праваабарончай дзейнасцю. Гэта будзе асноўная мая праца. Буду далей пісаць, на зоне распісаўся. Пісаў і літаратуразнаўчыя артыкулы, і эсэ».

«Умовы ўтрымання ў турме ў палітвязняў асобныя: ізаляцыя ад іншых асуджаных (калі з табой павітаюцца, то ў атрадзе чалавек знікае). Атрад ачысцілі ад тых, хто падпісаны на «Народную волю», калі я там з'явіўся. Псіхалагічна гэта цісне, калі іншыя цябе палохаюцца, шугаюцца. Да гэтага, зрэшты, можна прыстасавацца».

«Абмежаванні да мяне будуць. Сёння я стану на ўлік у міліцыю, тады і даведаюся».

«У мяне ніколі не было жадання пайсці ў прэзідэнты і цяпер няма. Па-першае, я нарадзіўся ў Расіі. Па-другое, я не бачу сябе як палітычнага дзеяча. Грамадская дзейнасць сёння больш актуальная нават за палітычную. У нас шмат кандыдатаў у прэзідэнты, сцяг ім у рукі».

«Расія — гэта еўрапейская краіна, і раней ці пазней яна далучыцца да еўрапейскіх краін. Вырашэнне беларускага ці ўкраінскага пытання магчымае толькі ў звязку са зменамі ў Расіі».

Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна