Чарговыя ўгодкі кастрычніцкіх падзеяў 1917 году ўлада адзначыла вельмі сьціпла. Падобна, што камуністычная спадчына Аляксандру Лукашэнку больш не патрэбная.

Беларусь — ці не адзіная краіна ў сьвеце, дзе 7 лістапада засталося дзяржаўным сьвятам. Здавалася, сёлета святкаваньне ўгодкаў Кастрычніка павінна было атрымацца асабліва ўрачыстым: юбілей усё‑ткі — 90 год. Аднак кіраўніцтва краіны нечакана спакойна паставілася да круглай даты.

Праўда, прэс‑служба кіраўніка дзяржавы распаўсюдзіла традыцыйны зварот, у якім гаворыцца пра значнасць Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Акрамя таго, Лукашэнка накіраваў прывітаньне ўдзельнікам міжнароднага камуністычнага форуму ў Менску. Аднак для ўважлівага назіральніка выглядала гэта зусім інакш, чым раней. Ад пачатку меркавалася, што камуністы, якія прыедуць у сталіцу Беларусі з добрай сотні краінаў сьвету, зарганізуюць тут масавую вулічную акцыю, прысьвечаную «чырвонаму» юбілею. Замест гэтага ім давялося задаволіцца сьціплай канфэрэнц‑заляй у гатэлі «Беларусь». Нават журналістаў на форум не пусьцілі, дазволіўшы паслухаць толькі дзьве прамовы: старшыні КПРФ Генадзя Зюганава і старшыні прыўладнай КПБ Тацяны Голубевай.

Пра нейкія ўрачыстасьці на дзяржаўным узроўні нават гаворкі не вялося. Абышлося безь вечарыны ў Палацы рэспублікі і без навуковых канфэрэнцыяў на тэму Кастрычніка. Можна было б гэта патлумачыць тым, што фактычна ў 1917 годзе адбылася першая «каляровая» (чырвоная) рэвалюцыя, зьдзейсьненая на замежныя гранты (грошы кайзэраўскай Нямеччыны). А «каляровыя рэвалюцыі» цяперашняй беларускай уладзе не даспадобы.

А калі гаварыць сур’ёзна, справа ў іншым.

Камунізм паціху сыходзіць з палітычнай арэны — нават у Расеі, дзе кампартыя традыцыйна была моцнай і шматлікай. У 1996 годзе Генадзь Зюганаў усур’ёз мог разьлічваць на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня ён амаль статыст, як у Дзярждуме, так і за яе межамі.

Тое самае адбываецца і ў Беларусі. Спробы ператварыць прыўладную КПБ у сапраўдную партыю посьпеху ня мелі. Не дапамог ёй ні адміністрацыйны рэсурс, ні іншыя прывілеі. Камуністы паціху выміраюць. Лукашэнка вырашыў пакуль што захаваць вонкавую пашану (бо тыя ж зюганаўцы — якія‑ніякія, а хаўрусьнікі), але ўжо наўрад ці будзе рабіць колькі‑небудзь сур’ёзную стаўку на камуністаў.

І вось тут можа атрымацца дзіўная рэч — спарахнелая чырвоная спадчына пяройдзе цалкам да дэмакратычнай апазыцыі. Бо, акрамя прыўладнай кампартыі, у Беларусі ёсьць і апазыцыйная Партыя камуністаў беларуская.

Пытаньне ў тым, ці патрэбна гэта дэмакратам. З аднаго боку, гучыць прыгожа: аб’яднаная апазыцыя — ад БНФ да камуністаў…

Але на практыцы атрымліваецца, што ўжо шмат гадоў розныя палітычныя партыі хоць і суіснуюць у межах Рады дэмсілаў, але супрацоўнічаюць зь вялікім скрыпам. Ім цяжка выпрацаваць агульную пазыцыю па прынцыповых пытаньнях, бо камуністы рыхтуюць тэзысы ў разьліку на свой электарат, дэмакраты — на свой. Потым усё гэта спрабуюць палагодзіць. На выхадзе атрымліваецца так: адны, умоўна кажучы, прапануюць ісьці на захад, другія — на ўсход, а ў выніку кампрамісу ўсе ідуць на поўнач, на Бангалор. З адпаведным вынікам.

Гісторыя пра тое, як штаб адзінага кандыдата ад апазыцыі ў прэзыдэнты пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна забыўся падаць праграму Аляксандра Мілінкевіча для надрукаваньня ў дзяржаўных газэтах, наогул сталася палітычным анэкдотам.

Але камуністы ня толькі прэтэндуюць на тое, каб быць на роўных зь іншымі, але й спадзяюцца адыграць ролю першага пляну. Яны настойліва прапануюць сябе Маскве ў якасьці прарасейскай апазыцыі.

Такая лінія ёсьць дадатковай падставай, каб падумаць: ці патрэбная дэмакратам камуністычная спадчына, ад якой паступова адмаўляецца нават Лукашэнка?..

Валер Філін, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0