Вызваленне праваабаронцы Алеся Бяляцкага з'яўляецца «абнадзейлівым знакам таго, што можна чакаць большага».
Аб гэтым гаворыцца ў заяве шведскага дэпутата, кіраўніка рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі Крысціяна Хольма, распаўсюджанай 23 чэрвеня прэс-службай арганізацыі.
«Беларускія ўлады зрабілі станоўчы крок, хоць ён вельмі зацягнуўся, — вызвалілі Алеся Бяляцкага, — гаворыцца ў заяве. — Але яго вызваленне не будзе поўным датуль, пакуль улады не дазволяць яму і яго калегам па грамадзянскай супольнасці працаваць вольна ад пераследу. Вызваленне Бяляцкага — абнадзейлівы сігнал таго, што можна чакаць большага: вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных у Беларусі, а таксама сапраўднага выканання ўсіх абавязацельстваў [Беларусі] у межах АБСЕ, асабліва ў сферах дэмакратыі і правоў чалавека».
Хольм таксама адзначыў, што міжнародная падтрымка, паводле слоў самога Бяляцкага, спрыяла яго вызваленню. «Гэта павінна служыць напамінам міжнароднай супольнасці, што неабходна працягваць моцна і адкрыта выступаць у падтрымку правоў чалавека і праваабаронцаў, а таксама прымушаць урады выконваць іх абавязацельствы», — падкрэсліў кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ.