Неяк у нашыя дні людзі саромеюцца прызнаваць, што яны чагосьці калісьці не ведалі. Хутчэй наадварот, знаходзіцца шмат тых, хто яшчэ ў далёкім дзяцінстве ўсё ведаў і разумеў. Нават папярэджваў. Часам гэта смешна, а часцей — сумна. У дзяцінстве я не ведаў, каму належыць паўвостраў Крым. Расіі? Украіне? Ведаў, што СССР. І ўсё.

Нядаўна ўзяў стары атлас, выпушчаны яшчэ ў 1955 годзе, паглядзеў на карты і здзівіўся: як шмат змен адбылося ў свеце! Напрыклад, не знайшоў В’етнама і яшчэ многіх краін, якіх тады не існавала.

Свет на месцы не стаяў. Паглядзеў і на Крым. Дакладна — чырвоны колер, Расія. Але ў дзяцінстве гэтага не ўсведамляў і не задумваўся.

Затое ведаў абсалютна дакладна адно. Крым — гэта радзіма крымскіх татар, якіх, па незразумелых мне тады прычынах, адтуль выселілі і адправілі ў Сібір. Потым даведаўся больш, і не толькі пра трагедыю татар, але і пра калмыкаў, чачэнцаў, паволжскіх немцаў… У школе сябраваў з немцам Максам Отам, калмыкам Амалем Куцепавым, габрэем Сашкам Шварцоўскім… Мне даводзілася бываць у калгасах Новасібірскай вобласці, дзе прозвішчы хлебаробаў былі спрэс нярускімі. Даярка Амелія Кох, трактарыст Паўль Мюлер, заатэхнік Рыхард Баўмер. Гэта тыя, хто не змог тады вярнуцца дадому, на родную зямлю. Потым, праз шмат-шмат гадоў, праходзіла адваротнае перасяленне, але ўжо толькі нашчадкаў тых, каго найвышэйшай воляй партыі і яе правадыра адправілі ў Сібір і Казахстан.

Сібір. Нікому не трэба тлумачыць, што там даволі халодна ўсім. А на спецпасяленні ўсе жылі ў дашчаных бараках, уцепленых шлакам паміж дошкамі. Шынель на рыбіным футры… Даставалася ўсім, але асабліва цяжка было тым, каго Сталін выгнаў з цёплых дабраславёных месцаў рассялення — Крыма, Калмыкіі, Каўказа. Вось і стаялі блізенька баракі — чачэнскія, татарскія, нямецкія… Нам, дзецям, было ўсё адно, як яны называліся, хто ёсць хто па нацыянальнасці: усе былі роўнымі і аднолькава няшчаснымі. Праўда, пра сваё няшчасце мала думалі. Больш думак было пра тое, як расцягнуць кавалак хлеба з соллю да вечара, калі маці прыгатуе што-небудзь паесці. Гулялі ў футбол латаным-пералатаным мячом, біліся барак на барак, потым мірыліся і зноў гулялі. Дзеці!

Але вечарамі ў нас быў яшчэ адзін занятак, які мы стараліся не прапускаць. Нават нашы маці адпускалі нас да самай каменданцкай гадзіны, калі мы ішлі да дзеда Хасана.

Ён быў высокім, статным, злёгку касавокім, але, барані Божа, каб хоць нехта наважыўся з гэтай нагоды пажартаваць… Мы не ведалі, колькі яму было гадоў, напэўна, пад шэсцьдзясят, мы клікалі яго дзедам, хоць сваіх унукаў у яго не было. Можа, таму ён быў такім ласкавым і суровым адначасова з намі. Ён ведаў пра нас усё: калі і хто выйграў у футбол, лаяў тых, хто гуляў у карты ці курыў, яму былі цікавыя ўсе нашы хлапечыя гісторыі, ён слухаў усіх. А потым было самае цікавае — яго казкі. Колькі ён іх ведаў, не магу сказаць. Здавалася, што яны не паўтараліся, а можа, ён сам прыдумляў іх? Не ведаю. І героі яго казак былі заўсёды вельмі разумнымі, таму і заўсёды перамагалі ўсіх пачвар і злодзеяў.

А потым ён прасіў нас распавядаць, што мы зразумелі з кожнай казкі. У яго быў сапраўдны педагагічны талент, хоць, упэўнены і цяпер, не было ў яго ніякай спецыяльнай адукацыі, проста ён быў разумным і так па-майстэрску пераключаў нашу ўвагу з казак на тое наша перасяленскае жыццё, што казкі рабіліся чымсьці накшталт падручнікаў жыцця. І ён размаўляў з намі як з роўнымі.

Смелы ён быў? Безумоўна. Мы ў гэтым не сумняваліся. Тое, пра што маўчалі нашы мамы, ён казаў проста і адкрыта. Так мы даведаліся, што Савецкім Саюзам кіруе адзін чалавек, што вертухаі, якія любяць нам даць пад зад, — дрэнныя людзі (як быццам мы гэтага не ведалі), што ёсць яшчэ партыя, у якой сабраліся адны ашуканцы, якія падманваюць самага галоўнага чалавека. Яшчэ ён прышчапляў нам самыя элементарныя, здавалася б, побытавыя паняцці, што нельга даносіць, нельга здраджваць сябрам, нельга падманваць бацькоў, што іх трэба любіць і паважаць. Мы ўсё разумелі. Ён рабіў гэта проста, як сам жыў і дыхаў. І, трэба сказаць, яго ўрокі не міналі дарма. Ніхто ні разу не «накапаў» на дзеда Хасана не толькі вертухаям, але нават бацькам.

У яго казках пераважалі добрыя героі, якія любілі больш за ўсё волю. Гэта імкненне да свабоды ён заклаў у кожнага з нас.

Свабоды і справядлівасці. Не было ніякіх гучных слоў. Ён проста распытваў нас пра мінулы дзень, а потым паказваў на прыкладах, што і як мы зрабілі няправільна і як трэба было зрабіць. Ён не смяяўся з нашых памылак, а папраўляў, падказваў.

Неяк мы ганялі мяч, а дзед Хасан назіраў за намі. Мы ўжо сканчалі гульню, калі з’явіліся двое вертухаяў нападпітку і пачалі спрэчку: хто далей выспяткам адправіць аднаго з нас у вялізную лужыну. Яны выбралі майго найлепшага сябра Макса і мяне. Што і казаць, мужыкі яны былі здаровыя, а боты ў іх кірзавыя. Па чарзе мы з Максам паляцелі ў лужыну. Я стараўся бегчы, колькі мог, і, нарэшце, упаў… Упаў няўдала, наткнуўшыся шчакой на ржавы цвік, што тырчаў з дошкі. Кроў палілася ручаямі, першым у лужыну паляцеў дзед Хасан. Калі ён выцягваў мяне, вертухаі заліваліся рогатам, гледзячы на сівога старога з дзіцем у руках. Дзед паставіў мяне на цвёрдую зямлю, падышоў да аднаго з рагатуноў, здаравеннага мужыка, і заляпіў яму звонкую аплявуху. Ад нечаканасці і, мабыць, усведамлення віны, той нават не зварухнуўся, а павярнуўся і пайшоў прэч… Мы здранцвелі — зараз дзеду можа быць дрэнна… Але ён супакоіў нас: усё будзе добра, а шайтанаў трэба караць. Яго ўрок мы запомнілі на ўсё жыццё. А шнар на маёй шчацэ да гэтага часу нагадвае пра той выпадак.

Дзіўныя гэта былі гадзіны, праведзеныя ў татарскім бараку, дзе не дазвалялася нават мець буржуйку, і мы сядзелі, захутаўшыся ва ўсё, што магло хоць неяк сагрэць. Сядзелі, мерзлі, але слухалі, разявіўшы раты.

А яшчэ ён расказваў пра дзіўныя мясціны, дзе заўсёды было сонца, мора і круглы год цёпла. Гэта здавалася нам увасабленнем нейкага раю, цуду. Мы слухалі і не верылі нават такому аўтарытэту, якім быў для нас дзед Хасан. Так не бывае, не можа быць, каб заўсёды было цёпла, ды яшчэ і сіняе мора ў дадатак. Гэта, напэўна, думалі мы, таксама казка дзеда. Але гэта існавала насамрэч, гэта быў жыватворны Крым — яго радзіма, пра якую ён са смуткам казаў, як пра нязбытную мару, зямлю, куды ён ніколі не вернецца.

Ніхто з нас такіх месцаў ніколі не бачыў, а таму Крым для нас быў зямлёй запаветнай, хоць мы і не ведалі такіх слоў.

З такім пачуццём я ехаў упершыню ў Крым і страшэнна баяўся, што ён не падасца мне такім казачным, такім дасканалым, якім я ўяўляў яго ў дзяцінстве пасля аповедаў дзеда Хасана. Але ён напраўду аказаўся яшчэ лепшым. Потым я шмат разоў прыязджаў туды, пабываў ва ўсіх яго кутках — ад Керчы да Сакі, лазіў на Сокал, начаваў у старажытнай Генуэзскай крэпасці, плаваў у сінім Чорным моры, захапляўся прыгожымі дзяўчатамі, знаёміўся з выдатнымі людзьмі, піў цудоўныя масандраўскія віны… Словам, Крым быў такім, якім яго любіў і памятаў да смерці дзед Хасан.

Рэферэндум. Нейкае страшнае і незразумелае слова. Ён усё вырашае. За каго? Для каго? Татары прыціскаюць рускіх у Крыме? Украінцы катуюць рускіх братоў? Не бачыў нічога падобнага і таму цяпер не веру. Але жорсткае іншаземнае слова «рэферэндум» усё перавярнула. Суседзі сталі ворагамі. Учорашнія сябры — ворагамі. Адно слова ўсё перакрэсліла. Гады гісторыі, сувязі сяброўства, стагоддзі нармальных адносін. Усё. І задаешся пытаннем: каму гэта трэба і для чаго? Прыхапіць кавалак, які выпадкова апынуўся на краі стала? Пабудаваць дом не ў Маямі, а дзе бліжэй? Дык хто не дае? Будуйце, купайцеся ў моры, адпачывайце на здароўе. Не, зноў адзін чалавек усё за ўсіх вырашыў: гэта маё! Расійскае!

Сёння я не ведаю, якой стала і стане дабраславёная зямля Крыма. «Зялёныя чалавечкі»?! У маёй любімай Блакітнай бухце ў Новым свеце яны мяне проста напалохаюць. Гэта немагчыма — спалучэнне абсалютнай прыгажосці з аўтаматам Калашнікава. Пунсовыя ветразі на шхуне «Альфа» ля мыса Меганом і камуфляжная форма ад Юдашкіна. Такое не сумяшчаецца ні з розумам, ні з эмоцыямі. Па ўсім відаць, для мяне Крым, як у дзяцінстве, застанецца казачным і недасяжным, такім, як яго бачыў і памятаў у прамерзлым сібірскім бараку дзед Хасан.

***

Віктар Ледзянёў нар. у 1941 на Каўказе. Пісьменнік, журналіст. У дзяцінстве як сын «ворага народа» быў у лагеры пад Навасібірскам. Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0