На доследным палігоне Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук будуць праведзены першыя ў Беларусі палявыя выпрабаванні генетычна мадыфікаванай бульбы.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у закрытай сістэме лабараторыі малекулярнай генетыкі створаны лініі бульбы з генам Cry3aM на аснове цудоўнага гатунку беларускай селекцыі «Скарб». Каларадскі жук іх не есць.

У 2011—2013 гадах бульба прайшла першы этап даследаванняў — выпрабаванні ў лабараторыі і цяпліцы. Выяўлена, што расліны не таксічныя і не алергенныя.

Далей даследаванні адбываюцца на спецыяльным палетку. Ён размешчаны на доследнай станцыі Інстытута генетыкі і цыталогіі ў Мінску, на вуліцы Скарыны, 34. Палетак агароджаны, на ім устаноўлены камеры кругласутачнага сачэння і гукавая сігналізацыя.

Пасля завяршэння вегетацыйнага перыяду ўсю наземную частку раслін, «бульбоўнік», спаляць у крэматорыі, а клубні будуць выкарыстоўваць толькі для навуковых даследаванняў.

У заключэнні дзяржэкспертызы бульбы з генам Cry3aM, праведзенай Інстытутам лесу НАНБ, «не адзначана ніводнага паказчыка (біялагічнага, экалагічнага, таксікалагічнага, алергеннага), які б сведчыў аб шкодным уздзеянні трансгеннай бульбы на флору, фаўну і/або здароўе чалавека».

Даследаванні ў сферы генетычнай інжынерыі раслін у лабараторных умовах праводзяцца ў Беларусі з 2002 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0