«Сёння смяротнае пакаранне — гэта мера, без якой пакуль абысціся нельга, у асаблівасці на постсавецкай прасторы», — заявіў БелаПАН міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў, каментуючы рэзалюцыю аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне, прынятую 15 лістапада Трэцім камітэтам ААН.

«Дзе, у якой краіне знаходзіцца ААН? Вось мы з той краіны будзем браць прыклад», — сказаў міністр. На яго думку, гэтая рэзалюцыя была прынята, «каб дагадзіць палітыцы, а не здароваму сэнсу».

«Здаровы сэнс такі — давайце спытаем людзей у тых краінах, дзе адмовіліся ад смяротнага пакарання. Я не лічу, што Расія з гэтым бітцаўскім маньякам паступіла ідэальным варыянтам. Тыя людзі, хто пацярпеў ад яго злачынстваў, думаюць таксама, як і я», — сказаў У.Навумаў.

Ён адзначыў, што прыняцце рашэння аб забароне смяротнага пакарання ад яго не залежыць.

«Не я буду прымаць гэтае рашэнне. Але я б хацеў, каб улічвалася меркаванне тых людзей, якія пакутуюць ад злачынстваў, а не тых, якія прыкрыты нейкімі льготамі і прымаюць такія рашэнні», — сказаў міністр.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі за апошнія пяць гадоў колькасць зарэгістраваных забойстваў паслядоўна скарачаецца. «А ў іх, у любой краіны, дзе няма смяротнага пакарання, усё якраз наадварот», — заявіў У.Навумаў.

Прапанову аб увядзенні мараторыя 15 лістапада падтрымалі 99 дзяржаў — членаў ААН, супраць выказаліся 52, яшчэ 33 — устрымаліся. Дакумент быў унесены ад імя 74 дзяржаў і заклікае краіны адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання, якое супярэчыць асноўным прынцыпам ААН.

Беларусь — адзіная з еўрапейскіх краін, якая практыкуе вышэйшую меру пакарання — пры галасаванні ўстрымалася. Расія прагаласавала ў падтрымку ўвядзення мараторыя. Супраць дакумента выступілі Кітай, Ірак, Іран і ЗША.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0