Лукашэнка чарговы раз адзначыў, што Беларусь захавала стабільную сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня, і адкрэсьліў, што на месца льгот будзе ўведзеная адрасная сацыяльная дапамога. Над выкананьнем гэтага ўказу будзе пільна сачыць Адміністрацыя прэзыдэнта.
«Задача дзяржавы — не даваць падачкі ў выглядзе льгот, а стварыць умовы для таго, каб грамадзянін меў магчымасьць забясьпечыць сабе годны ўзровень жыцьця. Чалавеку трэба даць працу, нармальны заробак, пэнсію, стыпэндыю. А дзяржаўная дапамога павінна аказвацца толькі малазабясьпечаным, тым людзям, якія сацыяльна не абароненыя, якія ня ў стане паклапаціцца пра сябе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыць павышэньня пэнсійнага ўзросту, то тут кіраўнік краіны сказаў наступнае:
«Мы не пайшлі на павышэньне плянкі пэнсійнага ўзросту — а гэта ж раскоша нават для вельмі багатых дзяржаў».