Як гэта – пражыць усё сваё жыццё пры адным прэзідэнце? Якія інфармацыйныя плыні фармуюць іх светапогляд? Мы вырашылі зазірнуць на іншы бок палітычнай і грамадскай свядомасці маладой генерацыі і пагутарылі з тымі, хто ў той ці іншай ступені падтрымлівае дзейную ўладу. 

За што гэтыя 20-гадовыя любяць сваю краіну, як разумеюць свабоду, дзеля каго замянілі бчб-сцяг, навошта патрэбныя Лядовыя палацы, чым карысныя суботнікі, як змагацца з карупцыяй, хто атрымлівае выгаду ад рэвалюцый і чаму не трэба параўноўваць сучасную Беларусь з краінамі Захаду?

Адзначым таксама, што героі артыкула пагадзіліся пагутарыць з 34mag толькі на ўмовах ананімнасці.

Міхаіл, 20 гадоў

Мянчук у трэцім пакаленні. Заканчвае эканамічны. Любіць чытаць, падарожнічаць, стасавацца з сябрамі. Нядаўна адкрыў ІП.

– Большая частка моладзі не мае ўяўлення, пра што кажа. Людзям майго ўзросту наша дзяржаўная сістэма ніколі ніякім чынам не замінала зарабляць, жыць, весяліцца і вучыцца.

Калі чалавек жыве ў сваёй краіне, ёсць дзве прычыны, з якіх ён можа пайсці на які-небудзь мітынг: або ён галадае, а дзяржава перакрывае ўсе каналы для заробку, або ў яго няма мазгоў.

Беларускамоўным ніхто не перашкаджае размаўляць на беларускай мове. Асабіста я ведаю траіх людзей, якія пастаянна ёй карыстаюцца, але гэтага не прапагандуюць. Гэта і ёсць свабода выбару, пра якую ўсе вакол кажуць, – у нас чалавек вольны выбіраць, на якой мове яму думаць.

Можа быць, прапаганда белкультуры і не на вышэйшым узроўні, але асабіста для мяне яна ідэальная. Паўсюль наша сімволіка, лозунгі «купляйце беларускае», і ўсякія іншыя знакі, якія звязваюць беларуса з яго гісторыяй. І гэта ні кроплі не раздражняе, а прыводзіць да якога-ніякага патрыятызму.

Сусветная супольнасць вельмі любіць крытыкаваць дзейнасць любой дзяржавы. Украіна прыбрала рускую мову, а на федэральных каналах ужо кажуць, што гэта спроба знішчыць рускамоўнае насельніцтва. Усё вельмі адносна.

У іншых краінах людзі могуць выйсці на мітынг і зладзіць розныя праблемы на той ці іншай службе. Напрыклад, аэрапорт стане. Гэта дае ім магчымасць думаць, што яны ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. Насамрэч гэта не так.

У мяне ёсць сваякі ў Эстоніі, якія сваімі вачыма бачылі пераход да эканомікі Еўрасаюза. Уся іх прадукцыя пайшла на экспарт, павялічыўся імпарт. Цяпер там ва ўсіх крамах ёсць усё, але грэчка, напрыклад, французская. Зарплаты і пенсіі ранейшыя, а прадукцыя каштуе ў разы даражэй. Мы вельмі любім казаць пра высокія заробкі ў Еўропе, але часта забываем пра тое, якія там высокія цэны.

Наш лідар паводзіць сябе так жа, як і ўсе палітычныя лідары, што залежаць ад іншых дзяржаваў. Яны павінны трымаць у абцугах сваю краіну і балансаваць. Мне мясцовы баланс падабаецца. Я не даведзены да такой ступені, каб пайсці на плошчу, я не хачу, каб мае сваякі пацярпелі. Я лічу, што ў нашай краіне і злачыннасць, і ўсё астатняе зведзенае да такога ўзроўню, што людзям не трэба ісці на гэтыя крокі.

Мне падабаецца тое, што ў нас мінімум злачыннасці. Памятаеце сітуацыю, калі студэнтка прачытала SMS у нейкага хлопца на тэлефоне – і тут жа перакрылі метро? Спрацавалі настолькі аператыўна, наколькі магчыма. Так, нейкі час было нязручна ездзіць, але тут жа вывелі новы транспарт.

У нас сацыяльна-арыентаваная эканоміка, яна ўвесь час развіваецца. Мы нічога не можам зрабіць з курсам валют як нацыя. Стабілізаваць свой золатавалютны запас мы не ў стане. Свайго ўнікальнага прадукту ў нас таксама няма. Таму Беларусь стварае попыт на сябе праз усе тыя прадукты, якія праходзяць праз яе транзітам. Мы ствараем попыт на краіну праз тое, чаго, па сутнасці, няма.

У нас дахалеры таленавітых людзей. Проста для кожнага таленавітага чалавека трэба ствараць інфраструктуру. Калі яе няма – значыць, няма і неабходнасці. Я глядзеў адзін беларускі фільм – «Вышэй за неба». Мне ён вельмі спадабаўся.

Я купіў бы кніжку Янкі Купалы ў добрай вокладцы. Хоць мне і прасцей спампаваць яе з інтэрнэту, усё ж такі я хацеў бы мець якаснае, новае, сучаснае выданне. Але такіх кніг няма.

Я шчаслівы. Мне ніхто не перашкаджае працаваць і зарабляць. Я хацеў бы даведацца, чаму які-небудзь іншы беларус не можа працаваць і радавацца жыццю? Неадукаваны чалавек можа ўладкавацца на які-небудзь завод. У метро вунь вісяць абвесткі: зарплата машыніста цягніка 12 мільёнаў. Гэта больш за штуку баксаў. Хопіць.

Так, я ідэнтыфікую сябе як беларуса. Я кажу: «I'm from Belarus» – і ганаруся гэтым. Нам ёсць чым ганарыцца.

Я пайду на выбары. І буду галасаваць за дзейнага прэзідэнта.

Яна, 19 гадоў

Студэнтка педагагічнага, будучая выкладчыца гісторыі. Любіць вучыцца, заўсёды хацела выкладаць. Неабыякавая да паходаў і музыкі.

– Мне падабаецца тое, што ў нас стабільнасць. У нас няма бунтаў, як у суседняй Украіне. Апошнія падзеі ў іх не прывядуць да дабра.

У любой краіне заўсёды ёсць апазіцыя. У нас у 2010 годзе яна вырашыла сябе праявіць. Вядома ж, у іх нічога не атрымалася, бо гэта было своечасова пагашана. Так, на плошчы людзі выказвалі свае думкі, але ўсё гэта было такім празаходнім. Хто там баставаў? Такія малалеткі, як мы? Яны выйшлі і сказалі тое, што ім нашапталі, большасць з іх была праплочаная.

Тое, што ў нас душаць мітынгі, гэта добра. А навошта даводзіць краіну? Наогул, ёсць паняцце мітынг, а ёсць – ламаць дзверы Дома ўрада.

Бчб у большасці пажылых людзей асацыюецца з нямецкім сцягам. Бо немцы калісьці прыходзілі граміць краіну з такімі сцягамі. Яго таму і змянілі, каб ветэраны не абураліся.

Мне як гісторыку падабаецца тое, што нашы помнікі культуры ў добрым стане. Нядаўна выйшаў фільм «Вось гэта каханне» – там вельмі шмат беларускіх мясцін, і ўсе яны прыгожыя, ахайныя. У нас неверагодная прырода, за ёй сочаць, пастаянна праводзяць суботнікі. Не сорамна прывесці замежнікаў і паказаць Беларусь.

Мне падабаецца стабільнасць у эканамічным плане. Я сёлета была ў Расіі, натуральна, параўноўвала з Беларуссю. Дык вось, цэны там такія ж, а працы няма ніякай. У нас, напрыклад, усё робіцца для таго, каб вёска не загнулася канчаткова: будуюць аграгарадкі, грошы накіроўваюць туды немалыя.

Мы не губляем сваю суверэннасць, бо ў любых перамовах і пагадненнях прысутнічае наша нацыянальнасць і адстойваюцца нашы інтарэсы. Мы не прагінаемся. У краіне павінен быць лідар – гэта як у Рымскай імперыі: ёсць Цэзар, ёсць сенат і гэтак далей.

Вось тое, што Лукашэнка робіць са школай і наогул з адукацыяй – даволі сумна. Я нават не ведаю, як гэтую сітуацыю можна палепшыць. Сама сістэма адукацыі зламаная. У нас няправільна размяркоўваюцца дзяржсродкі: настаўнік атрымлівае мізэр, а прыбіральшчыца ў метро – у 2–3 разы больш. Гэта крыўдна.

Сумна тое, што палова насельніцтва не размаўляе на мове, бо школы ў нас наскрозь рускамоўныя, а белмова выкладаецца на ўзроўні дзвюх гадзін на тыдзень. Вельмі крыўдна, калі падручнік гісторыі Беларусі напісаны на рускай мове.

Нават калі павялічыць заробак выкладчыкам, нічога не зменіцца. Большасць настаўнікаў прыходзяць тупа, каб адседзець свае гадзіны. У нас усё робіцца пад паперку. Людзі баяцца праявіць сваю ініцыятыву, укласці ва ўсё сваю часцінку. Людзі гэтага не хочуць рабіць.

Пакуль я рыхтуюся адпрацоўваць навучанне ў школе, але наогул я думала пра тое, каб пайсці ў міліцыю. Бо плацяць там лепей і цішыні больш. Няма крыклівых дзяцей.

Карупцыя ў нас таксама ёсць, але не такая моцная, як у той жа Расіі. Натуральна, усе хочуць пажывіцца. Асабліва, калі заходзіш у краму, а там каўбаса пад 100 тысяч каштуе.

Дзяржава будуецца на моцным апараце. Ну а як прэзідэнт можа за ўсёй адміністрацыяй прасачыць? Праходзяць гады, людзі змяняюцца. Апарат – гэта ж як машына. Калі ёсць карупцыя і слабасць – значыць, будзе іржа. І чым хутчэй іржа будзе распаўсюджвацца, тым хутчэй машына здохне. У нас няма гэтай іржы. Машына едзе.

У нас на лапу бяруць не ўсё і не кожны. Нават калі хтосьці і бярэ, то дзесяць разоў падумае, перш чым узяць. Бо тут гэта адсочваецца як мае быць, і гэта мяне радуе.

Ці багаты ў нас прэзідэнт? Ну відавочна, што не бедны. Я лічу, што і насельніцтва ў нас дастаткова забяспечанае.

Я не люблю, калі нас параўноўваюць з краінамі Захаду: «Вось, у Англіі так, а ў Амерыцы так». А што вы параўноўваеце? У нас прыгоннае права адмянілі ў 1861 годзе, а ў Англіі ўжо метро функцыянавала.

Усе ведаюць пра свята Івана Купалы, але мала хто ведае, што ў нашых пашпартах на кожнай старонцы ёсць ліст папараці як сімвал. Ён бачны пры ультрафіялеце. Большасць пра гэта не ведае, пра наша, беларускае.

Сёння ў маладых няма палітычнай мудрасці, разумення працэсаў. Я, напрыклад, лічу, што ў нас дэмакратыя, але з іншага боку: дзе свабодная прэса? Вось мы цяпер сядзім, шэпчамся і нават баімся слова сказаць. Бо потым сабакі не адкапаюць.

Аляксей, 22 гады

Працуе па фрылансе, некалькі месяцаў на год праводзіць у сваёй дзяўчыны ў Харкаве. Захапляецца транспартам, 3D-мадэляваннем. Не п’е, не паліць.

– Горад у нас прыгожы, чысты. Прамысловасць на фоне суседзяў працуе. Пытанне ў тым, перад кім гэтым ганарыцца? У мяне шмат знаёмых з Украіны – вось перад імі я магу ганарыцца тым, што ў нас тут яшчэ не ўсё прасралі. Трагічна, вядома, канкураваць «Гарызонту» з LG або Samsung, але ён таксама спрабуе выжыць, працуе з кітайцамі, мікрахвалёўкі робіць і ўсё такое.

Асаблівую гордасць у мяне выклікае наш грамадскі транспарт, ва ўсялякім выпадку тое, што збіраецца ў краіне. Як бы там ні было, «Белкамунмаш» вырабляе найлепшыя тралейбусы ў СНД.

У нас куляюць спадарожнікі ў космас, перыядычна нават з поспехам. Здаецца, навука ідзе, але, мабыць, крыху не туды. Гэта пасля Саюза засталося, там усё было кінута на ваенную вытворчасць, а бытавыя патрэбы пайшлі па баку.

Такая колькасць лядовых палацаў і рэзідэнцый мне таксама не надта падабаецца. З іншага боку, яны вельмі прыгожыя і імі можна выхваляцца перад турыстамі. Мяркуючы па ўсім, Беларусі вельмі важна выпендрыцца перад бліжэйшымі суседзямі. Трэба ж на фоне кагосьці выглядаць добра.

Я не сутыкаўся з карупцыяй, можа быць, таму, што не вельмі часта сутыкаюся з дзяржструктурамі. Іншая рэч – пастаянна, калі хтосьці ідзе ў паліклініку, усплывае гэтае: «Ну, трэба ж нешта прынесці». Але гэта не павеў новага часу – у нас апошнія гадоў дзвесце так. Нешта ўкаранілася ў свядомасці.

Калі не казаць тое, што вельмі не падабаецца палітыкам, адчуваеш сябе вольна. Падобная сітуацыя існуе ў любой краіне: розніца толькі ў тым, наколькі гучна ў тым ці іншым месцы дазваляюць казаць не пажаданыя для ўладаў рэчы.

На жаль, беларуская мова сама па сабе асацыюецца ў многіх з апазіцыяй і, мякка кажучы, чымсьці не вельмі адэкватным. Многія разумеюць, што гэта няпраўда, але так склалася.

Мы пастаянна будуем палацы спорту і галасуем за здаровую нацыю, а побач прадаём за капейкі алкаголь і цыгарэты. Дык вось, калі мы хочам змагацца за здароўе нацыі, трэба павышаць цэны. Калі «чарніла» каштуе восем тысяч, а малако – дзесяць, у галовах абывацеляў нешта пачынае караціць.

Не галасаваць – нецікава. Я не надта разумею байкотаў выбараў, бо так ці інакш хтосьці гэтыя галасы падлічвае. І нават калі падлічвае няправільна, калі-небудзь хто-небудзь падлічыць правільна. А калі людзі не ходзяць галасаваць, то і атрымліваецца 93 % за ўрад. Лагічна?

Ва Украіне кажуць, што рэвалюцыю народ зрабіў. Але звычайна трэба зыходзіць з таго, каму гэта выгадна. Каму выгадны прыход праеўрапейскага ўрада? Шчыра кажучы, гэта выгадна Еўропе. ЕС падпіша асацыяцыю і адкрые мяжы. Але што ўкраінцам туды адпраўляць? Гарэлку і прастытутак? Гэта, па-мойму, і так туды ідзе.

Усе кажуць, што мы цяпер такія залежныя ад Расіі, а вось у Еўразвязе мы будзем незалежныя. Ну гэта ж трызненне.

Тыя, хто стаяў на плошчы, вядома, стаялі не за грошы. Але, груба кажучы, імі кіравалі тыя, хто стаяў за грошы. Гэта значыць, што рабяты сапраўды стаялі за ідэю, а за іх спінамі – тыя, каму заплацілі.

Часта кажуць «гэтае паветра несвабоды» і гэтак далей. Я не думаю, што тут прама нейкае асаблівае паветра. Проста ў нас сапраўды больш парадку, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Амаль што няма нічога дрэннага.

Бацька – афігенна харызматычны чувак. Любы з вядомых мне палітыкаў на сённяшні момант цьмянее ў параўнанні з Лукашэнкам. Гэта вельмі крута, і ўсе яго прэс-канферэнцыі сапраўдныя, жывыя. Я стараюся глядзець усе яго інтэрв’ю, мне цікава слухаць, як і што ён кажа. У большасці выпадкаў ён кажа вельмі правільныя рэчы.

Нашы лідары звычайна распавядаюць пра нейкія аморфныя паняцці: правы чалавека, свабоду слова. Дык вось, для большасці насельніцтва гэта нешта вельмі далёкае, бо канкрэтна іх правы ў прынцыпе ніхто не парушае.

Я не сказаў бы, што ў нас дыктатура. А ў чым яна выяўляецца, акрамя адсутнасці свабоды слова і наяўнасці палітвязняў? Мне гэтага мала. Дыктатура – гэта мільён расстраляных асабіста Сталіным.

Вонкава мы адназначна Еўропа. У Горадні так наогул Еўропа Еўропай. Але насамрэч мы дзесьці паміж. Ва ўсялякім выпадку, мы дакладна не Расія, па атмасферы, па людзях. Мы – гэта мы. Мы такія добрыя ўсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?