Сяргей Грыгаровіч вырашыў паназіраць за рэакцыяй гараджан.

Аўтар дадзенага даследавання — вядомы кіеўскі праграміст Сяргей Грыгаровіч, дырэктар кампаніі GSG Gameworld, якая з'яўляецца стваральнікам такіх камп'ютарных гульняў, як «Казакі» і S.T.A.L.K.E.R. Ён вырашыў пашукаць у Кіеве міфічных бандэраўцаў метадам «лоўлі на жыўца». Для гэтага прычыпіў сабе на адзенне георгіеўскую стужку, якая «ў аўтарытэце» ў сепаратыстаў Данбаса. Якія прыгоды здарыліся з ім у той час, калі ён хадзіў па Крашчаціку ў такім выглядзе?

«Жонка жудасна плакала»

Пачалося ўсё раніцай. Стаў шукаць, дзе можна купіць стужачку, і паехаў па адрасе з пошукавіку. Стужку не знайшоў. Абышоў усіх прадаўцоў сувеніркі на Майдане, таксама не знайшоў. Паехаў у краму тканін і купіў метр стужкі з георгіеўскімі колерамі. Склаў яе птушачкай і шпількай прымацаваў на грудзей. Атрымалася вельмі рэалістычна.

Прадаўшчыца, паглядзеўшы на мяне квадратным вачыма, спыталася на ўсю краму гучна: «Навошта гэта патрэбна георгіеўская стужка?» Я ўсміхнуўся і сказаў, што самазабойца і лепшага спосабу сысці ў іншы свет не знайшоў, як такім спосабам.

Далей паехаў на Майдан з жонкай. Хацеў, каб яна мяне паздымала. Па шляху яна разнервавалася і закаціла істэрыку, што знойдуцца нейкія дурні, якія мяне паб'юць.

Жудасна плакала. Я ўжо і пашкадаваў, што ў цягнуў яе ў гэта. Спрабаваў растлумачыць, што ўсё будзе добра, але яна не слухала. Адвёз яе дадому, сказаў, што абяцаў хлопцам.

Паехаў на Майдан. Прыехаўшы, пачаў шукаць месца на паркоўцы паміж Еўрапейскай плошчай і Майданам.

Даў інтэрв'ю тэлевізійнікам

Пабачыў тэлевізійнікаў, якія здымаюць на камеру і паказваюць на ТБ усіх, хто хоць нешта хоча сказаць народу ў тэлевізар. Адчыніўшы акно ў машыне, спытаў, ці будуць мяне здымаць. Дзяўчына з усмешкай адказала, што будуць. Я спытаў, ці не бянтэжыць яе стужка на маіх грудзях. Тут яна перастала ўсміхацца, нават нешта нядобрае я прачытаў у вачах, але спытала: «Вам ёсць, што сказаць? Запісвацца будзеце?» Адказаў, так, толькі запаркуюся.

Даў кароткае інтэрв'ю пра талерантнасць, плюралізм і павагу да чужога меркавання. Вакол сталі спыняцца мінакі, з пытаннямі на твары, з некаторымі разгаварыўся. Камусьці казаў, што за ЛНР, але супраць ДНР. Камусьці, што гэта мае перакананні, камусьці, што правяраю ўзровень талерантнасці майданаўцаў. Увогуле, складаў свае прамовы на хаду: і размовы ні пра што, па сутнасці, і людзі сустракаліся асабліва інтэлігентныя. Я разумеў, што ад іх мардабою не дачакаешся ўжо сапраўды, і пайшоў на Майдан, бліжэй да елкі. Там пагуляў, палавіў на сябе погляды, пафатаграфаваў. Дарэчы, кожны другі чамусьці спыняўся мяне фатаграфаваць, пасля майго пытання «ці не бянтэжыць іх мая георгіеўская стужка на грудзях?»

Як адрэагавалі гараджане

Увогуле, усё было, як я і чакаў. Усе выхаваныя і талерантныя, але кожны другі быў вельмі злы, альбо разгневаны, альбо здзіўленне нездаровае чыталася ў позірку, але ў бойку ніхто не палез. І ніхто мне не пагражаў. Хоць фразы «Ішоў бы ты хлопец адсюль, пакуль з табой не здарылася чаго» гучалі, але неслі папераджальны, клапатлівы, мірны характар.

Многія адмаўляліся са мной фатаграфавацца, на пытанне «ну чаму?» не маглі даць адказу, няёмкасць перамагала. За адным у вышыванцы чорна-чырвонай я ледзь не бег з мэтай сфатаграфавацца, але ён схаваўся ў былым музеі Леніна на Еўрапейскай плошчы з усмешкай на твары, дзе хлопцы ў камуфляжы вывешвалі фоты герояў нябеснай сотні. Папрасіў сфатаграфаваць мяне насупраць сотні. Пакінуў кветкі. Усе глядзелі квадратнымі вачыма. Чалавек з георгіеўскай стужачкай усклаў кветкі да сцяны славы загінулых герояў Майдана. Але ад пытанняў утрымаліся.

«У нас нават калі ты белая варона, цябе не задзяўбуць»

Пасля паехаў у элітны спортклуб. Там зусім было ўсё прыстойна. Ніхто нават не тузаў мяне за руку з прапановай: а пагаварыць… У дзяўчат на рэсепшн спытаў, ці не бянтэжыць іх стужка? Яны перапыталі: а што павінна бянтэжыць? Усміхнуўся і пайшоў на трэніроўку. Трохі дзіўнымі вачыма глядзела ахова клуба, але яна заўсёды так глядзіць. У мяне адчуванне, што нават калі я прыйшоў бы голы, то погляды былі тыя ж, але ніхто нічога не сказаў.

Увогуле, мая выснова такая: у Кіеве, ды і на Майдане, дзе шмат прыезджых, пануе нармальная талерантная атмасфера павагі і плюралізму любых меркаванняў, нават такіх, якія радыкальна не ўпісваюцца ў рамкі сённяшняга Майдану. Што і патрабавалася даказаць. Дзеля чаго ўласна і праводзіў гэты эксперымент. У нас, нават калі ты белая варона, цябе не задзяўбуць. Таму што ўсе людзі і кожны мае права на ўласную пазіцыю.

Пытаўся, дзе можна знайсці фашыстаў тут, пакруцілі ля скроні. Зноў фашыстаў не знайшоў, хоць шукаю ўжо восьмы месяц. Размаўляў з хлопцам у берцах, іракезам і апранутым у чорнае з жоўта-блакітнай стужкай (сам з западэншчыны), але гэтыя зусім выхаваны і душэўныя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?