На пасаду старшыні Партыі БНФ прэтэндуюць тры асобы: цяперашні старшыня Вінцук Вячорка (1961 г. н.), ягоны даўні, ад 1980‑х паплечнік Віктар Івашкевіч (1959 г. н.) і намесьнік старшыні партыі Алесь Міхалевіч (1975 г. н.). Да ягонай кандыдатуры асаблівая ўвага: у выпадку перамогі Міхалевіч стане наймаладзейшым з партыйных лідэраў краіны. Упершыню на першыя пазыцыі выйдзе палітык, народжаны ў 70‑я. Такая зьмена можа выклікаць ланцуговую рэакцыю абнаўленьня лідэрства ва ўсёй апазыцыі. Зьезд ПБНФ адбудзецца 8—9 сьнежня ў ДК МАЗ.

«НН» апытала сябраў партыі. Як яны ставяцца да кандыдатаў? Ці будзе на карысьць Беларусі зьмена пакаленьняў? Ці насьпела яна?

Лявон Баршчэўскі, Менск (1958 г.н.): «Прыход новага пакаленьня палітыкаў ідзе заўсёды на карысьць любой арганізацыі ці партыі. Але справа ў тым, што я пакуль ня бачу ў маладзейшых сябраў Партыі БНФ дастатковага аўтарытэту, каб узначаліць арганізацыю. Аўтарытэт нельга купіць за грошы, яго можна толькі заслужыць сумленнай працай. Партыя БНФ па‑ранейшаму трымаецца на пэўным коле асобаў, якія былі заснавальнікамі руху напрыканцы 1980‑х. На мой погляд, зьмена старшыні магчымая толькі сярод лідэраў таго пакаленьня».

Віталь Амяльковіч, Слуцак (1980 г.н.): «Зьмена кіраўніка партыі павінна быць спакойным і натуральным працэсам, без залішніх эмоцыяў. Два—тры тэрміны старшынства запар дастаткова для таго, каб дзейны старшыня падрыхтаваў сабе пераемніка. Карысьць ад зьмены пакаленьняў? Яна будзе толькі ў тым выпадку, калі гэта прыстойная і сумленная зьмена».

Сяргей Антусевіч, Горадня (1973 г.н.): «Тут гаворка не пра новага лідэра, а пра новы твар партыі, новыя ідэі і плыні. Нічога кепскага ў гэтым няма. У народзе часам кажуць, што ад таго ці іншага чалавека проста замыльваецца вока. Шмат гадоў у кіраўніцтве партыі могуць прывесьці да таго, што чалавек ня будзе адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць. Мне згадваецца прыклад кіраўніка гарадзенскай філіі Партыі БНФ Сяргея Мальчыка, калі ён добраахвотна на два гады адышоў ад кіраўніцтва, каб зірнуць на ўсё іншымі вачыма. У любой дэмакратычнай арганізацыі павінны быць прапісаныя тэрміны знаходжаньня ля кіраўніцтва. Скажам, два тэрміны ці тры, але ня больш. Разам з тым, калі да кіраўніцтва прыйдзе новае пакаленьне, то ня мусіць перакрэсьлівацца ўсё добрае, што рабілі папярэднікі. Старэйшыя таксама павінны заставацца ў партыі, каб сваёй мудрасьцю і дасьведчанасьцю дапамагаць новаму кіраўніцтву».

Павал Батуеў, Салігорск (1982 г.н.): «Для мяне больш важным зьяўляецца ня прынцып ратацыі кадраў, а прынцып свабоднай канкурэнцыі. Таксама немалаважным зьяўляецца прынцып здаровага сэнсу. Што да новага пакаленьня, то сёньня ў партыі моладзь запрашаюць толькі як своеасаблівую пяхоту, якая ўдзельнічае ў мітынгах і разносіць улёткі. Разам з тым, практычна ніхто не дае моладзі магчымасьці самой браць удзел у распрацоўцы гэтых улётак. У гэтым пляне сытуацыя анамальная і яе трэба зьмяняць».

Барыс Вырвіч, Бялынічы: (1966 г.н.) «Абедзьве ідэі мне падаюцца са знакам плюс. Два—тры тэрміны — гэта дастаткова для старшынства. Тым болей, што за апошнія гады ў партыі няма значнага прагрэсу. Мы стаім на адным месцы. У партыі прыходзіць мала людзей».

Валянціна Сьвяцкая, Менск (1958 г.н.): «Да магчымасьці зьмены кіраўніка стаўлюся катэгарычна адмоўна. Я падзяляю погляды і справы сёньняшняга кіраўніцтва. Што да зьмены пакаленьняў, то больш эфэктыўнай мне падаецца супраца старэйшых сябраў партыі з маладзейшымі».

Валеры Пуціцкі, Рэчыца (1967 г.н.): «Зьмена лідэраў мусіць быць звычайнай зьявай, якая сьведчыць, што партыя разьвіваецца. Старшыня — гэта не пажыцьцёвая пасада, таму рана ці позна зь ёй давядзецца разьвітацца. Але гэтая зьмена мусіць адбывацца ўзважліва і падрыхтавана, а ня з ускоку, як некаторыя гэта хочуць. Лідэрства ў сабе могуць адчуць ня толькі маладыя, але і людзі старэйшага пакаленьня. Асабіста я буду балятавацца на пасаду старшыні Гомельскай абласной арганізацыі».

Сяргей Салаш, Барысаў (1974 г. н.): «Зьмена пакаленьняў пойдзе толькі на карысьць арганізацыі, дасьць ёй новы штуршок да разьвіцьця. Сёньня БНФ не абмяжуецца толькі касмэтычным рамонтам, трэба пачынаць сур’ёзную працу па адраджэньні палітычнай сілы, задача якой — адстойваць інтарэсы беларусаў. Што да Вячоркі, то яму трэба ўзяць паўзу, абдумацца».

Кастусь Смолікаў, Віцебск: (1971 г. н.) «Зьмена пакаленьня адбываецца незалежна ад таго, ці хочам гэтага мы. Гэта на карысьць усім, бо на месца яшчэ савецкага пакаленьня палітыкаў, якое ўжо стамілася і хоча на адпачынак, прыходзяць маладыя і крэатыўныя людзі».

Аляксей Янукевіч, Менск (1976 г. н.): «У дадзенай сытуацыі да зьмены лідэра партыі стаўлюся адмоўна. З усіх трох прэтэндэнтаў на крэсла старшыні найлепшым чынам дзейнасьць БНФ можа забясьпечыць менавіта Вінцук Вячорка. У іншых кандыдатаў я не заўважаю сур’ёзнага бачаньня разьвіцьця Фронту. Зьмена пакаленьняў у Партыі адбываецца апошнія чатыры гады. У пэрспэктыве гэта немінуча прывядзе да зьмены старшыні, але не на гэтым зьезьдзе».

Алесь Дзергачоў, Смургоні (1956 г. н.): «Здаровая канкурэнцыя ўнутры партыі яшчэ нікому не ішла на шкоду. Я ня бачу ў гэтым зьезьдзе канфлікту пакаленьняў, бо Вячорка і Івашкевіч — людзі адной генэрацыі. Тут хутчэй трэба весьці гаворку пра тактыку БНФ на два бліжэйшыя гады. У сваю чаргу зьмена пакаленьняў, натуральна, пайшла б арганізацыі на карысьць. Наша пакаленьне ўжо крыху прытармазіла ў сваім разьвіцьці. На нас ціснуць усе гэтыя паразы апошніх 14 гадоў, мы страцілі свой аптымізм, а моладзь яго яшчэ мае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?