Тое, што на чале "Белай Русі" сёньня паставілі Радзькова, пацьвярджае маё меркаваньне: праект гэты ня ўдарны, а — так, паводле прынцыпу "ў гаспадарцы й гэта не зашкодзіць".

Наколькі не выклікае сумненьняў гарачая адданасьць міністра адукацыі таму, каму абавязаны кар'ерай, настолькі ж відавочна, што пра палітычную харызму тут казаць не выпадае. Сёньня, дарэчы, адпала вэрсыя, што "БР" узначаліць Віктар Лукашэнка.

Канешне, Радзькова як паставілі, так і адсунуць могуць у любую хвіліну. Сам ён між тым заслупаваў сёньня магчымасьць навастворанай структуры ператварыцца ў партыю.

Але патас мерапрыемства наводзіць на думку, что лепяць гэткі БРСМ для старэйшых. Мэтай ёсьць, кажучы мовай савецкіх функцыянэраў, "ахоп членствам". Хай сабе тыя фармальныя чальцы подзьвігаў у імя Лукашэнкі ня зьдзейсьняць, але будуць як мінімум адчуваць, што павязаныя дадатковай адказнасьцю. Шмат у каго засталіся адпаведныя рэфлексы часоў СССР, так што будуць дружна хадзіць на суботнікі ды плаціць унёскі. Маладзейшых жа могуць прывабіць пэўнымі прывілеямі: білет чальца пэўна ж надасьць шанцаў кар'еры, плюс розныя там дысконтныя карткі, усё такое…

"Партыя" — ад лацінскага "частка". Колькі б ні бэсьцілі аб'яднаную апазыцыю за спробы скрыжаваць вужа з вожыкам, але ўсё ж ПКБ ад БНФ за вярсту адрозьніш :) Партыя заўжды пазыцыянуе сябе як выразьніца інтарэсаў пэўнай часткі грамадзтва.

На сёньняшнім жа сходзе цьвердзілі пра неабходнасьць аб'яднаць прадстаўнікоў розных слаёў, сацыяльна згуртаваць усё грамадзтва. А ідэалёгія зводзіцца да савецкага трафарэту: "Усе як адзін…" (далей ідзе той ці іншы варыянт мабілізацыйнай формулы — "выйдзем на суботнік", "скажам "не" плянам імпэрыялізму", "прагаласуем за кандыдатаў непарушнага блёку...") .

Дарэчы, "БР" цалкам можа ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях і пры цяперашнім статуце. Вось вам гатовая рэзэрва кадраў для вылучэньня ў акругах ды камплектацыі розных там выбаркамаў!

Што ж да ператварэньня ў клясычную партыю ўлады, то гэты варыянт трымаецца ў галаве хіба на ўсялякі пажарны.

Лукашэнка добра ведае цану такім "баявым авангардам" на прыкладзе дэградацыі КПСС.

Звыш таго, паўтара дзесяцігодзьдзі назіраньняў за палітычным стылем гэтага дзеяча даюць падставу меркаваць: ён ня з тых, хто разагнаўся б дзяліцца ўладай нават з партыяй улады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?