Канферэнцыя падзялілася на дзве часткі. Досыць хутка партыйныя актывісты зацвердзілі спіс дэлегатаў ад Магілёва, што складаўся з 7 чалавек. А далей адбыліся выступы старшыні Партыі БНФ і яго намеснікаў, што вельмі нагадвалі перадвыбарчую агітацыю.
Прэтэндэнты на лідэрства абралі розныя тактыкі датычна далейшага развіцця БНФ. Так, Вінцук Вячорка станоўча ацаніў праведзеную кампанію на выбарах-2006 ды заявіў, што Фронт у наступныя два гады зоймецца мабілізацыяй грамадства, каб прымусіць уладу сесці за стол перамоваў з апазіцыяй. Пры гэтым кіраўнік партыі заявіў, што БНФ мусіць выйсці з ценю апазіцыі і Рады АДС, акрамя таго, ва ўсіх кааліцыях партыя мусіць мець "права вета" – і гэта паводле спадара Вячоркі, афіцыйнае пасланне для ўсіх суб’ектаў палітыкі.
Віктар Івашкевіч заявіў, што ў будучым годзе сябры партыі БНФ могуць быць абранымі ў Палату прадстаўнікоў і створаць там сваю фракцыю.
Што ж датычна выступу Алеся Міхалевіча, то тут прагучала досыць амбіцыйная заява пра тое, што БНФ можа самастойна ўзяць уладу ў краіне. Пры гэтым ён досыць скептычна паставіўся да парламенцкіх выбараў. На яго думку, галоўнае зараз – працаваць з перспектыўнымі групамі насельніцтва: прадпрымальнікамі і хрысціянамі.
На пытанне Рацыі датычна прэзідэнцкіх выбараў-2011 Вячорка адказаў, што БНФ мусіць абавязкова мець свайго кандыдата ды свайго кіраўніка перадвыбарчага штабу. А паводле Міхалевіча, змены ў краіне наступяць раней за дату наступных выбараў. І прэзідэнтам стане Аляксандар Мілінкевіч.