Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд прыбыў у Менск 30 чэрвеня, каб узначаліць пасольства Злучаных Штатаў у Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба дыпмісіі.

Раней Скот Роланд працаваў дырэктарам праграмы дарадцаў па міжнародных справах пры бюро па ваенна-палітычных пытаннях Дзярждэпартамента ЗША, служыў у якасці аташэ па справах інфармацыі, адукацыі і культуры ў пасольствах ЗША ў Малайзіі, Афганістане, Германіі (Франкфурт) і Эквадоры; быў генеральным консулам у Екацярынбургу, дырэктарам інфармацыйнага цэнтра ў Пакістане (Ісламабад), спецыялістам па праграмах развіцця новых нямецкіх федэральных зямель у Берліне і памочнікам аташэ па сувязях з грамадскасцю ў Баку.

Валодае рускай, нямецкай і іспанскай мовамі.

Да прыходу на службу ў Дзярждэпартамент Скот Роланд выкладаў рускую мову з дапамогай ТБ для студэнтаў сельскіх школ штата Віскансін з 1990 па 1993 год. У 1992 годзе Нацыянальны гуманітарны фонд ЗША прысвоіў яму званне «Заслужаны педагог».

У 1988 годзе Скот Роланд працаваў гідам на выставе «Інфарматыка ў жыцці ЗША», арганізаванай Інфармацыйным агенцтвам ЗША ў Мінску, Ленінградзе і Магнітагорску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?