Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка па выніках пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі і абароны прыняў рашэнне прыпыніць дзеянне рэжыму аднабаковага спынення агню на Данбасе.

«Мы будзем наступаць і будзем вызваляць нашу зямлю, — гаворыцца ў ягонай заяве. — Непадаўжэнне рэжыму спынення агню — гэта наш адказ тэрарыстам, баевікам, марадзёрам, усім тым, хто здзекюецца з мірнага насельніцтва, хто паралізуе працу эканомікі рэгіёну, хто зрывае выплаты заробкаў, пенсій, стыпендый, хто падрывае чыгунку, разбурае вадаправоды, хто забраў у людзей нармальнае мірнае жыццё», — адзначыў прэзідэнт Украіны ў сваім звароце.

За 10 дзён замірэння баевікі парушалі яго 108 разоў. У выніку загінула 27 і было паранена 58 украінскіх сілавікоў. У тым ліку быў збіты ўкраінскі верталёт. Акурат у часе замірэння баевікі ўпершыню ўжылі танкі.

Патрабаваннем Украіны было вярнуць кантроль над захопленымі памежнымі пунктамі і адпусціць закладнікаў. Баевікі нічога гэтага не зрабілі.

«На працягу дзесяці сутак мы прадэманстравалі Данбасу, Украіне, усяму свету сваю прыхільнасць да мірнага спосабу ўрэгулявання справакаванага звонку канфлікту. Жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей мы прадэманстравалі добрую волю ўкраінскай улады. Працавітыя і мірныя людзі, якія складаюць большасць данчан і луганчан, адчулі нашу сімпатыю, любоў і павагу. Яны ўбачылі шчырую гатоўнасць Кіева лічыцца з іх адмысловымі думкамі і спецыфічнымі інтарэсамі. І яны зразумелі, што іх бяспека з'яўляецца нашым галоўным прыярытэтам», — адзначыў Парашэнка ў сваім звароце.

Паводле яго слоў, яшчэ мацнейшай стала міжнародная падтрымка Украіны.

«Менавіта падчас спынення агню я падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі і паглыбленай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю з Еўрапейскім Саюзам. Аднак, унікальны шанец па ажыццяўленні мірнага плана не рэалізаваны. Так адбылося з-за злачынных дзеянняў баевікоў. Яны публічна дэкларавалі сваё нежаданне падтрымліваць мірны план у цэлым і спыненне агню ў прыватнасці. З выклікам, больш за сто разоў, парушылі рэжым перамір'я», — заявіў Парашэнка.

«Палітычнае кіраўніцтва сепаратыстаў прадэманстравала нежаданне і няздольнасць кантраляваць дзеянні сваіх тэрарыстычных падраздзяленняў і банд марадзёраў. Адмена рашэння Рады Федэрацыі аб дазволе ўводзіць расейскія войскі ва Украіну мела станоўчае, але сімвалічнае значэнне. Мы так і не дачакалі канкрэтных крокаў па дээскалацыі сітуацыі. У тым ліку і ў частцы ўмацавання кантролю за мяжой. Нягледзячы на гэта, мір быў, застаецца і будзе маёй мэтай. Змяняюцца толькі інструменты яе дасягнення», — падкрэсліў прэзідэнт.

«Пасля абмеркавання сітуацыі, я, як Вярхоўны Галоўнакамандуючы, прыняў рашэнне не працягваць рэжыму аднабаковага спынення агню. Абарона тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, бяспекі і жыцця мірных грамадзян патрабуе не толькі абарончых, але і наступальных дзеянняў супраць тэрарыстаў-баевікоў. Узброеныя Сілы, Нацыянальная гвардыя, Дзяржаўная памежная служба, Служба бяспекі атрымалі адпаведныя загады», — заявіў прэзідэнт.

У рэалізацыі пастаўленых задач па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці яны больш не абмежаваныя рэжымам спынення агню.

«Мы будзем наступаць і вызваляць нашу зямлю. Непрадаўжэнне рэжыму спынення агню — гэта наш адказ тэрарыстам, баевікам, марадзёрам. Усім тым, хто здзекуецца з мірнага насельніцтва. Хто паралізуе працу эканомікі рэгіёна. Хто зрывае выплаты заробкаў, пенсій, стыпендый. Хто падрывае чыгунку і разбурае вадаправоды. Хто забраў у людзей нармальнае, мірнае жыццё. Узброеныя Сілы Украіны, Нацыянальная гвардыя, іншыя падраздзяленні ніколі не дазволяць сабе ўжываць сілу супраць мірных людзей. Яны ніколі не будуць біць па жылых кварталах», — дадаў Парашэнка.

«На нас — адказнасць і перажыванне за кожнае мірнае жыццё, якое, не дай Божа, можа абарвацца пры ваеннай ці антытэрарыстычнай аперацыі. Гэта патрабуе ад нас надзвычайнай выверанасці кожнага руху ў правядзенні аперацый. Звяртаюся да кожнага жыхара Данецкай і Луганскай абласцей з просьбай з разуменнем паставіцца да майго рашэння. Прашу стаць саюзнікамі ў вяртанні бяспекі на Данбас», — адзначыў ён.

«Так, вы не можаце супрацьстаяць бандытам фізічнай сілай. Але вашыя сіла волі і сіла духу, ваша грамадзянскае непадпарадкаванне ў так званых «народных рэспубліках», нецярпімасць і пагарда да тых, хто стаў на шлях бандытызму, марадзёрства і тэрору, наблізіць той дзень, калі ў вашы дамы, на вашы вуліцы вернецца моцны мір. Усім, хто стаў на шлях збройнага супраціву законнай уладзе, але усвядоміў, што дапусціў памылку і хоча яе выправіць, я, як прэзідэнт, гарантую непрыцягненне да крымінальнай адказнасці. Умова адна — добраахвотна скласці зброю», — адзначыў Парашэнка.

«Наш мірны план як стратэгія для Украіны і Данбаса, застаецца ў сіле. І раззбраенне. І дэцэнтралізацыя. І свабоднае выкарыстанне рускай мовы. І аднаўленне страчанага жылля за кошт дзяржавы. І сумесная з ЕС праграма стварэння новых працоўных месцаў. І нават да рэжыму спынення агню мы гатовыя вярнуцца ў любы момант. Калі пабачым, што ўсе бакі прытрымліваюцца выканання асноўных пунктаў мірнага плана. Што баевікі вызваляюць закладнікаў. Што і па той бок усходняй мяжы загарэлася чырвонае святло дыверсантам і пастаўшчыкам зброі, і за выкананнем рэжыму на мяжы назірае АБСЕ», — заявіў ён.

«Дарога да міру аказалася трохі складанейшай, чым хацелася. Не хачу прыхарошваць рэчаіснасць. Будзе нялёгка і няпроста. Нам, як ніколі, варта згуртавацца для абароны Украіны. Гэта патрабуе самааддачы і дысцыпліны не толькі на перадавой, але і ў тыле. Але не было яшчэ ні адной вайны, пасля якой не надыходзіў бы мір. Так будзе і ў гэты раз».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0