Паляпшэньне жыльлёвых умоваў не заўжды на радасьць. Два тыдні таму ў Адміністрацыю прэзыдэнта прыйшоў ліст ад жыхароў вёскі Агарэвічы, работнікаў аднайменнага СПК, што месьціцца за 6 км ад Ганцавічаў. Зь ім – відэаматэрыялы, што пацьвярджаюць: жыць у атрыманых імі прэзыдэнцкіх дамкох немагчыма...
Ня бачна весялосьці
Вуліцу Моладзевую, дзе збудавана 15 дамоў, можна падзяліць на тры ўмоўныя групы. Першыя пяць узьніклі, як толькі прэзыдэнт кінуў кліч пра будаўніцтва на вёсцы; гэта салідныя і ўпарадкаваныя маёнткі. Іншыя пяць (№№ 11, 13, 15, 17, 19) – таксама прэзыдэнцкія, але тут ні плоту, ні хлявоў вялікіх. Панура выглядаюць. Заходжу ў дом №11.
Паводле спадарства Агейкаў, усё патрабавала рамонту: танюткія нутраныя сьцены давялося ўзмацняць, падлогу перацягваць (была выслана сырымі дошкамі), столь выглядала жудасна. На фарбы, шпатлёўкі, шпалеры, цэмэнт пайшло безьліч грошай. Гаспадары дому дзівуюць: будаўнікі патрацілі каля 20 тыс. даляраў, а хлява няма. І аўтар дзівуе: на што жывяцё, калі кармілец Леанід за студзень атрымаў 80 тысячаў?
«Каб не было сьвіньняў ды кароваў, цяжка давялося б! У хаце цёпла, але аднаго брыкету за зіму пайшло 6 тонаў (тона – 42 тыс.). Самастойна вырашалі пытаньне з хлявом...
Зьдзівіла тое, што зводдаль дому №13, у каторым жывуць Пакумейкі, збудавана «шпакоўня». Аказваецца, перамерзла каналізацыя ў студзеньскія маразы, па-другое, выкачка за кошт жыхароў. А «шпакоўня» – мажлівасьць зэканоміць.
Гаспадарам дому №15 самім давялося купляць блёкі і будаваць хлеў. Уладзімер Шацкі, мэханізатар, за сьнежань атрымаў 39 тыс., за студзень – 54 тыс. Як выжыць з такім камічным заробкам? Таксама згадвае пра хлеў: свая гаспадарка ратуе.
Дзяржава не жадае эканоміць?
– Я рыдала, калі атрымалі гэты дом №19, – кажа Ганна Далматава. – Колькі ўклалі сюды працы, грошай – у гэтыя голыя сьцены, столі, падлогу! Як хацелася, каб нам проста купілі дом у Агарэвічах. Прадаваўся на вёсцы за $3,5 тыс.: цёплы, ёсьць гараж, вялізны хлеў, участак, сад, летняя кухня. На гэтым жа можна было зэканоміць! Дык не: уручылі гэты, амаль за 20 тыс. даляраў, дзе мы самі рабілі дзень і ноч, каб больш-менш упарадкаваць. Мелі трох кароў, малако давала неблагі прыбытак, які ўклалі ўва ўпарадкаваньне. Самастойна вырашылі пытаньне з хлявом: набылі ў вёсцы хату за 300 даляраў, нанялі хлопцаў – і за 500 даляраў яны яго тут і збудавалі. На гэтых трох буронках падарвала здароўе, праца ж бо ручная. Зрабілі мне апэрацыю і папярэдзілі: нічога цяжкога не рабіць.
– Увогуле, гэта частка вуліцы будавалася на тым месцы, дзе колісь багна была, тут летась нават трактар гусенічны патануў, – далучаецца да гутаркі муж Сяргей. – Мне давялося прывезьці ля 100 прычэпаў пяску, каб падвысіць участак. Дзякуем кіраўніку гаспадаркі: уваходзіць у наша становішча... Але дом – лухта. Мы паднялі падлогу ў адным з пакояў, а там керамзіту... паўтара вядра. Ды на гэтыя 20 000 даляраў я б сам адбудаваў шыкоўны маёнтак з усім неабходным і машыну набыў бы.
«Если вы в своей квартире, лягте на пол: три-четыре...»
Словы зь песьні Высоцкага ўзгадаліся, як мы наведалі трэцюю «пяцёрку» дамоў (тыповы праект падрыхтаваны ДУП «Берасьцекамунпраект»). Іх здалі ўлетку. Кацельную збудавалі ў кухні, катлы, кажуць жыхары, маламоцныя. У добры мароз нельга пакінуць дом на гадзіну-дзьве, могуць быць незваротныя наступствы. Вось і давялося Тацяне Шуляк (гаспадыні адзінага заселенага дому з гэтай сэрыі) у маразы браць адгулы і не адыходзіць ад катла, чуйнаваць начыма (цяпер яна ў больніцы, дзеці – у бабулі, якая пастаянна прыходзіць пратапліваць). Кацёл знаходзіцца ў «шафцы» і «прытоплены» (усталяваны ніжэй роўні падлогі). Канструкцыйная асаблівасьць: топка, куды кідаюць дровы ці брыкет, знаходзіцца нізка, ячэйка для попелу – яшчэ ніжэй. Каб падкінуць дроўцаў, трэба стаць на калені (топка памеру невялікага, падкладваць паліва трэба часта), каб выграсьці попел – зусім легчы на падлогу.
– Я стары чалавек, але такой бязглузьдзіцы ў жыцьці ня бачыла, – кажа «прыкаваная» да гэтага дому пэнсіянэрка Мар’я Крывіцкая. – Марна палім брыкет, грошы палім! А хаты не нагрэць – шэрань у кутох, на сьценах. Дачка па хаце хадзіла, укутаная ў коўдру, покі ў больніцу ня трапіла. У кутох адваліліся шпалеры, а яна ж брала крэдыт, каб зрабіць рамонт! І дзе перахоўваць паліва? Няўжо дровам, вугалю, брыкету месца пад сталом на кухні? Давялося на старасьці стаць гімнасткай: то на калені стаць трэба, то легчы. Па 20 разоў на дзень. Няўжо гэта кара маёй дачцэ на ўсё жыцьцё?
Качагарка ў кухні ці кухня ў качагарцы?
З прычыны таго, што маламоцны кацёл знаходзіцца на кухні, попел непазьбежна разьлятаецца па памяшканьні: кацёл хоць і «ў шафцы», але падкінуць паліва, выграсьці попел можна толькі з адчыненай дзьверцай. Паліва ідзе шмат нават цяпер, калі маразы адступаюць. У добры мароз даводзілася да дзесяці вёдраў попелу выносіць з кухні. Нявідныя часьцінкі падымаюцца ў паветра – і вось, калі ласка, на лядоўні, на шафах, нават на люстры за пару дзён зьбіраецца слой попелу (пэнсіянэрка Мар’я Крыцкая вывела на газавай пліце слова «брыдота»). А ў кухні ж – прадукты (у дамох другой «пяцёркі» катлы ў два разы мацнейшыя і знаходзяцца ў асобным памяшканьні, пытаньняў пра цяпло ці попел там папросту няма).
З такім праектам попел і дым непазьбежна трапляюць і ў іншыя пакоі. Так, у доме №29 яго гаспадар Сяргей Паніч (ён таксама прыходзіць пратапліваць дом) у адным з пакояў зьняў пажарны апавяшчальнік: як толькі пачынае выносіць попел, апавяшчальнік спрацоўвае, «адчуваючы» экстрэмальную сытуацыю.
Спадзяёмся на станоўчую адповедзь
Без энтузіязму агарэвічане чакаюць вясну: дамы пабудаваныя ў нізіне. Засмучваюць расколіны, што зьявіліся ў сьцянох і на столях (праблема дамоў і ў другой «пяцёрцы»), пад шыфэр не падкладзены рубэройд, і на гарышчы цяпер багата сьнегу. Канструкцыйная адметнасьць катла такая, што гарачай вады ён выдае толькі два вядры – відавочна мала, каб нармальна памыцца (у дамох другой «пяцёркі» можна нагрэць шмат болей вады).
Цікаўлюся (сабраліся амаль усе гаспадары «пяцёркі»): на што спадзеяцёся, даслаўшы ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта?
– Каб забралі гэтыя дамкі ў нас і кампэнсавалі выдаткі на рамонт. Мы ад іх папросту адмаўляемся. Дом у чыстым полі, халодны, без надштукаваньня і прымітыўна спраектаваны, ды хлеў, дзе толькі граблі паставіць, – гэта насьмех над селянінам.
Праблему агарэвіцкіх навасёлаў камэнтуе заступнік старшыні Ганцавіцкага райвыканкаму Ўладзімер Давыдчык:
– Дамы, пра якія тут вядзецца, збудаваныя паводле праекту, што не прадугледжвае нутранога надштукаваньня. Сам праект па многіх характарыстыках няўдалы. Але ж трэба было ўкласьціся ў 18 000 даляраў! Наступныя дамы, што ўжо будуюцца на вёсцы (і ў Агарэвічах, вядома ж), будуць больш добраўпарадкаваныя (з мансардай, іншай страхой, з бэтоннымі ходнічкамі) і парадуюць навасёлаў. Мы ўцяплім тыя пяць дамоў пры вул.Моладзевай у Агарэвічах, пра якія вядзецца, пераробім пашыральныя бакі, каб на мыцьцё выходзіла болей ад двух вёдраў. Што датычыць нізкага разьмяшчэньня катла на кухні, дык магу толькі паўтарыцца: такі праект, ня намі ён распрацаваны, наша справа – будаваць паводле зададзенай праграмы... У 2009 г., плянуецца, сюды прыйдзе газ.
Паводле «Вечернего Бреста»