У Данецкай вобласьці 19, 20 і 21 лістапада абвешчаныя днямі жалобы па загінулых гарняках у выніку аварыі на шахце імя Засядзькі.
Міністэрства надзвычайных сытуацый Украіны пацьвердзіла гібель 69 чалавек пасьля выбуху сумесі мэтану й паветра. Невядомым застаецца лёс 31 шахцёра.
Выбух здарыўся больш як на кілямэтровай глыбіні. Дзеяньням ратавальнікаў перашкаджае пажар. Усяго на момант выбуху ў шахце было больш за 450 чалавек.
Шахта імя Засядзькі эксплюатуецца з 1958 году і лічыцца небясьпечнай з‑за выкідаў вугалю й мэтану. Працы ў шахце вядуцца на глыбіні 1304 мэтры. Прычыны аварыі пакуль высьветліць не ўдалося.
Сёлета на ўкраінскіх капальнях загінулі 80 чалавек, а летась — 170 шахцёраў, у тым ліку 13 на гэтай самай шахце.
Украінскія шахты лічацца аднымі з найнебясьпечнейшых у сьвеце.