Апазіцыя мусіць быць з кулакамі, лічылі ў 90-х. «Кулакамі» апазіцыі стаў «Белы легіён» – незарэгістраваная спартыўна-патрыятычная арганізацыя, якая з’явілася на пачатку дзесяцігоддзя і адказвала за бяспеку на сходах апазіцыі і мітынгах. Піша сайт 90s.by.

Іх рыхтавалі як спецназаўцаў. Яны здавалі на сталёвы бярэт – аналаг крапавага. Ім паглыблена выкладалі гісторыю Беларусі. Яны размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў археалагічных раскопках, трэніраваліся ў лесе, прабівалі кардоны міліцыі на акцыях пратэсту і забяспечвалі бяспеку на сходах апазіцыі.

Іх філіялы існавалі па ўсёй краіне, але ведалі пра іх няшмат. Звышпрадбачлівыя, «бондаўскія» меры засцярогі ратавалі ад затрыманняў міліцыі, але пакідалі іх на старонках газет ананімнымі «дэмакратычнымі актывістамі». З гэтай жа нагоды ў гэтым артыкуле амаль няма пэўных дат і лічбаў: ёсць 1995 як прыкладны год заснавання і два імені лідараў «Белага легіёну» – Сяргей Чыслаў і Міраслаў Лазоўскі.

Пачатак «Белага Легіёну»

Усё пачалося яшчэ ў 1988–1989 гадах з купкі савецкіх афіцэраў-беларусаў, прыхільнікаў незалежнасці краіны, якія вырашылі заняцца развіццём беларускай нацыянальнай арміі. І патрабаваць адпаведных крокаў ад беларускай дзяржавы, якая не спяшалася гэта рабіць і па інерцыі адчувала сябе часткай дзяржавы савецкай.

Адной з першых акцый Беларускага згуртавання вайскоўцаў стала прыняцце грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года (гадавіна Аршанскай бітвы, Дзень беларускай вайсковай славы). Дзяржава адрэагавала звальненнем прысягнуўшых ды паступовым выцісканнем сяброў БЗВ з сілавых структур.

Крызіс грамадскай арганізацыі хутка прывёў кіраўніка БЗВ Міколу Статкевіча да рашэння рушыць у палітыку. Але не ўсе былі згодныя з такім паваротам, а таксама з абраннем сацыял-дэмакратычнага накірунку. Так, моладзевае крыло засталося на нацыяналістычных, патрыятычных перакананнях і пайшло сваім шляхам. «Не было нейкай сваркі ці пэўнай падзеі, ад якой можна было б адлічваць пачатак арганізацыі, – тлумачыць заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў. – Мы проста зразумелі, што кожнаму трэба расці ў свой бок».

Паколькі «Белы легіён» не быў зарэгістраваны, то вызначыць пэўную дату стварэння цяжка. Па словах Чыслава, гэта былі 1994–1995 гады. Як адзначае яшчэ адзін з заснавальнікаў Міраслаў Лазоўскі, у 1994 годзе праходзілі выязныя семінары па рэгіёнах, а ў 1995 годзе ўжо вяліся рэгулярныя трэніроўкі. Але «складана правесці мяжу паміж мерапрыемствамі БЗВ і «Легіёну»».

Упершыню сцяг «Белага легіёну» з’явіўся на Дні волі 25 сакавіка 1996 года. З таго часу легіянеры актыўна ўдзельнічалі ў палітычных акцыях пад сваімі палотнішчамі, вадзілі асобныя калоны. На назву «Белы легіён» натхніла творчасць Уладзіміра Караткевіча, а менавіта яго твор «Маці ўрагану»: «У маім уяўленні Караткевіч – адзін з рэдкіх прадстаўнікоў сцвярджальнага нацыяналізму. Не слязлівага, а менавіта сцвярджальнага», – падкрэслівае Сяргей Чыслаў.

Хто хоча стаць легіянерам?

Легіянерамі былі не проста фізічна падрыхтаваныя людзі – яны здавалі гістарычныя іспыты! А той, хто праходзіў адбор і атрымліваў сталёвы бярэт, трапляў у асаблівае кола. «Сталёвае брацтва» прадугледжвала, што кожны з братоў сапраўды можа пакласціся адзін на аднаго ў любы момант. «Калі б брацтва расло і мы адпраўлялі нашых людзей у нашы вайсковыя структуры, Акадэмію міліцыі, Інстытут нацыянальнай бяспекі – гэта магло б за пэўны час стаць падставай для новай структуры. Але Расія пачала сур’ёзна тут працаваць, і нас сталі цясніць», – кажа Чыслаў.

На пытанне, колькі дакладна было чальцоў у «Белым легіёне», заснавальнік адказвае ўсмешкай: «Я й не помню ўжо. Але толькі па Пінску, напрыклад, было каля 80 чалавек». Філіялы былі ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў вялікіх раённых цэнтрах: Баранавічах, Оршы, Барысаве, Бабруйску і г.д. Дакладную колькасць сяброў нельга назваць яшчэ і з тэхнічных прычын: не было фіксаванага сяброўства, не было спісаў. «Гэта была наша прынцыповая пазіцыя, – тлумачыць Лазоўскі. – Калі спісу няма, ён не трапіць у чужыя рукі. А калі ён ёсць, як сведчыць досвед шмат якіх арганізацый, раней ці пазней ён трапляе».

Спачатку, каб стаць сябрам «Белага легіёну», патрэбны былі дзве рэкамендацыі ад дзейсных сяброў. Потым кіраўнікі зразумелі, што не хапае свежай крыві. Тады сябры рэгіянальных афіцыйна зарэгістраваных спартовых клубаў (дэ-факта філіялаў «Белага легіёну») пачалі хадзіць па школах і займацца агітацыяй. «Рэкруціраваць людзей было цяжка: наша праца была нелегальнай, – узгадвае Лазоўскі. – Але праз арганізацыю праходзіла шмат людзей. Сотні тры-чатыры дакладна». Удзельнікаў «Менскай вясны», якія лічылі сябе легіянерамі, было пад паўсотні чалавек. Шмат хто не ўдзельнічаў ў жыцці арганізацыі стала, але далучаўся на масавых мерапрыемствах.

Што тычыцца грошай, то ніякіх абавязковых унёскаў не было. Тым не менш «Белы легіён» жыў толькі на ўласныя сродкі. «Камсамольскія паборы набілі аскоміну, – распавядае Чыслаў. – Мы зразумелі, што трэба проста скідвацца самім, хто колькі можа. Асабліва дапамагалі тыя з нашых сяброў, хто меў нейкі бізнэс».

Трэніроўкі

 

Трэніроўкі адбываліся звычайна раз на тыдзень па выходных і праходзілі ў розных месцах. Гэта, як правіла, былі спартовыя заняткі ці нейкі марш-кідок. Але ж культура не заставалася на перыферыі: праводзіліся сустрэчы з гісторыкамі і заняткі па гісторыі Беларусі, у Мінску было некалькі груп. Першыя сустрэчы праходзілі ў спартовых залах. «Дзесьці з паўгады мы, напрыклад, займаліся ў спартовым зале каля ўніверсама «Фрунзенскі», і гэта было дужа доўга, – кажа Міраслаў Лазоўскі. – Бо звычайна памяшканне прасілі пакінуць раней». Калі знаходзіць месца ў горадзе стала цяжэй, легіянеры перайшлі на open air заняткі. «Нам не хацелася, каб у трэнераў, якія выдзялялі залы, былі праблемы», – дзеліцца Міраслаў.

Для баявых трэніровак абіралі найбольш практычныя віды ўсходніх адзінаборстваў. Першы інструктар доўгі час займаўся панкраціёнам, потым абароты пачаў набіраць муай-тай. «Мы маем багата выхаванцаў, якія даўно ўжо шматразовыя чэмпіёны свету па муай-тай», – кажа Сяргей.

Як закаляўся сталёвы бярэт

 

Спачатку людзі збіраліся па рэгіёнах і гарадах, здавалі першыя іспыты. Хто быў гатовы – праходзіў абласныя, а лепшыя прыязджалі і на рэспубліканскія зборы. «Нарматывы сталёвага бярэту былі такія ж, што і ў «крапавікоў», – адзначае Чыслаў. – Адзінае, што ў нас не было зброі і мы не хацелі яе цягаць і ствараць прэцэдэнты, за якія б нас «закрылі». А так усё было сур’ёзна.

Неяк адзін хлопец-«крапавік», які да нас прыязджаў інструктарам, да мяне падышоў і кажа: што ты з імі робіш? Шаснаццацігадовае дзіцё кідаецца на мяне – ні страху ў вачах, нічога! Дарэчы, таму дзіцёнку тады ўручылі бярэт менавіта за волю да перамогі. У яго былі інструктарамі васьміразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і той заслужаны «крапавік»… Разумееш, самае галоўнае ў чалавеку – гэта дух, а не шырыня плеч. Чалавек часцяком можа быць невялікага расточку, але ж менавіта на такога можна пакласціся».

 

Фінальныя здачы на бярэт праходзілі раз на год у гістарычных месцах кшталту Мірскага і Наваградскага замкаў. Гадзіны тры адводзілася на прысягу, экскурсію, узнагароджанне, шэсце пад харугвай. Адбор быў жорсткі. «На здачы ў Мірскім замку, напрыклад, з двух дзясяткаў чалавек здалі толькі чацвёра, – узгадвае Чыслаў. – Гэта не значок ГТА, які кожнаму выдаецца. Гэта быў сапраўдны адбор».

Супрацоўніцтва: ад дудароў да АГП

«Мы супрацоўнічалі з усімі, хто рабіў нешта карыснае для Беларусі: сацыял-дэмакраты, АГП, «Край», «Правы альянс», «Партыя свабоды», ТБМ, – кажа Лазоўскі. – Мы нікога не разглядалі ў якасці канкурэнта, не разбіраліся, хто быў правільным ці няправільным. Усе разборкі можна было пакінуць на час пасля перамогі».

Менавіта «Белы легіён» распачаў папулярызацыю дудароў. Раз на паўгода музыкаў прывозілі на трэніроўкі і спаборніцтвы: пад гукі дуды праходзілі баі. Легіянеры марылі пра адраджэнне дударскай традыцыі і нават распрацоўвалі адпаведны праект вайсковай дуды для Міністэрства абароны. Рыхтавалі дудароў і са свайго асяродку. «Дудар – гэта сакральнае паняцце ў беларускім войску», – тлумачыць Чыслаў. У ВКЛ нават была дамоўленасць, што калі два войскі выходзяць біцца, то дудароў не чапаюць. «Мы заўсёды выкарыстоўвалі дуду і падчас спарынгаў. Дуда цікава ўздзейнічае на падсвядомасць», – кажа ён.

На пачатку 90-х «Белы легіён» шчыльна супрацоўнічаў з Інстытутам гісторыі. Тыя не мелі грошай і не маглі арганізоўваць экспедыцыі. А легіянеры дапамагалі ім, у тым ліку з раскопкамі. Усё гэта рабілася за ўласныя сродкі сяброў. Але ж апошнія раскопкі скончыліся візітам КДБ.

Бяспека: «Усё гэта можна было прачытаць у дэтэктывах»

Сцяг «Белага легіёну».

Сцяг «Белага легіёну».

У легіянераў не было пасведчанняў сяброў, не было ніякіх спісаў – і гэта ратавала. «Мы не імкнуліся запамінаць даты і прозвішчы, бо за гэта потым будуць пытаць», – усміхаецца Чыслаў.

На летніках існавала забарона даваць адзін аднаму кантакты. Шмат хто быў сябрам розных арганізацый і меў доступ да шмат якой інфармацыі. Каб абмяняцца кантактамі, трэба было падыходзіць да галоўнага і запытацца, ці можна зрабіць гэта наўпрост, ці то прыйдзецца кантактаваць праз камандзіра.

Лазоўскі: «Мы ведалі з практыкі спецназу, што раскалоць можна любога. Ёсць методыкі, гэта без праблем. І чым менш ты ведаеш, тым менш ты здасі. А прэсінг часам быў вельмі жорсткі. Калі ж ты патрапіўся, галоўнае – даць астатнім ведаць, што ты пад кантролем. Некалькі разоў так і адбывалася. З чалавекам абрываліся ўсе стасункі. Затое нашы летнікі ні аднаго разу не былі накрытыя з на месцы збораў. Людзі ехалі на іх, самі не ведаючы куды. Цалкам усляпую.

Нічога дзіўнага. Звычайны вайсковы досвед. Гэта было дзіўна толькі для апазіцыі, якая гэтыя рэчы чамусьці не выкарыстоўвала. Яны ж нас часам папракалі, маўляў, чаму ўсіх ловяць, а вас не? Мусіць, у вас ёсць нейкія стасункі? А сам такі папракатар дамаўляўся, напрыклад, аб друку ўлётак па звычайным тэлефоне».

На той час не было мабільнікаў, а былі пэйджары. Пэйджары ўвесь час мяняліся. Легіянеры ўжывалі кодавыя фразы, адкрытым тэкстам нічога ніколі не казалася: «Усё гэта можна было прачытаць у дэтэктывах, – зазначае Міраслаў. – Тое самае засмечванне эфіру. Некалькі разоў на дзень пасылаліся закамуфліраваныя фразы, праз якія можна было штосьці там уявіць сабе, але якія былі насамрэч некаштоўныя. Спецслужбы ж павінны былі гэта ўсё правяраць. Так ім проста давалася пустая праца. У такім смецці схаваць інфармацыю было прасцей».

Кожны прапрацоўваў легенду на выпадак затрымання, таму пры затрыманні асноўная маса лёгка касіла пад абывацеляў. Тым больш што не было камп’ютарных баз, каб кожнага праверыць. Падчас масавых акцый сімволікі непасрэдна на людзях «Белага легіёну» амаль ніколі не было. Калі ж «Белы легіён» пачаў дзейнічаць фармальна, то без напругаў выступаў як аргкамітэт. «У заканадаўстве была дзірачка: не было абмежавання, колькі часу структура можа знаходзіцца ў стадыі аргкамітэту па стварэнні гэтае структуры. Дзякуючы такім намаганням легіянераў затрымлівалі рэдка. Падчас мерапрыемстваў амаль ніколі – толькі прэвентыўна ці пасля».

У жніўні 1998 года, напрыклад, за распаўсюд улётак «Белага легіёну» быў асуджаны актывіст Ігар Корсак. Яго абвінавачвалі яшчэ і ў «распаўсюдзе фашысцкай сімволікі». Праўда, экспэрты-мастацтвазнаўцы прызналі, што эмблема «Белага легіёну» (знак «спарыш») не мае дачынення да фашызму і з’яўляецца элементам беларускага традыцыйнага арнаменту (у тым ліку ён змешчаны на сучасным дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь). На судзе Корсак «прызнаў сваю вiну часткова». Ён быў аштрафаваны на 2,5 млн рублёў.

Цалкам працаваць «Беламу легіёну» ніколі не давалі. Хаця хлопцы і казалі, што ўсё робяць толькі на карысць дзяржавы, ідэалогія арганізацыі разыходзілася з ідэалогіяй уладаў.

Мэты

Гімн «Белага легіёну»

Галоўнай мэтай дзейнасці «Белага легіёну» было выхоўванне нацыянальна арыентаванай моладзі. Абавязковы складнік – здаровы лад жыцця і выдатная фізічная форма.

«За 15–20 год «Белы легіён» стаў бы сапраўдным падмуркам для стварэння нацыянальных узброеных сілаў, якія б працавалі на карысць нашай дзяржавы, – кажа Чыслаў, які сам скончыў ваеннае вучылішча. – Для поспеху трэба праяўляць творчасць у дзяржавабудаўніцтве, спалучаць асабістае з грамадскім. Нам жа тут прапанавалі толькі спажывецкую матрыцу «чарка-шкварка». Адсюль «каўбасны» патрыятызм: мары пра багацце, зайздрасць… А галоўнае – душа».

«Белы легіён» працаваў на перспектыву, бо «сённяшні студэнт праз 5–6 год становіцца кіраўніком». А гэта ўжо – ідэйны ўплыў на дзяржапарат. «Праз нашых людзей у сілавых структурах мы схілялі сілавікоў на бок Вярхоўнага Савету ў восеньскім супрацьстаянні з прэзідэнтам у 1996 годзе», – кажа Сяргей.

Задачы на акцыях апазіцыі

  Міраслаў Лазоўскі адбівае напад п’янага на калону дэманстрантаў на акцыі апазіцыі «Марш свабоды-99». 17 кастрычніка 1999 года

Міраслаў Лазоўскі адбівае напад п’янага на калону дэманстрантаў на акцыі апазіцыі «Марш свабоды-99». 17 кастрычніка 1999 года

«Мы не ставілі за мэту проста біцца з мянтамі, – адзначае Лазоўскі. – Гэта неразумна. Мэта – паказаць, што ў народа ёсць моц да супраціву. Вынік жа павінны быў з’явіцца на ўзроўні палітыкі, а таксама ў працы з сілавымі структурамі».

«У 1994–1995 гадах, асабліва пасля рэферэндума па змене сімволікі, стала ясна, што Расія вяртаецца. І зразумела, што лістамі і зваротамі надта справе не дапаможаш. Адзіны шанец на карэктаванне курсу дзяржавы – гэта масавыя акцыі. А для іх патрэбна сіла. Мы не партыя і ніколі не займаліся стварэннем нейкай палітычнай праграмы», – падкрэслівае Чыслаў.

Пэўны час «Белы легіён» быў сілавым складнікам агульнага дэмакратычнага руху. Актывісты ахоўвалі бяспеку на мітынгах, лавілі п’яных і правакатараў пад выглядам п’яных, а таксама выходзілі наперад і рабілі жывую сцяну падчас сутычак з міліцыяй. Таксама легіянеры забяспечвалі бяспеку падчас правядзення сходаў апазіцыі ў памяшканнях.

«Задача на акцыях – перш за ўсё трэба было даць калоне магчымасць прайсці, – кажа Чыслаў. – Гэта могуць зрабіць толькі пасіянарныя людзі, а не тыя, хто прыходзіць проста пакрычаць «ганьба!»».

Чыслаў: «У той час не было адкрытай канфрантацыі, і да міліцыі мы ставіліся як да сваіх. Гэта такія ж прадстаўнікі народу, як і мы. Сапраўды, у 90-я сілавікі не ўспрымаліся як ворагі. Бывала, што знаёмыя «крапавікі» пыталіся ў сяброў «Белага легіёну» пасля акцый: «А чаго й та вы, хлопцы, учора так слаба выступілі?» – «Дык нас жа ўчора на мітынгу не было!» – «А, вось яно што… А то мы глядзім, што гэтыя прыйшлі… Не было з кім пабіцца». У прэсе ж пра «Белы легіён» прама ніколі не пісалі. Пісалі, што нейкія таемныя «дэмакратычныя актывісты прарвалі міліцэйскі кардон». Легіянеры смяяліся.

Радыкальныя ж прапановы кшталту штурму тэлебачання падчас Дня волі ў 1996 годзе падтрымкі не знаходзілі.

Чыслаў: «Мы не запрашалі на Чарнобыльскі шлях УНА-УНСО, што нам сёння прыпісваюць. На халеру яны нам тут былі? Гэта наш дом. Хто ў сваім доме вогнішча распальвае? А вось у іх была такая канцэпцыя, што хай вогнішча вайны гарыць у Абхазіі, Беларусі, Расіі, але ж не ва Украіне. Яны прыехалі і кажуць: трэба напалму наварыць. Прыйшлося з імі вельмі жорстка размаўляць, прымаць цэлую заяву, каб не было тут ніякага напалму, кактэйляў Молатава.

А потым, пакуль нашы спакойна ідуць, украінцы ўжо прыбягаюць з цэлымі торбамі нейкага асфальту накалупанага. У часы Чарнобыльскага шляху не было шапікаў: каля ўваходу ў метро «Няміга» проста стаялі латкі і прадавалі садавіну-гародніну. І вось, пакуль украінцы кідалі асфальт, беларусы ішлі куплялі (!) тры-чатыры апельсінкі – і потым імі кідаліся ў міліцыю. Тады я зразумеў, наколькі адрозніваюцца ментальнасці ўкраінцаў і беларусаў».

«Мы цэнтрысты, таму што ходзім па цэнтры праспекта»

У «Белага легіёну» не было задачы адхіліць кагосьці ад улады ці прывесці да яе. Тым больш, як адзначае Чыслаў, легіянеры не знайшлі ў апазіцыі людзей, якія б адпавядалі іх уяўленням аб будучыні Беларусі. «Камусьці з палітыкаў не хапала шчырай веры ва ўласныя ідэі, камусьці досведу, камусьці моцы духу. Мы таксама разумелі, што грамадства савецкае, – прызнаецца Лазоўскі. – Але калі нават не рабіць спробаў узяць перамогу, яе дакладна не будзе».

Заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў асцярожнічае са словам «нацыяналізм».

Чыслаў: «Хутчэй нас называлі нацыяналістамі, чым мы сябе. Людзі, на якое месца ў вашым гербарыі вы нас паставіце – нас не цікавіць. Як аднойчы адзначыў у інтэрв’ю адзін наш сябра, мы не левыя і не правыя, мы – цэнтрысты. Таму што ходзім па цэнтры праспекта!»

«Я не ведаю, што ёсць крытэрыем нацыяналізму, – працягвае ён. – Мы не думалі, што беларусы лепшыя за кагосьці. Мы проста разумелі, што нам тут жыць і працавалі на гэтую дзяржаву. Я ніколі не лічыў сябе нацыяналістам. Зараз шмат падарожнічаю па свеце і разумею словы аднаго далай-ламы: калі ты прыйшоў сюды, то тут і павінен рэалізаваць свае задачы, і тут зробіш гэта найбольш паўнавартасна. Таму адзінае месца, дзе беларус можа паўнавартасна рэалізавацца – у Беларусі».

Ну а калі паўнавартасна рэалізавацца не ўдаецца, то прыходзіцца з’язджаць. Па словах Сяргея Чыслава, багата хлопцаў з «Белага легіёну» з’ехалі ў легіён французскі: «Шкада, канешне, што з’язджаюць найлепшыя. Але калі я зараз бачуся з імі, радуюся, што ім удалося рэалізавацца за мяжой».

Роля

«Унёсак малы, нацягваць не буду, – кажа Чыслаў. – Я спадзяюся, што ўсё яшчэ наперадзе». Па словах заснавальніка, «Белы легіён» мог адыграць значна большую ролю. Патэнцыял быў вялікі, а тыя магчымасці можна было скарыстаць значна лепш. «Можна было стварыць жывую структуру, – мяркуе Чыслаў. – Не проста апазіцыйную, а менавіта жывую. Тады Расія не ціснула так моцна, як зараз. Яна сама была ў роспачы, не ведала, што рабіць, і ў нас была магчымасць працаваць. «Белы легіён» планаваўся перад прыняццем папраўкі ў заканадаўства аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мы выйшлі на такі рэжым, які б нам дазволіў, калі б не папраўка, стварыць структуру ў рэспубліканскіх маштабах».

Па словах Сяргея, кепска адбілася завялікая субардынацыя. Легіянеры былі гатовыя да больш рашучых дзеянняў, чым прыняцце заяваў. Але ж з улікам субардынацыі слухалі старэйшых. «Я старэйшы лейтэнант, а ёсць палкоўнік Барадач і генерал Захаранка, і трэба чакаць загаду ад іх, – кажа ён. – Сёння ж я разумею, што рэй мусіць весці той, хто мае дух, а не званне».

Аб тым, што «ніякай асаблівай ролі «Белы легіён» не адыграў», шкадуе і Міраслаў Лазоўскі: «Таму маем, што маем. За мінулыя 25 гадоў прыросту колькасці беларусаў не адбылося. Ёсць насельніцтва, а нацыя толькі складваецца».

Бойкі ж з міліцыяй легіянеры ўвогуле не ставяць у свае заслугі. Хаця некаторыя факты сёння здзіўляюць. Напрыклад, легіянеры ўдзельнічалі ў маніфестацыі 17 кастрычніка 1999 года, якая скончылася сутычкамі з міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Мінска, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расследавання знікненняў вядомых палітыкаў. Міліцыя і спецназ некалькі разоў атакавалі і адступалі, у выніку падчас акцыі 53 міліцыянеры атрымалі пашкоджанні.

Лазоўскі: «Так, пры мінімальных стратах мы наносілі істотныя страты апанентам. Але ў простым мардабоі з мянтамі сэнсу няма. Самае галоўнае, што вынікамі ўсё роўна ніхто не здолеў скарыстацца».

 

Сябры «Белага легіёну» сёння сышлі ў спорт ці бізнэс, хтосьці з’ехаў. Сяргей Чыслаў вандруе па свеце і вельмі любіць наведваць Тыбет, а Міраслаў Лазоўскі выдае беларускія кнігі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?