Мітынг арганізаваў лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Іншыя прадпрымальніцкія лідэры — Аляксандар Макаеў, Алесь Таўстыка — у акцыі ўдзелу не прымалі.
Над сцэнай была замацаваная расьцяжка з цытатай самога Шумчанкі: «З такімі законамі як сёньня індывідуальныя прадпрымальнікі застануцца без штаноў». Зьнізу над гэтай фразай нібы ў процівагу вісела яшчэ адна расьцяжка са словамі намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура: «Нельга ўвесь час жыць у кароткіх штоніках».
У руках людзі трымалі транспаранты: «Спрасьціць сэртыфікацыю», «Стоп кантрольнаму знаку», «Забралі льготы — пакіньце працу», «Мы звальняем гандляроў, хто іх працаўладкуе?», «Парфума ня водка — шмат ня вып’еш», «Хочам сустрэчы з прэзыдэнтам», «Дзяцей прадпрымальнікаў у гандляры, дзяцей міністраў — у міністры». (усе транспаранты былі па-расейску)
Некаторыя ўдзельнікі акцыі сваю нязгоду з указам аб тым, што індывідуальныя прадпрымальнікі могуць наймаць на працу толькі сваякоў, выказвалі наступнымі транспарантамі: «Шукаю мужа. Вялікая колькасьць дзяцей пасьля 18 гадоў вітаецца», «Жанюся! Працай забясьпечу», «Патрабуем закон аб шматжонстве».
Перад самай сцэнай людзі трымалі ў руках дзьве вялікія расьцяжкі з цытатамі А.Лукашэнкі: «Не павінны пакутаваць ні прадпрымальнікі, ні людзі, якія на іх працуюць», а таксама «Не пагаршаць работы ІП і ствараць стабільныя ўмовы для разьвіцьця малога бізнэсу ў Беларусі». Трэба заўважыць, што пляцоўку, дзе адбываўся мітынг, ніхто загадзя не расчысьціў ад сьнегу. Людзі фактычна прастаялі ўсю акцыю ў вадзе, бо сьнег пачаў актыўна таяць пад не самым гарачым лістападаўскім сонцы.
Мітынг доўгі час не пачынаўся, бо не маглі зрабіць мікрафон, а мэгафону таксама ні ў каго не было. Анатоль Шумчанка свой выступ пачаў з надвор’я: «Сёньня над Менскам сьвеціць сонейка. Наша задача, каб сонца засьвяціла для ўсіх прадпрымальнікаў краіны, бо пакуль над намі воблачнае і пахмурнае надвор’е». Шумчанка пачаў пералічаць лёзунгі зь якімі людзі прыйшлі ў парк Дружбы народаў, увесь час пытаючыся ў прысутных, ці актуальныя яны зараз. Натоўп гучна адказваў «Так».
Анатоль Шумчанка паведаміў, што ад красавіка прадпрымальнікі накіроўвалі лісты ў парлямэнт, ва ўрад, у Вярхоўны суд, каб яны разгледзелі, ці адпавядае ўказ №760 Канстытуцыі краіны. Ні з адной установы станоўчы адказ па гэтым пытаньні не прыйшоў. Нехта з натоўпу гукнуў: «А можа прэзыдэнт пра гэта ня ведае».
Шумчанка на гэта адказаў, што сам прэзыдэнт ініцыяваў гэтыя зьмены ў заканадаўства, сам і павінен выходзіць з сытуацыі. «Патрабаваньне сустрэчы з Лукашэнка будзе актуальнае да той пары, пакуль мы яе не даб’ёмся», — сказаў прадпрымальніцкі лідэр. Шумчанка ня выключыў паўтарэньне сытуацыі 2005 году, калі дробныя гандляры ўжо выходзілі на вуліцы сваіх гарадоў, каб страйкаваць.
Пасьля былі выступы прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. Аляксандар Упчэня перадаў Шумчанку подпісы пад зваротам да Лукашэнкі прадпрымальнікаў з 13 гомельскіх рынкаў. Анатоль Шапавалаў паведаміў, што ў Віцебску толькі 39 прадпрымальнікаў перарэгістравалі свае гаспадаркі ў ПУПы. Віктар Чайкоўскі зь Берасьця сказаў, што нягледзячы на шматлікія акцыі пратэсту, страйкі і галадоўкі, жыцьцё прадпрымальнікаў пагаршаецца з кожным годам.
Напрыканцы мітынгу яе ўдзельнікамі была прынятая рэзалюцыя, паводле якой прадпрымальнікі патрабуюць сустрэчы з прэзыдэнтам і пачатку перамоваў пра дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама адмены ўказу №760. Заўтра рэзалюцыю павінны перадаць у Адміністрацыю прэзыдэнта. У выпадку, калі іх заявы ніхто не пачуе, прадпрымальнікі зьбіраюцца працягваць акцыі пратэсту.