У Вярхоўным судзе пачаўся працэс у справе Ўладзімера Холада, былога першага намесьніка начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта, якога падазраюць у падбухторваньні да хабару й махлярстве.

Працэс у справе Ўладзімера Холада праходзіць за закрытымі дзьвярыма. Адвакат Марына Вараб’ёва, якая абараняе чыноўніка, паведаміла журналістам, што яе падабаронны віны не прызнае й кажа пра правакацыю.

Вось што адказала Марына Вараб’ёва на маё пытаньне пра тое, каму спатрэбілася такая правакацыя:

«Ня ведаю. Я ўжо казала, што мяне прасілі нічога не камэнтаваць. Прасіў мой кліент».

Ад сябе Марына Вараб’ёва дадала: «Не разумею, чаму суд зрабілі закрытым».

Уладзімера Холада арыштавалі сёлета 30 чэрвеня на працоўным месцы. Праваахоўныя органы паведамілі, што да чыноўніка прыйшлі ў той момант, калі ён атрымоўваў 35 тысяч даляраў. Паводле закону такі хабар лічыцца асабліва вялікім і прадугледжвае большае пакараньне.

Да таго ж пракуратура ўлічыла, што Ўладзімер Холад займаў адказную пасаду. Былому прэзыдэнцкаму ідэолягу можа пагражаць да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Але дакладна які тэрмін просіць пракуратура для Ўладзімера Холада — невядома.

Між тым пэўныя арыенціры ў гэтай справе ёсьць. Выступаючы ў кастрычніку перад расейскімі журналістамі, Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт гэтага выпадку.

«Пад кантролем два хабары ўзяў. Пасадзілі. Вось цяпер хай адмазваецца. Пэўна… трынаццаць гадоў атрымае», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Акрамя падбухторваньня да атрыманьня хабару Ўладзімера Холада судзяць і за махлярства. Паводле адной з вэрсіяў, чыноўнік браў грошы, каб падзяліцца з начальствам. «А паколькі не пасьпеў падзяліцца, то ператварыўся ў махляра», — мяркуе былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

«Цяперашнім уладам і тым праваахоўнікам, якія гэтую апэрацыю наладзілі, нявыгадна было даводзіць яе да канца. Нявыгадна адсочваць, каму ж ён перадасьць гэтыя грошы. Таму яе спынілі, а Холада запужалі тым, што можа атрымаць і болей».

Прадстаўнік пракуратуры камэнтаваць справу Ўладзімера Холада адмовіўся.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0