Закладнікі, якіх трымалі ў будынку міліцыі Славянска, уначы заўважылі, што ахова знікла. Але людзі баяліся выходзіць у цемры, чакаючы правакацый.

Толькі калі развіднела, каля 03:40, людзі самастойна выйшлі з будынку. У кабінетах ГУУС усё было кінута: рэчы, зброя, нават грошы, адзначаюць сведкі.

Уранку ў Славянск увайшлі выведчыя і перадавыя часці ўкраінскага дэсанту і Нацыянальнай гвардыі.

Жыхары горада збіраюць і здаюць ім зброю.

Адыходу баевікоў з горада папярэднічалі зацятыя баі. Учора загінула прынамсі 18 украінскіх вайскоўцаў. Яшчэ каля сямідзесяці былі параненыя. Баевікі пачалі адступленне пасля таго, як украінскія вайскоўцы занялі населеныя пункты Мікалаеўка і Сямёнаўка, праз якія тэрарысты падтрымлівалі сувязь з Расіяй. У Мікалаеўцы было захоплена шмат асобаў, якіх падазраюць у належнасці да незаконных узброеных фарміраванняў.

Калона баевікоў са Славянска, нягледзячы на шчыльны агонь з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, прарвалася ў Краматорск.

Відавочцы паведамляюць, што тры КамАЗы, два танкі і 8 машын без фар праляцелі па трасе са Славянска і паехалі да цэнтра Краматорска, дзе знаходзіцца галоўны штаб мясцовых баевікоў. Акрамя таго, у мікрараёне Блакітны заўважылі адзін БТР і 5 аўто тэрарыстаў. У Twitter карыстальнікі паведамляюць, што ўсяго са Славянска ў Краматорск прарваліся 50 адзінак тэхнікі тэрарыстаў. Са словаў прэс-сакратара Антытэрарыстычнай аперацыі, адзін танк, два БТРы і два БМД баевікоў былі падбіты ў часе прарыву.

Расійскія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што штаб баевікоў перамясціўся ў Краматорск. Мясцовыя данецкія сайты пішуць, што пры гэтым большасць узброеных людзей уцякла далей, у Данецк. У Данецк перавезлі і параненых. Галоўны доктар вайсковага шпіталя ў Данецку заявіў, што ўвесь персанал заняты размяшчэннем параненых байцоў.

Славянск заставаўся пад кантролем баевікоў з сярэдзіны красавіка. Ён быў захоплены дыверсійнай групай расійскага спецназа, якая гальванізавала мясцовую пятую калону. Учора камандзір баевікоў палкоўнік ГРУ Расіі Стралкоў (Гіркін) заяўляў, што ў выпадку, калі Расія не ажыццявіць прамой інтэрвенцыі, яны пратрымаюцца не больш за тыдзень.

Карта баявых дзеянняў з расійскай крыніцы: РІА «Новості».

Карта баявых дзеянняў з расійскай крыніцы: РІА «Новості».

У выніку баёў Славянск пакінулі дзве траціны жыхароў. «Даў даручэнне начальніку Генштаба падняць Дзяржаўны сцяг над Славянскам», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. 

Пазней прыйшло паведамленне, што баевікі бягуць і з Краматорска. 

«Калона тэрарыстаў, якія ўцяклі з Славянска і Краматорска, рухаецца ў кірунку Данецка». Пра гэта паведамляе незалежны данецкі інтэрнэт-сайт са спасылкай на відавочцаў з Краматорска.

Прарасійскія баевікі адкрываюць стральбу па аб'ектах на дарозе.

«Большасць тэрарыстаў — у цывільнай вопратцы і на прыватных машынах. Калона бранятэхнікі складаецца больш як з дваццаці адзінак. А іншых машын — джыпаў, КамАЗаў, «Газеляў» і легкавых аўто — больш чым 200 адзінак», — пішуць з Данецка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0