Віталь Тарас піша пра фільмы кінафэстывалю… і дыскутуе аб ацэнцы камунізму.

«Шпацыр па вадзе»

На кінафэстывалі “Лістапад”, які праходзіць цяпер у Менску, у рамках пазаконкурснага паказу давялося паглядзець ізраільскі фільм “Шпацыр па вадзе”. Як зазначыў падчас яго прэзэнтацыі пасол Ізраілю ў Беларус Зэеў Бэн-Ар’е, кінематограф пачаў разьвівацца ў гэтай краіне пазьней за іншыя віды мастацтва. Але ў апошнія гады адбыўся якасны скачок – ізраільскія кінастужкі, у прыватнасьці, пачалі атрымліваць прызы на прэстыжных фэстывалях. “Шпацыр па вадзе” ня зь іх ліку. Тым ня менш, яго можна назваць добрым сярэднім фільмам. Сучасная рэжысура, майстэрства актораў, прафэсійная і вельмі прыгожая апэратарская работа – усё гэта ні ў чым не саступае галівудзкім фільмам падобнай клясы. Адчуваецца і пэўная даніна новай галівудзкай модзе: адзін з галоўных герояў – “блакітны”.

Галоўная тэма фільму, дзеяньне якога адбываецца ў нашыя дні, – наступствы галакосту. Тэму, вядома, не назавеш новай ці нечаканай для Ізраілю. І ўсё ж, аўтары стужкі спрабуюць ставіць вельмі сур’ёзныя пытаньні. Напрыклад – ці заслугоўваюць міласэрнасьці нацысцкія злачынцы, калі ім сёньня ўжо за восемдзесят? І ці можа чалавек у бязьлітасным змаганьні з нацыстамі альбо з ісламскімі тэрарыстамі захаваць уласную маральную чысьціню, застацца нармальным чалавекам? Карацей кажучы, ці заўсёды мэта апраўдвае сродкі? Стваральнікі фільму адказваюць на ўсе пытаньні занадта лёгка, сьледуючы зададзенай схэме: усё будзе добра. Напэўна, ня ўсе гледачы падзеляць іх аптымізм. Але падаўся цікавым той факт, што фільм на даволі няпростую тэму можа рабіцца ў наш час як камэрцыйны, то бок з прыцэлам на масавы паказ і неблагую касу, у тым ліку за мяжой. Але, думаецца, пакуль яшчэ не ў Беларусі.

Ізраільскае грамадзтва спрабуе разабрацца ў сваіх пачуцьцях адносна мінулага – у тым ліку, з дапамогай кінамастацтва. У Беларусі ж, як і ў іншых пастсавецкіх краінах тэма адказнасьці за злачынствы перад чалавечнасьцю і пакараньня злачынцаў ня толькі не раскрытая ў мастацтве, яна яшчэ нават не ўсьвядомленая да канца грамадзтвам. Мы ўсё яшчэ спрабуем прымірыцца са сваім адносна нядаўнім мінулым, угаварыць сябе, што сярод камуністаў былі ня толькі каты, і што камунізм быў не такой ужо кепскай сыстэмай. У адрозьненьне ад сталінізму, канечне. Але ж самі камуністы асудзілі “культ асобы”. Навошта варушыць мінулае? І пры гэтым мы не заўважаем, як схіляемся да вядомай схэмы: ня ўсё толькі кепскае было ў… Нямеччыне пры Гітлеры? У Савецкім Саюзе?

І толькі таму мы павінны ўсё дараваць катам, забойцам мільёнаў бязьвінных ахвяраў, забыцца на іх? (Як быццам бываюць вінаватыя ахвяры! Так, з гледзішча катаў яны вінаватыя ўжо тым, што патрапіліся ў іх рукі.)

70 гадоў, як выявілася, ніякі не гістарычны тэрмін для нас. Мы ўсё яшчэ баімся. Баімся схапіць за руку вандалаў, якія пэрыядычна апаганьваюць мэмарыял у Курапатах. Баімся лішні раз прыйсьці туды – нават на Дзяды, ускласьці кветкі перад тэлекамэрамі. Толькі не кіношнікаў, а спэцслужбаў.

Адзінота “Настасьсі Слуцкай”

Але вернемся пакуль да тэмы кінафэстывалю. Апрача ізраільскага кінэматографу, на ім прадстаўленыя фільмы яшчэ каля сарака краінаў. Сярод іх Беларусь, Іран, Паўднёвая Карэя, Партугалія, Польшча, Чэхія, Швэцыя, ну, і, канечне, Расея. У фэстывалі ўдзельнічае фільм выдатнага кінарэжысэра Аляксандра Сакурава “Аляксандра” з Галінай Вішнеўскай у галоўнай ролі.

І на тле гэтага сьвята кіно ходзяць чуткі, што сёлетні “Лістапад”, магчыма, апошні. Ці адзін з апошніх. І ў гэтых чутак ёсьць свае падставы.

Калі фэстываль нараджаўся 13 гадоў таму з ініцыятывы Саюзу кінематаграфістаў Беларусі, меркавалася, што на “Лістападзе” ня будзе прафэсійнага журы і фармальных прызоў. Бо на суд гледачоў будуць выстаўляцца карціны, якія ўжо заваявалі іх на іншых фэстывалях.

“Лістапад” задумваўся, найперш, як чыста глядацкі фэстываль. У гэтым была яго адметнасьць.

Аднак прызу глядацкіх сымпатыяў хутка быў нададзены статус “гран-пры” фэстывалю, а ў 2002 годзе зьявіўся адмысловы “Прыз Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” – за ўклад у духоўнае разьвіцьцё… Расла колькасьць сузаснавальнікаў – Мінкульт, Менгарвыканкам, Нацыянальная дзяржтэлерадыёкампанія, кінастудыя “Беларусьфільм”. Колькасьць адмысловых прызоў пераваліла за дваццаць. Іх амаль столькі, колькі ўдзельнікаў конкурсу. Цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця (часам пры асабістым удзеле кіраўніка дзяржавы) станавіліся ўсё больш урачыстымі, а прызы і падарункі ад спонсараў – усё больш каштоўнымі. І пры ўсім пры тым успомніць фільмы, якія за трынаццаць гадоў былі ня толькі адзначаныя прызамі, але сталі сапраўднай падзеяй у кіно, даволі цяжка. Безумоўна, засталіся “Брат” Аляксея Балабанава (гран-пры 1997 году), “Краіна глухіх” Валер’я Тадароўскага (1998), “Зязюля” Аляксандра Рагожкіна (2002)… Але ж усе іх у Менску паказвалі не ўпершыню, і ня тут яны былі адкрытыя.

Апошнім часам расейкія майстры кінэматографу ўсё меней ахвотна ўдзельнічаюць у конкурсным паказе “Лістапада”. Паказальная гісторыя здарылася сёлета зь фільмам Кіры Муратавай “Два ў адным”. Адкульсьці пайшла пагалоска, што аргкамітэт адмовіўся ад гэтай стужкі праз эпізод, у якім паказваюць даўгі ўрывак навагодняга прывітаньня Лукашэнкі, а галоўны герой напіваецца і захапляецца: “В-в-в-и-и дный мужчина”. Арганізатары запэўнілі, што ім проста не прыслалі копіі фільму. А калі б атрымалі – ён абавязкова б удзельнічаў у фэстывалі. Праўда, адзін з арганізатараў удакладніў: “калі б там не было нейкіх спрэчных момантаў”.

Але самае галоўнае – за ўсе гады існаваньня фэстывалю толькі адна карціна, зробленая на “Беларусьфільме”, мела посьпех на “Лістападзе”. Гэта “Настасься Слуцкая”, якая выйшла на экраны ў 2003 годзе. Колькі б ні было крытыкі альбо кпінаў на адрас гэтай кінастужкі, пастаўленай Юр’ем Елхавым паводле матываў старадаўняй гісторыі, яна заваявала свайго гледача. І ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах сьвету.

І на гэтым усё. Калі, зразумела, не лічыць сур’ёзным дасягненьнем спэцпрызы і дыплёмы МУС, якімі гэтае міністэрства асыпала дзесяць гадоў таму “Бег ад сьмерці” паводле сцэнара Мікалая Чаргінца. Справа, зразумела, не ў адборы фільмаў на конкурс, а ў тым, што нацыянальны кінэматограф у краіне амаль што цалкам страціў свой зьмест і ня можа паказаць сьвету нічога вартага ўвагі.

Надзвычай важным падаецца, каб фільм “Катынь” змаглі ўбачыць і беларускія гледачы.

“Катынь”

У беларускай літаратуры да тэмы Курапатаў спрабавалі падступіцца Васіль Быкаў, можа быць, яшчэ нехта зь беларускіх пісьменьнікаў. У тэатральным мастацтве, тым больш у кінэматографе не было нават спробаў.

Чужы досьвед, “чужыя” трагедыі, вядома, не заўсёды могуць дапамагчы. Але не заўважаць яго нельга. На мой погляд, сёлетні фэстываль “Лістапад” мог бы стаць падзеяй толькі ў адным выпадку – калі б у Менску паказалі ўсяго адзін замежны фільм: “Катынь” Анджэя Вайды. Між іншым, нічога неймавернага ў гэтым не было б. На фэстываль прысылаюць фільмы ня толькі з краінаў СНД, але зь Літвы, Латвіі, тае самае Польшчы. Ёсьць яны й сёлета.

Але фільм “Катынь” – асаблівы выпадак.

Прэм’ера яго ў Варшаве адбылася сёлета 17 верасьня.

29 кастрычніка, калі ў Менску адбывалася традыцыйнае шэсьце ў Курапаты, неафіцыйная прэм’ера фільму адбылася і ў Маскве. Ня варта паўтараць за польскімі і расейскімі журналістамі, што новы фільм Вайды – шэдэўр. Для пачатку, каб ацаніць гэты твор, яго трэба паглядзець.

Варта нагадаць толькі, што Вайда – аўтар такіх прызнаных шэдэўраў сусьветнага кіно, як “Попел і дыямэнт”, “Чалавек з мармуру”, “Чалавек з жалеза” (галоўная прэмія кінафэстывалю ў Канах, 1981), “Пан Тадэвуш” і многіх іншых фільмаў і экранізацыяў.

Магчыма, “Катынь” – галоўны фільм ягонага жыцьця. 81-гадовы мастак прызнаўся ў адным зь інтэрвію, што гэтую карціну ён павінен быў вынасіць у сабе і набрацца сьмеласьці яе ставіць.

У верасьні 1939 году, калі Сталін і Гітлер падзялілі паміж сабой Польшчу, на тэрыторыі СССР, ад чвэрці да паўмільёна польскіх грамадзянаў трапіла ў савецкія канцлягеры.

Як сьведчаць дакумэнты, у сакавіку 1940 году Лаўрэнці Бэрыя прапанаваў Палітбюро ЦК ВКПБ разгледзець “справы ваеннапалонных, якія знаходзяцца ў лягерах — 14700 чалавек былых польскіх афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, паліцыянтаў, разьведчыкаў, жандараў, асаднікаў і турэмшчыкаў, а таксама справы аб арыштаваных і перабываючых у турмах заходніх вобласьцяў Украіны і Беларусі ў колькасьці 11000 чалавек сяброў розных к-р шпіёнскіх і дывэрсійных арганізацыяў, былых памешчыкаў, фабрыкантаў, былых польскіх афіцэраў, чыноўнікаў і перабежчыкаў — разгледзець у асобым парадку, з ужываньнем да іх вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу”.

У красавіку таго ж году рашэньне было выкананае. Паводле запіскі старшыні КДБ Шэлепіна на імя Хрушчова, у Катынскім лесе НКВД забіла 4241 чалавек, у Старабельскім лягеры каля Харкава – 3820, у Асташкаўскім лягеры 6311, у лягерах і турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны – 7305. Усяго – 21857 чалавек.

У Катыні, як бачым, была расстраляная меншая частка палонных палякаў. Але гэтая назва стала найбольш вядомай, бо менавіта ў Катыні ў лютым 1943 году нямецкія акупанты знайшлі масавыя пахаваньні і ўпершыню правялі эксгумацыю трупаў і экспэртызу.

Гітлераўская прапаганда, зразумела, выкарыстала факт расстрэлаў НКВД ў сваіх мэтах. Гэтак жа і савецкая прапаганда пазьней спрабавала ўскласьці віну на немцаў.

Толькі ў 1990 годзе, на просьбу Ярузельскага, партыйнае кіраўніцтва СССР даручыла Галоўнай вайсковай пракуратуры правесці сьледзтва. Некаторыя высновы яго ўвайшлі ў сакрэтны пакет дакумэнтаў, які прэзыдэнт СССР Гарбачоў перадаў Ельцыну, а той – польскаму кіраўніцтву.

Палякі ўскладалі вялікае спадзяваньне на гэтае сьледзтва, але ў 2004 годзе Галоўная вайсковая пракуратура Расеі спыніла яго і адмовілася прызнаць факт генацыду. Пры гэтым са 183 тамоў справы палякам перадалі толькі 67. Бо астатнія, паводле пракуратуры, утрымліваюць дзяржаўную таямніцу.

У Польшчы працягваецца сваё расьсьледваньне пры падтрымцы Інстытуту нацыянальнай памяці. Следчыя маюць намер апытаць каля 10000 чалавек, крэўных і нашчадкаў расстраляных у Катыні і іншых мясьцінах.

У Расеі тым часам павялічваецца колькасьць публікацыяў і “публіцыстычных” праграмаў (напрыклад, на канале ТВЦ), аўтары якіх спрабуюць даводзіць, быццам польскіх ваеннапалонных расстрэльвалі гітлераўцы. Гэтак жа сама некаторыя камуністы ў Беларусі нядаўна даводзілі, што ў Курапатах расстрэльвалі не беларусаў і палякаў, а габрэяў, вывезеных зь Нямеччыны. І не НКВД, а немцы падчас вайны…

Зразумела, фільм Анджэя Вайды ня можа даць адказу на пытаньні сьледзтва. Гэта спроба мастацкага асэнсаваньня нацыянальнай трагедыі. Сярод расстраляных палякаў была эліта сваёй краіны, самыя адукаваныя, цьвет інтэлігенцыі, афіцэрства, бізнэсу і ўрадоўцаў. І за што? Яны нават не ваявалі з саветамі… Сярод іх быў і бацька Вайды.

Такое асэнсаваньне рана ці позна павінна адбыцца і ў Беларусі. Надзвычай важным падаецца, каб фільм “Катынь” змаглі ўбачыць і беларускія гледачы. Ясна, што ў цяперашніх умовах гэта будзе зрабіць вельмі няпроста. Але думаецца, многае залежыць ад настойлівасьці супрацоўнікаў пасольства Польшчы і Інстытуту польскай культуры ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?